Цягнікі часу

Цягнікі часу

30 ноября 2021, 10:45
Автор:
211
Сваё эсэ даслала наша чытачка Вольга Лугавая з Лунінца.
Максім Багдановіч

Амаль штодзень з акна сваёй кватэры бачу такі малюнак: вуліца, гаражы з шэра-сінімі дахамі, за гаражамі — чыгунка. Адны цягнікі ідуць у горад, другія — з горада. З кватэры добра чуваць і грукат вагонных калёс, і паравозныя гудкі. Мне падабаецца назіраць за цягнікамі. Яны то звіваюцца, набіраючы хуткасць, і імчаць сваіх пасажыраў кудысьці ў Пінск ці ў Брэст, то запавольваюць бег, пад’язджаючы да станцыі Лунінец. За лініяй чыгункі, за «паласой адчужэння» разгортваецца поле, а далёка за полем «цямнее край зубчаты бору». Колькі разоў спрабавала па-іншаму сказаць пра той лес, што за полем, але каб так прыгожа і трапна — не выходзіць! І я зноў паўтараю: «Цямнее край зубчаты бору» і ўзгадваю аўтара гэтых слоў Максіма Багдановіча.

Апошнія месяцы свайго кароткага жыцця ён правёў у Мінску. Малады, прыгожы, таленавіты 25-гадовы паэт, рамантычна ўлюбёны ў сваю не надта ласкавую радзіму… Толькі цяпер, калі ў свеце пандэмія і кожны чалавек можа быць небяспечным для другога, магу ўявіць, як складана было Максіму. Маючы адкрытую форму туберкулёзу, ён нёс пагрозу тым, хто быў побач. Ні абняць, ні паціснуць руку, ні пацалаваць жанчыну! А трэба ж было недзе здымаць кватэру, працаваць, харчавацца, наведваць бібліятэку, сустракацца з калегамі — жыць. Уяўляю, як некаторыя яго цураліся, баяліся апынуцца разам у адной кампаніі, імкнуліся пазбегнуць сустрэчы… Гэта з геніем! Але тых, хто спачуваў, было больш…

Багдановіч кватэраваў у вядомага беларускага паэта і празаіка Самуіла Плаўніка (Змітрака Бядулі). З-за хворага на сухоты кватэранта многія былыя сябры і знаёмыя, і нават сваякі Змітрака Бядулі перасталі яго наведваць. Але ён не кінуў Максіма ў бядзе, а дзве яго сястры — Рэня і Геня — як маглі, дапамагалі брату. Багдановіч захапляўся іх хараством. Напрыклад, Геню малады паэт называў ангельскай каралевай. Яна сапраўды была неверагодна прыгожай. У той, яшчэ дарэвалюцыйны час, удзельнічала ў конкурсе прыгажосці, які праводзіўся ў Мінску, і заняла першае месца.

Нягледзячы на цяжкую хваробу, Максім клапоціцца не пра сябе. Уладкаваўшыся на працу сакратаром губернскай харчовай камісіі, ён часта выязджае ў прытулкі для дзяцей-бежанцаў. Ішоў 1916 год. Ішла Першая сусветная вайна. Фронт праходзіў праз Беларусь, і такіх дзяцей было шмат. Галадалі не толькі дзеці, але і паэты… Стан здароўя Багдановіча пагаршаецца, ў яго часта павышаецца тэмпература, ідзе горлам кроў, а ён усё роўна шмат працуе: піша вершы, апавяданні, крытычныя нарысы, пераклады. Патрыёт, які толькі да пяці год жыў на радзіме, прадказвае яе незалежнасць. Гэта ў 1916 годзе!

Даўно ўжо няма тых, хто збіраў грошы на лячэнне Максіма, дапамагаў яму выехаць у Ялту. Але чарговы гудок цягніка, як машына часу, пераносіць мяне ў мінулае.

Вясна, 1917 год. Паэт развітваецца з сябрамі і ў безнадзейным адзіноцтве садзіцца ў сіні вагон… Ці ў зялёны?

Вагоны шли привычной линией,

Подрагивали и скрипели,

Молчали жёлтые и синие,

В зелёных плакали и пели

Безумоўна, Багдановіч ведаў Аляксандра Блока — аўтара гэтых радкоў, магчыма, і цытаваў іх, разумеючы, што больш ніколі не пабачыць радзіму. Хочацца верыць, што паэт сапраўды ехаў у сінім вагоне, які адпавядаў першаму класу. Не дазволілі б сабе сябры Максіма, нягледзячы на дэфіцыт сродкаў, купіць яму танны білет у некамфортны вагон другога ці трэцяга класа.

Хворы, самотны паэт суцяшае сябе тым, што паспеў выдаць свой адзіны паэтычны зборнік — «Вянок».

У краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме, ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты.

Гэта былі апошнія радкі паэта. Не выратавалі сябры дваццаціпяцігадовага генія, але шчыра імкнуліся дапамагчы… Змітрок Бядуля быў першым пісьменнікам, хто адгукнуўся на смерць Багдановіча. Ён называў яго «жрацом хараства, які вянкамі вясновых паэтычных кветак аздобіў ніву беларускага адраджэння».

У 1924 годзе некалькі беларускіх творцаў наведалі Ялту і змаглі адшукаць магілу Максіма Багдановіча. Паставілі помнік.

Калі нехта лічыць, што гэта было так даўно і так ад нас, палешукоў, далёка, нагадаю, што хросная маці Максіма Вольга Сёмуха жыла ў Пінску. Змітрок Бядуля, які так перажываў за Багдановіча, сябраваў з Якубам Коласам. А Якуб Колас некаторы час жыў у Лунінцы. Дарэчы, ў адной з «Казак жыцця» ён назаве Бядулю прыгожым і мудрым Кучаравым дрэвам. «Буйна-радасна, сакавіта-музычна шумела маладое лісце на Кучаравым дрэве. У гэтым шуме пераліваліся найдалікатнейшыя тоны тае песні, якую можна б было назваць песняю аднаўлення… А калі раніцою на гэтым Дрэве спыняліся промені сонца, заляцеўшы туды з недасяжных глыбінь, яны развешвалі на вільготным лісці мнагаструнную арфу».

Змітрок Бядуля і Якуб Колас

Мяняецца час, а людзі застаюцца нязменнымі. Адны годна праходзяць праз усе выпрабаванні і зберагаюць у сабе вышэйшыя ідэалы дабрыні, міласэрнасці, любові і спачування да бліжняга, другія азлабляюцца… Спадзяюся, што «згадкі» пра Максіма Багдановіча і яго сучаснікаў-калег па пяру размягчаць нашыя сэрцы і ў складаны час і пандэміі, і іншых выпрабаванняў дапамогуць не згубіць у сабе чалавечнасць.

Цямнее. Над шэрымі гаражамі і чыгункай успыхваюць зоркі. Ярчэйшая сярод іх — зорка Вянера.

Зорка Вянера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі з сабой прывяла…

Згадваю не толькі гэты прыгожы санет, але і вельмі актуальны для нас сёння наступны верлібр беларускага паэта:

Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы ў ціхую сінюю ноч і сказаць:»Бачыце гэтыя буйныя зоркі? Ясныя зоркі Геркулеса? Да іх ляціць наша сонца. І нясецца да Сонца Зямля. Хто мы такія? Толькі падарожныя — папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, Калі ўсе мы разам ляцім да зор?

Пасляслоўе.

3 лістапада — дзень нараджэння Якуба Коласа і дзень памяці (80 гадоў пасля смерці) Змітрака Бядулі.

9 снежня (27 лістапада) — 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча.