Даследчык, які пісаў пра Лунінеччыну, пра Дзятлавічы…

Даследчык, які пісаў пра Лунінеччыну, пра Дзятлавічы…

12 ноября 2021, 11:13
160
Новая кніга на нашай краязнаўчай паліцы.

У мінскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшла кніга “Атлантыда палескай гісторыі Аляксандра Ільіна”, прысвечаная вядомаму гісторыку і краязнаўцу. Аляксандр Львовіч Ільін (1956-2020) нарадзіўся ва Украіне, але большую частку жыцця правёў у Беларусі. Па прафесіі выкладчык матэматыкі, кандыдат навук, ён плённа займаўся гістарычнымі даследаваннямі, надрукаваў дзясяткі кніг і сотні артыкулаў, звязаных з гісторыяй Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы.

Першую частку кнігі складаюць успаміны пра Аляксандра Ільіна дваццаці вядомых навукоўцаў, літаратараў, краязнаўцаў. Многія са згаданых тэкстаў у маі 2021 года прагучалі ў час мемарыяльнай вечарыны і круглага стала ў Палескім ўніверсітэце ў Пінску. У гэтым раздзеле кнігі змешчаны сярод іншых артыкул Вадзіма Жылко “Аляксандр Ільін: “Лунінецкія старонкі творчасці” і фрагмент з артыкула Святаслава Яначкіна “Памяти Александра Ильина, учёного и краеведа”.

Аляксандр Ільін быў сябрам Лунінецкага краязнаўчага таварыства, не аднойчы ўдзельнічаў у Лунінецкіх краязнаўчых чытаннях і іншых імпрэзах, друкаваўся на старонках газеты “Информ-прогулка”, у альманаху “Лунінецкі сшытак”. Адну з яго брашур выдала ў свой час Лунінецкая цэнтральная бібліятэка. Так што “лунінецкая тэма” (дакладней — тэмы) былі важнай старонкай творчасці даследчыка. У тым ліку ён вельмі плённа даследаваў гісторыю Дзяцелавіцкага манастыра, пісаў пра творчых асоб, звязаных у свой час з Лунінеччынай.

Большую частку 290-старонкавага выдання займаюць артыкулы і фрагменты даследаванняў Аляксандра Ільіна, яго перапіска з вядомымі навукоўцамі і літаратарамі розных краін. Пад адной вокладкай тэксты сабрала культуролаг і паэтка Алена Ігнацюк — жонка і калега Аляксандра Ільіна. Яна ж напісала некалькі пранікнёных эсэ і артыкулаў пра яго, прысвяціла яму паэтычны цыкл “Такі, як неба”, таксама змешчаны ў кнізе.