Лунінчане прынялі ўдзел у навукова-краязнаўчых чытаннях

Лунінчане прынялі ўдзел у навукова-краязнаўчых чытаннях

11 июля, 11:55
175
У гонар Купалы і Коласа.

8 ліпеня ў Баранавічскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыліся II Навамышскія навукова-краязнаўнаўчыя чытанні «Неўміручая спадчына — Купала і Колас», у якіх прынялі ўдзел і прадстаўнікі Лунінецкага раёна, паведамяе сайт ЛРЦБС.

Васіль Туміловіч, вядомы на Лунінеччыне краязнаўца, распавёў пра сваё адкрыццё асобы пісьменніцы Соф’і Прорвіч, а таксама аб тым, што яе абагульняла з Якубам Коласам. Загадчык Мікашэвіцкай гарадской бібліятэкі і таксама ўдзельнік Лунінецкага краязнаўчага таварыства Аксана Маркевіч выступіла з паведамленнем пра знаходжанне Якуба Коласа ў Лунінцы, Мікашэвічах і Сінкевічах.

Падзяку Аксане Маркевіч (на фота злева) ўручае дырэктар Баранавіцкай РЦБС Таццяна Лайша

Цікавымі звесткамі з жыцця Янкі Купалы падзяліліся ўдзельнікі мерапрыемства з іншых раёнаў Брэсцкай вобласці і з Мінска.

У другой частцы чытанняў каля ўпрыгожанай сцэны пад высокімі ліпамі пранікнёна гучалі вершы класікаў беларускай літаратуры ў выкананні малодшага пакалення чытачоў бібліятэк Баранавіцкага раёна.

Потым слова прадставілі гасцям з Лунінеччыны — удзельніку клуба «Паэтычная глыбінка» пры Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы Алене Кудач, якая прачытала вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя Якубу Коласу і Янку Купалу, і Анастасіі Пратасавіцкай, удзельніку клуба «Літаратурная правінцыя» пры Лунінецкай цэнтральнай бібліятэцы, якая прачытала свой верш, прысвечаны Якубу Коласу, і спела сваю песню аб роднай зямлі.

Трэцяя частка мерапрыемства была музычнай — таленавітыя самадзейныя артысты спявалі шчырыя беларускія песні, якім падпявалі і госці, і ўдзельнікі, і гледачы. Атрымалася сапраўднае свята беларускай паэзіі, слова, музыкі, на якое з добрай усмешкай паглядалі з партрэтаў Янка Купала і Якуб Колас.