У першую чаргу дапамажыце сабе
06 июня, 17:53

У першую чаргу дапамажыце сабе

Заплюшчыце вочы і зрабіце ўдых… Затрымайце дыханне. Так, спачатку зрабі, і пойдзем далей… Што адчувалі? Лёгкі неспакой? Ці нялёгкі? Ці наадварот – поўная гармонія з сабой? Калі апошняе – віншую, гэтаму пачуццю можна пазайздросціць. Вы шчаслівы чалавек, якому жадаю захаваць гэтае пачуццё і не адхіляцца ад яго. А што, калі яго, спакою, няма?
Поделиться

Эмацыянальныя арэлі. Жаданне збегчы ў свой маленькі ўнутраны свет, у якім, калі нават раней здавалася не надта ўтульна, зараз – лепш за ўсё. Толькі б заставацца ў ім, не глядзець навокал, упасці ў інфармацыйны вакуум. Знаёма?

Чаму так адбываецца з намі? Псіхолагі сцвярджаюць, што кожнаму з нас характэрна ідэнтыфікацыя – мы, незаўважаючы, ставім сябе на месца іншых, такім чынам, унутрана адгукаемся на ўсё, што адбываецца. І чым больш інфармацыі, тым больш раскачваюцца нашыя арэлі. Мы падсвядома пераносім навіну на сябе, губляемся, спачуваем і ня ведаем часам: а як жыць асабіста нам? Як дапамагчы таму, таму, іншаму, усяму свету?

У першую чаргу трэба дапамагчы сабе. Уявіце сітуацыю, калі б кожны чалавек, так бы мовіць, маральна ўдзельнічаў ва ўсім негатыве? З нас бы нічога не засталося. Маральна мільёны чалавек былі б знішчаны канчаткова. Мы б больш не змаглі працаваць, гадаваць дзяцей, дапамагаць адно аднаму. Таму калі вы чытаеце навіны і кажаце  “Я больш не магу” – спыніцеся. Гэта спрацавала ваша ўнутраная абарона. Там мяжа і псіхікі, якая абараняе наш эмацыйны стан ад перагрузкі. Калі адчулі сігнал – закрывайце стужкі навін, сацыяльныя сеткі, вушы, вочы… Ідзіце “ў лес”. Дайце псіхіцы “астудзіцца”. У гэтыя моманты, калі эмпатыя, злосць, несправядлівасць і шмат іншае неапісальнае ў адзін момант бушуюць у вас, задайце сабе эгаістычнае пытанне: чым я зараз магу дапамагчы?

І ў першую чаргу дапамажыце сабе. Выратуйцеся з вогнішча, у якім бязлітасна гарыць ваша псіхіка. Адцягніце ўвагу, выпіце кавы, паглядзіце кіно. І так, вам будзе здавацца, што нельга сабе дазваляць радасці жыцця, пакуль навокал, напрыклад, радасці няшмат і ёсць людзі, з якімі трэба быць салідарнымі. Сіндром “выжевшего” – кажуць псіхолагі. Мы забараняем сабе жыць сваім рэальным жыццём і быццам бы нельга адпачнуць маральна. Памятайце: можна. І патрэбна. Бо толькі са здаровым розумам мы можам дапамагаць іншым. Толькі са здаровай псіхікай мы будзем патрэбныя адно аднаму.

Адцягвацца – нармальна. Інакш самі таго не заўважаючы, мы разам з’едзем з глузду. Добрых навін таксама шмат? Вы расплюшчылі вочы, убачылі дзень, бэз цвіце, дзеці гуляюць. Так, і неба над галавой… Чыстае. Як кажуць, ад прыватнага да агульнага. Дык вось, рабіце спакой у прыватным. Пашукайце, чаму можна радавацца? Якія думкі прыносяць супакаенне? Вось пра іх і думайце.
Заплюшчыце вочы і зрабіце ўдых… Што адчуваеце? Лёгкі спакой? Ці нялёгкі? Ці ўсё яшчэ трывога і бяссілле?

Раю вам дамагчыся ўнутранага спакою. Беражыце сваю псіхіку! Дарэчы, гэта такая ж важная сістэма арганізма, як і сасудзістая, і страўнікавая, але мы яе вельмі недаацэньваем. Бывайце здаровымі!