Памяці Алеся Корнева

Памяці Алеся Корнева

20 мая, 10:58
Автор:
111
Паэт не аднойчы бываў на Лунінеччыне.

Аляксандр Касьянавіч Корнеў (30.11.1935 — 27.03.2022) нарадзіўся ў Магілёве, але з дзяцінства жыў на баранавіцкай зямлі. Па прафесіі ўрач, працаваў у Мазыры, Баранавічах. Аўтар каля трох дзясяткаў паэтычных зборнікаў.

З Алесем Корневым мы пазнаёміліся каля 15 гадоў назад. Сустракаліся на літаратурных вечарынах пісьменніцкай суполкі ў Брэсце, Баранавічах… Некалькі разоў ён выступаў па нашым запрашэнні ў Лунінцы: у політэхнічным каледжы, краязнаўчым музеі, цэнтральнай бібліятэцы, на міжрэгіянальных круглых сталах пісьменнікаў і журналістаў… Бываў на Лунінеччыне і як удзельнік абласнога фестываля «Лунінская восень», дзе збіралі лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка. У сваёй бібліятэцы я маю каля дзясятка кніг Алеся Корнева са шчырымі аўтографамі. Многія з кніг патрапілі і ў Лунінецкую раённую бібліятэку. Вершы Алеся Корнева не аднойчы друкаваліся ў газеце «Информ-прогулка». Былі сярод яго твораў і прысвечаныя Лунінеччыне.

Алесь Касьянавіч, нягледзячы на ўзрост, заўсёды вылучаўся жыццярадаснасцю, дасціпнасцю, добрым пачуццём гумару. Як гаворыцца, быў заўжды лёгкі на пад’ём. Прываблівала ў ім тое, што большасць са сваіх трох дзясяткаў кніг ён выдаў за кошт уласных рэсурсаў, не выпрошваючы грошы ў нейкіх фундатараў, як часам гэта робяць іншыя аўтары.

Алесю Корневу былі падуладны розныя паэтычныя жанры — ад паэм, сапраўдных вершаваных эпасаў і вянкоў санетаў да мініяцюр. Ёсць ў яго зборнікі «спарышоў» — двухрадковых вершаў. Таленавіты творца мог нават з двух словаў стварыць яскравы верш. Запомніўся мне такі міні-шэдэўр:

Дабрыдзень,

Злыдзень!

* * *

У 2010 годзе мне пашчасціла трохі дапамагчы ў выданні кнігі Алеся Корнева «Мядовы полюс», напісаўшы да яе прадмову-рэцэнзію. Прывяду некалькі ўрыўкаў.

«Нездарма шмат якія вершы і цэлыя паэмы Алеся Касьянавіча прысвечаны роднай беларускай зямлі, баранавіцкаму краю, з якім звязана большая частка свядомага жыцця. Сапраўды,

Суседзі мне даўно ўжо пабрацімы,

Аднак азёры для мяне і пушчы —

Святыя родзімкі маёй радзімы.

І ў той жа час, пры ўсёй павазе паэта да свайго краю, у вершах А.Корнева мы не знойдзем аніякай правінцыйнай “закамплексаванасці”, як не знойдзем і прынцыповага нежадання вандраваць па свеце. Наадварот, аўтар шмат вандруе — і ў думках, і ў рэальнасці — дапытліва вывучаючы і асэнсоўваючы з’явы навакольнага жыцця. Нездарма тэма дарог і вандровак — адна з асноўных шмат у якіх паэтычных творах Алеся Корнева.

Увогуле ж у творчасці Алеся Корнева, як лёгка можа заўважыць дапытлівы чытач, заўсёды суседнічаюць “узвышанае і зямное”, сумнае і смешнае… І чаму тут здзіўляцца? Аўтар у сваіх вершах ідзе ад жыцця, дзе таксама прысутнічае ўвесь згаданы “асартымент” з’яў і пачуццяў».

Светлая памяць, Алесь Касьянавіч! Лунінецкія сябры будуць памятаць пра Вас.

* * *

21 мая 2022 года Баранавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Яна Чачота ладзіць вечарыну памяці Алеся Корнева. Там павінны прагучаць і словы ад лунінецкіх калег па творчасці.