У Лунінецкім раёне прайшоў семінар па народнай культуры

У Лунінецкім раёне прайшоў семінар па народнай культуры

05 мая, 10:06
154
Адбыўся абмен вопытам.

На базе Барсукоўскага Дома сацыяльна-культурных паслуг прайшоў раённы семінар для загадчыкаў клубных устаноў «Традыцыйная народная культура Лунінеччыны».

Пра гэта паведамляе група ў сацсетках «Дні культуры Лунінеччыны».

Удзельнікі семінара спачатку завіталі ў Лахвенскі сельскі Дом культуры, дзе былі прадэманстраваны дзіцячыя народныя гульні нашага краю. Вельмі спадабалася прысутным і міні-канцэртная праграма, якую прадставілі ўдзельніцы аматарскага калектыву «Лахаўчанка», кіраўнік С.К.Краўчук.

У вёсцы Барсукова семінар адкрыла дырэктар Лунінецкага раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Т.І.Лівінец, якая прааналізавала работу клубных устаноў раёна па фальклорным напрамку.

Загадчык Дома сацыяльна-культурных паслуг А.В.Гняцецкая распавяла пра асаблівасці падрыхтоўкі і святкавання Вялікадня ў в.Барсукова .

Сваім вопытам дзяліліся кіраўнікі Баравецкага сельскага клуба Т.М.Баброва і Сінкевіцкага сельскага Дома культуры — Н.У. Кіслюк.

Цікавым і карысным атрымаўся майстар-клас па пляценню самабытных паясоў ад загадчыка Дзятлавіцкага цэнтральнага сельскага Дома культуры Г.У.Брэзінай.

Парадавалі ўдзельнікаў песнямі і прыпеўкамі аматарскі калектыў народнай песні «Крынічанька» Лунінецкага ГДК (кіраўнік В.Г.Коваль) і аматарскі калектыў Баравецкага СК (кіраўнік Т.М.Баброва).

У заключэнне намеснік дырэктара РАМЦ С.А.Касцючэнка прэзентавала чацвёрты том шасцітомнага выдання «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў».