Як дзве хвалі каронавіруса паўплывалі на працу ў розных прафесіях
31 марта, 13:47

Як дзве хвалі каронавіруса паўплывалі на працу ў розных прафесіях

Як паўплывалі першая і другая хвалі каронавіруса на працу людзей у розных сферах? Якія выклікі і праблемы з’явіліся? Ці знайшліся шляхі вырашэння? Пра гэта нашы калегі з Маладэчна паразмаўлялі з жыхарамі свайго рэгіёна.
Поделиться

Ларыса, настаўніца: «Працуем у масках, адмянілі экскурсіі»

Ларыса працуе настаўніцай у адной са школ Маладзечанскага раёна. Кажа, каронавірус паўплываў на працу педагогаў як падчас першай хвалі, так і падчас другой:

— Яшчэ на пачатку першай хвалі была запланаваная экскурсія з вучнямі. З-за пандэміі прыйшлося адмяніць. З таго часу і да сёння экскурсіі не аднаўлялі. У мінулым навучальным годзе некаторыя вучні не наведвалі школу, вучыліся дома ўсю апошнюю чвэрць. Ужо тады былі першыя выпадкі хваробы сярод настаўнікаў.

Увосень новы навучальны год пачалі, як звычайна. Цяпер усе вучні наведваюць школу, дома ніхто не навучаецца. Але ў лістападзе і снежні вучні пачалі масава хварэць. Падчас другой хвалі на кавід хварэлі таксама і настаўнікі. Ніякага каранціну не ўводзілі. Настаўнікі працуюць у масках. Метадычныя нарады праходзяць анлайн. Агульнашкольныя мерапрыемствы не праводзім. А настаўніцкі калектыў працуе ў звычайным рэжыме.

Алена Крэйніс, гаспадыня прытулку для жывёл: «Даглядалі сабак, гаспадары якіх хварэлі»

Ужо некалькі год Алена з мужам Ігарам трымаюць прытулак для жывёл у Валожынскім раёне. Алена кажа, што другая хваля на дзейнасці прытулку практычна ніяк не адбілася. А вось падчас першай хвалі здарыўся такі выпадак:

— У нас на ператрымцы былі сабакі з Мінска, у гаспадароў якіх медыкі падазравалі каронавірус. Пакуль рабіліся тэсты, людзі сышлі на самаізаляцыю. Сталі актыўна шукаць ператрымку для сваіх сабак, бо прадбачылі шпіталізацыю. Усе, каму тэлефанавалі, адмаўляліся. Хаця сабакі не з’яўляюцца перанос­чыкам хваробы і самі не хварэюць.

Па словах Алены, ім гаспадары тэлефанавалі ў роспачы, літаральна са слязьмі. У выніку Крэйнісы забралі двух пародзістых сабак. У прытулку на Валожыншчыне сталічныя гадаванцы былі тры тыдні. У выніку дыягназ пацвердзіўся ў трох членаў з сям’і гаспадароў: бацькоў і аднаго з дваіх дзяцей.

— Пасля хваробы гаспадары самі прыяз­джалі забіраць гадаванцаў, расказвалі пра ўсю сур’ёзнасць віруса, папярэджвалі нас, каб бераглі сябе. Ну, і дзякавалі, канешне, — дзеліцца Алена.

Ларыса, вядучая святаў: «Урачыстасці часам адмяняюць, але я не губляю аптымізму»

Вядучая святаў, скрыпачка Ларыса з Маладзечна, адкрыла сваю справу незадоўга да пачатку першай хвалі. Паспяхова правяла навагоднія карпаратывы і…

— Вось у мяне адкрытае ІП, ёсць апаратура і жаданне працаваць. А тут — каронавірус. Але я не пашкадавала, што пачала сваю справу. Вясна для вядучых заўсёды не вельмі актыўная. З задавальненнем бавіла час з сям’ёй, зай­малася творчасцю. Ведала: у мяне яшчэ ўсё наперадзе. І сапраўды, летам людзі, якія з-за каронавіруса адкладалі вяселлі і юбілеі, пачалі іх спраўляць, — дзеліцца з карэспандэнтам Ларыса.

Адзначае, што падчас другой хвалі навагоднія карпаратывы былі нешматлікія, але працы ўсё роўна хапала. Бліжэй да канца зімы актывізаваліся жаніхі з нявестамі. Цяпер яны плануюць вяселлі на вясну і лета, цікавяцца паслугамі, заключаюць дамовы. Усе спадзяюцца на лепшае, адзначае Ларыса. Тым больш, многія з тых, хто звяртаецца, ужо перахварэлі цэлымі сем’ямі.

Ёсць тэндэнцыя скарачэння гасцей на ўрачыстасці. Здараецца, што запланаванае свята ўвогуле адмяняюць з-за хваробы юбіляра або каго-небудзь з гасцей.

