Лунінчане адзначылі юбілей Паэта
12 декабря 2021, 11:21

Лунінчане адзначылі юбілей Паэта

Вечарыны прайшлі да 130-годдзя Максіма Багдановіча.
Поделиться
Фото с сайта ЛРЦБС

У бібліятэках Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, як інфармуе яе сайт, прайшлі мерапрыемствы з нагоды юбілею славутага беларускага паэта Максіма Багдановіча, якому 9 снежня 2021 года споўнілася б 130 гадоў.

У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся літаратурны вечар «Святло паэзіі Максіма Багдановіча». На ім прысутнічалі вучні старэйшых класаў СШ №1 з настаўнікамі Ганнай Бірыла і Ірынай Арашкевіч. Галоўны бібліятэкар Наталля Кіпцэвіч пачала вечар вершам Максіма Багдановіча “Мая душа” і расповедам пра творчы і жыццёвы шлях паэта. Прысутныя паглядзелі дакументальны фільм “Максім Багдановіч. Вечна юны, як наша зямля”. Творы паэта прагучалі ў выкананні Мікалая Чарнавокага і Таццяны Гурынай.

Мікашэвіцкая дзіцячая бібліятэка запрасіла на літаратурны агеньчык “Ён красу шукаў у полі васількоў…” вучняў 7 “А” класа СШ №2 з класным кіраўніком Таццянай Кот. Бібліятэкар Алена Валашчук расказала цікавыя факты з жыцця паэта. Удзельнікі мерапрыемства чыталі знакамітыя вершы юбіляра, пазнаёміліся з кніжнай выставай.

У Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы адбыўся паэтычны вечар “І зорка гарыць, і не вяне вянок”, у Лахвенскай сельскай бібліятэцы — паэтычная гадзіна «Святло душы Максіма Багдановіча».

Паэтычны ланцужок да 130-годдзя Максіма Багдановіча на ютуб-канале “Лунінецкая бібліятэка” ладзіла цэнтральная дзіцячая бібліятэка. Ва ўсіх бібліятэках аформлены кніжна-ілюстраваныя выставы, на якіх прадстаўлены творы Максіма Багдановіча і літаратура, прысвечаная яго жыццю і творчасці.