Лунінецка-германскія сустрэчы
29 мая 2018, 15:42

Лунінецка-германскія сустрэчы

Чаму не “беларуска-германскія”, а “лунінецка-германскія”? Такім загалоўкам хацелася падкрэсліць удзел менавіта нашых землякоў у некалькіх цікавых навуковых і літаратурных імпрэзах, што звязаны з германскай тэмай.
Поделиться

У маі 2018 года ў Лунінецкай раённай бібліятэцы адбылося выступленне вядомага гсторыка з Масквы Аляксандра Чароміна. У Лунінцы ён не першы раз, а ў гэты прыезд прадставіў сваю новую кнігу “Брест. История приграничного города (Х-ХХI века)”.

На думку аўтара, Брэст існаваў задоўга да “афіцыйнага” прыгадвання ў пісьмовых крыніцах пад 1019 годам. Гэта здаўна быў важны гандлёвы, транспартны і культурны цэнтр. Горад шмат разоў пераходзіў з рук у рукі — у розныя часы ён належаў 21 дзяржаве. А.Чаромін піша сярод іншага пра гісторыю горада ў часы Першай і Другой сусветных войн, распавядае пра перамовы 1917-1918 года, якія завяршыліся падпісаннем Брэсцкай мірнай дамовы паміж Германіяй (з яе саюзнікамі), Савецкай Расіяй і Украінскай народнай рэспублікай.

Аляксандр Чаромін

Праз некалькі дзён пасля згаданай прэзентацыі ў Брэсце прайшла IV міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання”. Яна была прысвечана не толькі будучаму 1000-годдзю Брэста, але і 100-годдзю Брэсцкага міра. Да канферэнцыі былі разгорнуты вялікія тэматычныя кніжныя выставы, у тым ліку і “Брэсцкі мір”..

На канферэнцыю падалі заяўкі каля 60 даследчыкаў, якія прадстаўлялі Беларусь, Украіну, Расію і Польшчу. Сярод іншых з дакладамі выступілі лунінецкія гісторыкі Вадзім Жылко і Васіль Туміловіч.

А яшчэ праз пару дзён у Лунінец завітаў вядомы брэсцкі германіст, літаратар і перакладчык Яўген Бяласін. У раённай бібліятэцы прайшла творчая вечарына з ягоным удзелам.

Яўген Бяласін ужо не ўпершыню выступаў у Лунінцы. Нарадзіўся будучы літаратар у 1954 годзе ў Свіслацкім раёне, скончыў Мінскі інстытут замежных моваў. Шмат гадоў выкладаў у Брэсцкім педагагічным інстытуце, з 2001 года — незалежны германіст. Пераклаў на беларускую мову творы Шылера, Гейнэ, Фрэйда, Дыкенса і многіх іншых аўтараў, разам з Л.Баршчэўскім стварыў кароткую граматыку нямецкай мовы. Мае і некалькі ўласных кніжак прозы і публіцыстыкі. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Госць падзяліўся развагамі пра жыццё і творчасць, чытаў свае пераклады — Шылера на беларускую мову, Янкі Купалы — на нямецкую. 

У рамках сустрэчы прайшла таксама прэзентацыя абласнога літаратурнага альманаха “Жырандоля №9”, дзе прадстаўлены і творы лунінецкіх аўтараў, і пераклады берасцейскага германіста.

Як бачым, сустрэчы сапраўды былі “лунінецка-германскімі”. Ці, дакладней, “лунінецка-брэсцка-германскімі”…

Берасцейскія кнігазборы