Дзівосы ад лунінецкіх ластавак

Дзівосы ад лунінецкіх ластавак

06 декабря 2021, 12:00
Автор:
199
Аўтар гэтага нарыса - вядомы лунінецкі літаратар, краязнавец, педагог, фатограф, аматар прыроды Іван Аляксеевіч Панасюк.
Вясковыя ластаўкі-касаткі ў прыгарадзе Лунінца. Фота Івана Панасюка

Колькі сябе памятаю, з 5-гадовага ўзросту, любіў назіраць за будаўніцтвам птушкамі гнёздаў. Асаблівую ўвагу прыцягвалі вясковыя ластаўкі, якіх яшчэ называюць варанкі́. Гэтая зацікаўленнасць да птушак засталася са мною па сённяшні дзень.

У Лунінцы селіцца не так шмат птушак, як гадоў 50 таму. Гэтаму ёсць тлумачэнні. Горад стаў шматпавярховым, былі знесены сотні асабістых пабудоў. Гэта адразу ацанілі свіргулі. Як толькі з’явіліся шматпавярхоўкі з адтулінамі над апошнімі паверхамі, іх з’явіліся сотні. Асабліва шмат на дамах па вуліцы Краснай, насупраць «Еўраопта». З тых часоў вясковых ластавак, якіх называюць яшчэ каса́ткамі, у гэтых мясцінах не стала.  Яны перабраліся на ўскрайкі горада, бліжэй да аднапавярховых будынкаў. Прычыны не высветлены, аднак тое, што ластаўкі з свіргулямі не любяць сябраваць, факт даказаны.

А яшчэ хачу расказаць вам, паважаныя чытачы, пра некаторыя незвычайныя з’явы ў жыцці ластавак. Я назіраю за адной калоніяй у Лунінцы, па вуліцы Бажэнавай, ужо каля 8 гадоў. Яны селяцца на адным з прамысловых будынкаў, абавязкова з яго паўночна-заходняга боку, у адрозненні ад шпакоў. Калонія вагаецца ад 46 да 50 сем’яў. У сезоне 2021 года яны запазніліся з прылётам амаль на два тыдні з-за кліматычных умоваў.

Аднойчы я назіраў за актыўным будаўніцтвам іх гнёздаў. Што мяне ўразіла, дык гэта будаўніцтва адной сям’ёй адразу дзвух гнёздаў. “Гаспадыня” сядзела ў адным гняздзе, “гаспадар” прыносіў ёй будаўнічы матэрыял, яна яго клеіла і тут жа пералятала ў другое, суседняе гняздо, ён зноў прыносіў порцыю глея, яна клеіла яго там. Я назіраў за гэтым цудам хвілін 10-11. Засняў 2 хвіліны на відэа. Упершыню ў жыцці бачыў такі цуд. Выходзіць, што яны будавалі адразу два гнязды: адно для “гаспадыні”,  для насіжвання патомства, а другое — “бацьку” будучых дзяцей?.. Вось вам і птушкі, а нам у школе тлумачылі, што ў жывёльным свеце дзейнічае правіла інстынкту… А тут выглядае як ніякі не інстынкт, а як абдуманае дзеянне.

Сорак сем гнёздаў ластавак на адным будынку па вуліцы Бажэнавай

І яшчэ што цікава, дык гэта адлегласць ад аднаго гнязда ад другога. Яна настолькі роўная, што, можна было б сказаць, вымерана лінейкай і складае прыкладна 50-55 см. Дзіва, ды і толькі! Магчыма, яны і адмяраюць ластаўкамі, як у адным з мульфільмаў — папугаямі?

І апошняе. Ніколі не бачыў, каб ластаўка сядзела на лісцевых дрэвах. Яны звычайна сядзяць на дахах дамоў, на правадах, на зямлі — каля луж, на стаўбцах, на бэльках, але ніколі на дрэвах. Відавочна, гэтаму ёсць тлумачэнні. А вось 27 ліпеня 32021 года я стаў сведкам адваротнага. На сухой высокай бярозе сядзелі ластаўкі. Праўда, мне паказалася, што гэта маладое пакаленне, якое вучыцца добра лётаць, яны не засвоілі яшчэ некаторых бацькоўскіх жыццёвых правіл.

Маладыя гарадскія ластаўкі-варанкі на сухой бярозе

Хачу дадаць, што былі гады, калі ластаўкі паспявалі выгадаваць два пакаленні, але гэта не адносіцца да бягучага года. Не магу не ўспомніць яшчэ адзін факт, калі быў сведкам, як “маці з бацькам” з двух бакоў гнязда выцягвалі ”за вушы” аднаго з сваіх баязлівых і лянівых птушанят, каб ён стаў вучыўся лётаць. Выцягнулі, і ўсё было паспяхова. Вось як бывае ў жыцці птушак, без якіх наша жыццё таксама не было бы магчымым…