У Лунінцы прайшлі традыцыйныя краязнаўчыя чытанні

У Лунінцы прайшлі традыцыйныя краязнаўчыя чытанні

18 декабря 2021, 10:44
Автор:
132
Яны былі ўжо чатырнаццатыя па ліку.
Фота Віктара Пінігіна

17 снежня 2021 года ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшлі 14-я Лунінецкія краязнаўчыя чытанні. Адкрыла і вяла іх галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Наталля Кіпцэвіч.

Наталля Кіпцэвіч

Вадзім Жылко распавёў пра дзейнасць лунінецкіх краязнаўцаў за час пасля папярэдніх чытанняў, якія прайшлі ў кастрычніку 2020 года, згадаў кнігі, брашуры і публікацыі ў перыядычным друку мясцовых аўтараў, у тым ліку чарговыя нумары альманахаў “Лунінецкі сшытак” і “Краязнаўчымі шляхамі Лунінеччыны”.
Сцяпан Нефідовіч паведаміў пра вывучэнне ім анамастыкі (прозвішчаў, імёнаў, мянушак і г.д.) жыхароў вёскі Лахаўка, пра іншыя даследаванні.
Людміла Гоза, бібліятэкар Сінкевіцкай СШ, распавяла пра сваю працу над новым фільмам “Надзея не памірае” (пад дэвізам “Гісторыя маёй сям’і ў гісторыі краю”).
Васіль Туміловіч прызнаўся, што зараз адышоў ад актыўнай краязнаўчай дзейнасці на карысць мастацкіх твораў, але выказаў шэраг слушных заўваг і пажаданняў калегам.
Загадчыца Лунінскай сельскай бібліятэкі Лідзія Цімашэй прадставіла рэферат-прэзентацыю “Бібліятэка — цэнтр малой радзімы”, распавёўшы пра цікавую і карысную працу па захаванні і папулярызацыі гісторыі вёскі Лунін і яго жыхароў.

Лідзія Цімашэй

Падобным па тэматыцы было выступленне загадчыцы Мікашэвіцкай гарадской бібліятэкі Аксаны Маркевіч, якая таксама распавяла пра новую кнігу-альбом пра Мікашэвічы, выдадзеную сёлета РУВП “Граніт”.
Аляксандр Яраховіч, дырэктар Лахвенскай СШ, спыніўся на накірунках сваёй даследчай дзейнасці: ад сярэднявечнай “радзівілаўскай” Лахвы да падзей Другой сусветнай вайны і Халакосту, знішчэння мірных жыхароў фашыстамі.

Аляксандр Яраховіч

Згадвалася ў час чытанняў і дзейнасць сябраў Лунінецкага краязнаўчага таварыства, якія не змаглі прысутнічаць асабіста: Святаслава Яначкіна, Ліліі Віўдзенка, Галіны Антановіч, Аляксандра Жука, Алены Нямчэня… Ушанавалі памяць Аляксандра Ільіна і Льва Коласава, якія, на жаль, пайшлі з жыцця.
На чытаннях прысутнічалі і юныя краязнаўцы з політэхнічнага каледжа на чале з бібліятэкарам Верай Скіба. Экспанавалася тэматычная кніжная выстава.