«Каласавіны» прайшлі ў Лунінецкай раённай бібліятэцы

«Каласавіны» прайшлі ў Лунінецкай раённай бібліятэцы

08 ноября 2021, 11:15
196
З пачатку 1990-х гадоў на Лунінеччыне штогод ладзяцца святы ў гонар Якуба Коласа.

Фота з сайта ЛРЦБС

Будучы народны паэт Беларусі жыў у Лунінцы ў 1911-1912 гадах, наведваў наш край (Сінкевічы, Мікашэвіч) у 1947 годзе. У 2005 годзе ў Лунінцы яму быў адкрыты помнік.

Як паведамляе сайт ЛРЦБС, днямі ў Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў літаратурны вечар “Пясняр зямлі беларускай”.

На вечарыну завіталі ўдзельнікі аб’яднання «Краязнаўства», першакруснікі політэхнічнага каледжа на чале з выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Галінай Антановіч.

Вядучая вечарыны Наталля Кіпцэвіч нагадала гасцям пра жыццё і творчасць беларускага класіка, зачытала выказванні іншых літаратараў пра Якуба Коласа, распавяла пра цікавыя факты з жыцця пісьменніка. Быў паказаны фільм “У пошуках новай зямлі…”

Галіна Антановіч распавяла прысутным пра літаратурна-этнаграфічны музей Якуба Коласа ў аграгарадку Люсіна Ганцавіцкага раёна, дзе яна пабывала. Будучы класік беларускай літаратуры жыў у Люсіне ў 1902-1904 гадах пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі.

Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з кніжнай выставай “Пясняр зямлі беларускай”.