Ацяпляльны сезон ужо не за гарамі

Ацяпляльны сезон ужо не за гарамі

Пры складанні плана падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезону 2019-2020 г.г. былі ўлічаны агрэхі і станоўчыя бакі папярэдняга года.

Пасля правядзення чарговых выпрабаванняў у асноўным ухілены ўсе парывы цеплавых сетак. Каб не было зрываў з цеплазабеспячэннем зімой, ужо сёння вядзецца прафілактычны рамонт і замена абсталявання, трубапровадаў цеплавых сетак, сістэм ацяплення і гарачага водазабеспячэння, запорнай арматуры. Важныя моманты: гідраўлічныя выпрабаванні і прамыўка квартальных і ўнутрыдамавых сістэм, паверка кантрольна-вымяральных прыбораў. Мерапрыемствы па энергазабеспячэнні немагчыма ўявіць без аўтаматычных рэгулятараў тэмпературы, без уцяплення дахаў, дзвярэй, падвалаў.

Спажыўцы, якія карыстаюцца сеткавай вадой на патрэбы ацяплення і гарачага водазабеспячэння, вядуць рамонт цеплавой ізаляцыі на цеплапровадах і выконваюць іншыя работы па змяншэнню страт цеплавой энергіі.

Між тым, многія не спяшаюцца правесці работы своечасова, згодна з графікам падрыхтоўкі да ацяпляльнага перыяду 2019-2020 гадоў, дзе кожнай юрыдычнай асобе вызначаецца пэўная дата, да якой павінна быць падрыхтавана яе гаспадарка.

Энэргагазнагляд Лунінецкага раёна яшчэ раз заклікае як юрыдычных, так і фізічных асоб выконваць падрыхтоўчыя работы своечасова і прытрымлівацца народнай мудрасці: рыхтуй сані ўлетку, а воз зімой.

І.Кулеш, інспектар Лунінецкай РЭГІ