— Але ў цэлым я настроеная аптымістычна. Не губляю часу: пашыраю рэпертуар, рыхтую цікавую праграму да новага сезона.

Марыя, сеткавы менеджар: «Бізнес ратуюць драўляныя цацкі»

Марыя працуе дома. Як сеткавы менеджар прадае праз інтэрнэт драўляныя вырабы ад адной расійскай фабрыкі.

— Нам не пашанцавала, бо наш галоўны прадукт — турыстычны сувенір, — пачынае Марыя. — У першую хвалю продажы абваліліся, і адразу было вельмі цяжка. Але мы надалі больш увагі сваёй лінейцы цацак і пачалі спрабаваць новыя варыянты продажу — праз інтэрнэт-пляцоўкі. Драў­­­ляныя цацкі робім і прадаём самыя розныя: ад экалагічных лялек да сортэраў, што ствараюцца па сістэме італьянскага доктара і педагога Марыі Мантэсоры.

Да другой хвалі кампанія падышла ўжо з набытым досведам:

— Таму спакойна працягвалі працу, уносячы карэктывы па неабходнасці. Свет ужо крыху прывык да новых абставін, таму стала лягчэй дамаўляцца па лагістыцы і тэрмінах. Працягнулі развіваць новыя напрамкі, якія намацалі яшчэ ў першую хвалю. Па-ранейшаму больш увагі надаём вытворчасці цацак, акрамя звычайнай працы з оптам разгарнуліся на гандлёвых пляцоўках у інтэрнэце. Усё яшчэ не проста, але вельмі цікава адказваць на выклікі часу.

Аксана Ярашонак, «РГ»

 

Эксперты расказалі, як каронавірус уплывае на псіхіку і жаночае здароўе

Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя падчас зум-канферэнцыі для журналістаў расказалі пра тое, як вірус уплывае на псіхічны стан і жаночае здароўе.

Па словах доктара, каардынатара праграм па грамадскай ахове здароўя офіса СААЗ у Беларусі Валянціна Русовіча, уплыў каронавіруса на псіхічнае здароўе людзей праяўляецца ў наступным:

  • страх захварэць і памерці;
  • страх заразіцца падчас звароту да дактароў і як вынік — людзі не звяртаюцца да медыкаў;
  • адчуванне бездапаможнасці ў абароне блізкіх і страх іх страціць;
  • успрыманне сімптомаў іншых хвароб за сімптомы каронавіруса;
  • павелічэнне ўжывання алкаголю, псіхаактыўных рэчываў.

Як абараніць сваё псіхічнае здароўе?

  • Прызнаць негатыўныя эмоцыі;
  • быць на сувязі з сябрамі і сям’ёй;• падтрымліваць здаровы лад жыцця — правільнае харчаванне, фізічныя практыкаванні, адмовіцца ад курэння і алкаголю ці хаця б скараціць іх ужыванне;
  • атрымліваць інфармацыю пра дзеянні і меры засцярогі з надзейных крыніц, на пэўны час скараціць чытанне кепскіх навін.

Доктар Мэры Элунед Гафілд з Дэпартамента сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя і даследаванняў СААЗ адзначыла, што не варта зніжаць узровень кансультавання па пытаннях цяжарнасці і планавання сям’і, а па магчымасці перавесці кансультацыі ў анлайн-фармат.

Па яе словах, у пандэмію на 10% знізіўся ахоп паслуг для жанчын падчас цяжарнасці і паслуг для нованароджаных. Па ацэнках СААЗ, з пандэміяй у статыстыку дадалося 28 тысяч мацярынскіх смерцяў і 168 тысяч смерцяў немаўлят.

З’явіліся парушэнні ў паслугах па планаванні сям’і. Па ацэнках СААЗ, гэта праявілася ў мільёнах незапланаваных цяжарнасцяў.

Што павінны рабіць мы, а што — сістэма аховы здароўя

Спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ у Беларусі доктар Масурд Дара расказаў пра тое, якія санітарныя меры падчас пандэміі каронавіруса павінна прымаць сістэма аховы здароўя, а якія – мы з вамі.

Санітарныя мерапрыемствы, агучаныя экспертам, вядомыя большасці з нас. Гэта:

  • гігіена рук;
  • рэспіраторная гігіена;
  • фізічная дыстанцыянаванне;
  • скарачэнне перасоўванняў, аддаленая праца, лічбавыя зносіны;
  • рэгулярная ачыстка і дэзынфекцыя навакольнага асяроддзя;
  • ранняе выяўленне хвароб.

Як павінна рэагаваць сістэма аховы здароўя на выклікі COVID-19? Масурд Дара адзначае наступныя пункты:

  • надзейная сістэма нагляду;
  • развітая лабараторная сетка, стратэгіі хуткага і эфектыўнага тэставання;
  • абарона і падтрымка медыкаў, ахова іх псіхічнага здароўя;
  • якасная клінічная дапамога, назіранне дома, інтэнсіўная тэрапія;
  • вакцынацыя;
  • камунікацыі і абазнанасць грамадскасці;
  • вялікая ўвага да фактараў, якія абумоўліваюць высокую смяротнасць;
  • падрыхтаванасць да наступнай або спадарожнай пандэміі.

