«У Лобчы пан лабаты, у Луніне — лупаты…» І шмат іншага цікавага

«У Лобчы пан лабаты, у Луніне — лупаты…» І шмат іншага цікавага

25 января, 16:59
Автор:
167
Тапаніміка ў народнай прозе Лунінеччыны.
Топонимика
У 2000-х гадах на Лунінеччыне не аднойчы працавалі фальклорныя экспедыцыі студэнтаў Белдзяржпедуніверсітэта імя М.Танка. Гэты тэкст падрыхтаваў пасля наведвання Лунінеччыны студэнт БДПУ С.Паўлянковіч. Матэрыял быў змешчаны ў зборніку дакладаў канферэнцыі 2006 года ў БДПУ, у альманаху «Лунінецкі сшытак» №7 і ў газеце «Информ-прогулка» №3 за 2007 год. Мяркуем, што цікава будзе пазнаёміцца з ім і чытачам нашага сайта.
Цікавым паданнем з`яўляецца адзін з варыянтаў паходжання назвы вёскі Цна.
       Згодна з расповедам, жыў там пан, якога звалі Навум Андрэевіч. “Заснаваў пан у гэтай мясціне цагельню і назваў трыма літарамі ЦНА – цэгла Навума Андрэевіча”. Безумоўна, гэта немагчыма: вёска стаіць каля рэчкі Цна і назву ўзяла ад яе. Рэчкі атрымлівалі назву раней, чым вёскі, а ўжо назва ракі перакладаецца са старажытнаславянскай як цесная, вузкая.
   Акрамя імя, імя па бацьку і прозвішча на назвы паселішчаў часта аказваюць уплыў і фізіялагічныя якасці іх гаспадароў.
  Так, жыхары вёскі Лобча кажуць, што іх вёска называецца так таму, што пан у іх быў лабаты,
а ў Луніне – лупаты.
Безумоўна, гэта ўспрымаецца як жарт, але і такія тапанімічныя паданні-жарты таксама існуюць.
     Ёсць паданні пра паходжанне назваў вёсак, якія хутчэй ускосна звязаны з панам. Але паколькі менавіта дзякуючы яму і ўзнікла дадзенае паселішча, мы адносім паданне да гэтай групы.
    Напрыклад, вёска Купаўцы мае там такую назву таму, што “недзе ў XVII стагоддзі адзін памешчык купіў у другога каля сотні сялян. Пасяліў іх за некалькі кіламетраў ад свайго маёнтка…”. Адсюль і пайшла назва, якая замацавалася – “купленыя”, пазней Купаўцы.
   Вельмі шырока ў вуснай народнай прозе Лунінеччыны прадстаўлены тапонімы, якія паходзяць ад прыродных асаблівасцей і ўмоў. Сама прырода падказвала людзям, як назваць тую ці іншую вёсачку, мястэчка, возера, урочышча. Прыродныя асаблівасці палескага краю адлюстроўваліся ў такіх назвах, як Подлясочча, Мачульня, Пажарны мох, Мокрава і шматлікія іншыя. У сваю чаргу, даденую групу можна падзяліць на падгрупы.
     Палескія балоты і рэкі наклалі самы моцны адбітак на назвы геаграфічных аб`ектаў. Гэта падгрупа самая шматлікая сярод тапонімаў, звязаных з прыроднымі асаблівасцямі і ўмовамі. Балоты займалі вялізныя тэрыторыі, і таму сухое месца знайсці было цяжка.
   Гэта добра паказвае адзін з варыянтаў паходжання назвы вёскі Бастынь.
Было некалі на вадзе месца такое, што босай нагой можна толькі стаць, так мала сухога пасярэдзіне. То і назвалі яго Бостань – босы стань”.
  Рака – “мясцовасць, якая знаходзілася ўздоўж ракі, рака знікла, а назва засталася”.
Веска Мокрава
– “гэтае месца было заўсёды мокрым”.
    Другая вялікая падгрупа звязана з лясамі, нават сам рэгіён называецца Палессе. Па памерах гэта падгрупа крыху саступае першай, але таксама вельмі значная: Падлясочча – месца каля лесу, Кругавік (Кругавічча) – вёска, якую па кругу абступалі лясы, Грабнік – ад назвы дрэва граб. Прыведзеныя падгрупы самыя вялікія і вылучаюцца намі асобна.
   Усе астатнія тапонімы, звязаныя з прыроднымі ўмовамі і асаблівасцямі, можна змясціць у адзіную падгрупу. Тут можна ўзгадаць варыянт паходжання назвы Белае возера.
“Белае возера называецца так таму, што яно чыстае”; назва ракі Смердзь – “летам у рэчцы застойвалася вада, і таму яна смярдзела ” і іншыя.
   Яшчэ адной групай паданняў з`яўляецца творы, звязаныя з братамі нашымі меншымі. Дастаткова містычна пачынаецца гісторыя пра возера Самок: “ … старыя людзі расказваюць, што у гэтому озерцэ поселілоса невядомэ страшыдло: у озеры ужэ і гусі прападалі, а купацца ніхто і не адважваўса…” Але ўжо ў наступных сказах гэтага апавядання выкрываецца гэта “страшыдло”: “От рыбакі закінулі ценето і выловілі тэе страшыдло – нагэлного сома… Озеро тогды ж Самком і назвалі”.
    У асобную групу вылучаюцца паданні пра паходжанне назваў геаграфічных аб`ектаў, што паходзяць ад заняткаў людзей: урочышча Смалянка, таму што раней там дабывалі смалу. Лічыцца, што і назва Кажан-Гарадок пайшла ад таго, што ў гэтым мястэчку выраблялі скуры.
    Такім чынам, паданні адлюстроўваюць светаўспрыманне і светаадчуванне народа. Паказваюць асаблівасці навакольнага асяроддзя, флоры і фауны, заняткі і ўзаемаадносіны людзей паміж сабой. У паданні верылі, як у сапраўдныя гісторыі, а значыць, асацыявалі сябе з імі.
Усе фота з адкрытых крыніц
Последние новости