Мікашэвічы: і малыя, і дарослыя

Мікашэвічы: і малыя, і дарослыя

15 января, 10:42
154
Як вядома, калядуюць найперш па хатах и кватэрах. Але не толькі...
Фота з сайта ЛРЦБС

Мікашэвіцкая гарадская бібліятэка вітаць каляднікаў пачала яшчэ днём 13 студзеня, паведамляе сайт Лунінецкай РЦБС. Святочная праграма «Насталі святкі — запевай калядкі» прайшла спачатку для вучняў СШ №2, а потым прадоўжылася з чытачамі старэйшага ўзросту.

Малодшае пакаленне разам з класным кіраўніком Марынай Краўчук падрыхтавала цікавае калядаванее-віншаванне для работнікаў бібліятэкі, па-сапраўднаму, з каляднай атрыбутыкай. Вядучая мерапрыемства Марыя Хатынюк, у сваю чаргу, падрыхтавала для удзельнікаў насычаную святочную праграму, дзе было месца і карыснай інфармацыі, і агляду тэматычнай выставы, і розным конкурсам, гульням, забавам.

Дарослае пакаленне чытачоў не адстала ад юных калег і зайшло ў бібліятэку таксама па калядных правілах — пераапранутыя, з жытам, са святочнымі песнямі і пажаданнямі, рознымі пачастункамі. Вядучая свята Аксана Маркевіч падхапіла зададзены тон агульнай весялосці і ўсё мерапрыемства прайшло пад агульны смех і жарты.

Удзельнікі — Вольга Шэляговіч, Акцябрына Варанцова, Ала Пуляк, Ніна Акіншава, Алена Кудач, Тамара Івашкевіч, Тамара Чэшун, Валянціна Лукашэвіч — чыталі вершы, пелі калядкі, адказвалі на пытанні святочнай віктарыны, спаборнічалі ў розных гульнях ды конкурсах.  А пасля за калядным чаяваннем адбылася доўгачаканая дэгустацыя святочных прысмакаў і пачастункаў. Усе жадаючыя таксама маглі сфатаграфавацца ў святочнай фотазоне, створанай умелымі рукамі бібліятэкараў.