Аксана Ярашонак, «РГ»

 

Як зберагчы здароўе дзякуючы харчаванню

Падчас пандэміі COVID-19 вельмі важна харчавацца здаровай ежай. Рацыён можа ўплываць на здольнасць арганізма супраць­стаяць інфекцыі, змагацца з ёй і аднаўляцца ў выпадку перанесенай хваробы.

Сама па сабе ежа і харчовыя дадаткі не могуць абараніць ад COVID-19 або вылечыць захворванне. Але здаровае харчаванне неабходнае для падтрымання функцый імуннай сістэмы. Акрамя таго, збалансаваны рацыён дазваляе зменшыць верагоднасць узнікнення іншых расстройстваў, у тым ліку атлусценне, захворванні сэрца, дыябет і некаторыя віды раку.

Здаровае харчаванне для дзяцей груднога ўзросту — гэта выключна грудное малако ў першыя шэсць месяцаў з паступовым увядзеннем бяспечных харчовых прадуктаў у дадатак да матчынага малака з шасці месяцаў да двух гадоў і больш. Дзецям ранняга ўзросту здаровае і збалансаванае харчаванне неабходнае для росту і развіцця арганізма.

Ешце разнастайна,у тым ліку садавіну і гародніну

  • Кожны дзень варта ўжываць у ежу сумесь з натуральных злакаў — такіх, як пшаніца, кукуруза і рыс. Бабовыя, напрыклад, сачавіцу і фасолю. Дастатковую колькасць свежых садавіны і агародніны і прадукты жывёльнага паходжання, напрыклад, мяса, рыбу, яйкі і малако.
  • Па магчымасці неабходна выбіраць крупы з неапрацаваных зярнят, напрыклад, з кукурузы, проса, аўса, пшаніцы і бурага рысу. Яны багатыя каштоўнай клятчаткай і спрыяюць доўгаму захаванню пачуцця сытасці.
  • Для перакусу на працягу дня падыдуць свежыя гародніна, садавіна і несалёныя арэхі.

Менш солі

  • Варта абмежаваць спажыванне солі да пяці грамаў у дзень. Гэта адна чайная лыжка.
  • Не перасольвайце гатовыя стравы і ежу ў час прыгатавання. Старайцеся радзей выкарыстоўваць салёныя соусы і прыправы, напрыклад, соевы соус, рыбны соус ці соус на аснове булёну.
  • Калі ўжываеце ў ежу кансервы або сушаную прадукцыю, старайцеся выбіраць прыгатаваную з гародніны, арэхаў або садавіны без солі або цукру.
  • Прыбярыце са стала сальніцу і паспрабуйце дадаваць для смаку свежую або сушаную зеляніну і спецыі.
  • Правярайце ўтрыманне солі ў набытай прадукцыі і аддавайце перавагу ежы з нізкім утрыманнем натрыю.

Менш тлушчу

  • Гатуючы ежу, аддавайце перавагу аліўкаваму, соеваму, сланечнікаваму або кукурузнаму алею.
  • Аддавайце перавагу белым гатункам мяса, напрыклад, мясу птушкі і рыбы. Утрыманне тлушчу ў іх звычайна ніжэйшае, чым у мясе чырвоных гатункаў. Зразайце з мяса тлушчавую праслойку і старайцеся пазбягаць ужывання мясных паўфабрыкатаў.
  • Малако і малочныя прадукты павінны быць абястлушчанымі або з паніжаным утрыманнем тлушчу.
  • Пазбягайце выпечкі, смажаных і перапрацаваных прадуктаў, у якіх ёсць транстлушчы прамысловай вытворчасці.
  • Імкніцеся гатаваць ежу на пары або варыць, а не смажыць.

Менш цукру

  • Паспрабуйце абмежаваць спажыванне ласункаў, а таксама салодкіх напояў, напрыклад, газіраванай вады, фруктовых сокаў і напояў на аснове соку.
  • Замест прысмакаў — такіх, як печыва, тарты і шакалад, выбірайце свежую садавіну. Калі вы ўсё ж аддаяце перавагу дэсертам, варта падбіраць такія, у якіх няшмат цукру, і есці невялікімі порцыямі.
  • Менш карміце дзяцей прадуктамі з цукрам. Соль і цукар не варта дадаваць у прыкорм для дзяцей да двух гадоў.

Больш вады

Для аптымальнага функцыянавання арганізма неабходна сачыць за дастатковым паступленнем вадкасці. Вада з-пад крана, калі яна бяспечная для піцця і даступная, з’яўляецца самым патрэбным і недарагім напоем.

Паводле паведамлення Сусветнай арганізацыі аховы здароўя