Чырвоная царква са срэбнымі купаламі, альбо Крыжаўзвіжанская царква ў Лунінцы

Чырвоная царква са срэбнымі купаламі, альбо Крыжаўзвіжанская царква ў Лунінцы

19 августа, 10:59
Автор:
528
Нарыс Аксаны Спрычан. Фота аўтара

На адной вуліцы

Хата, што прыняла мяне пасля народзінаў, стаіць у Лунінцы на Гагарына, 126. Калі б гэта адбылося раней, я нарадзілася б на вуліцы Царкоўнай. Вядома, што на ёй узвышаецца царква – Крыжаўзвіжанская. Чырвоная, са срэбнымі купаламі. Мая.

Адзіная

Некалі я зразумела, што калі трэ было б узяць у космас адну кнігу – я ўзяла б “Новую зямлю” Якуба Коласа. А цяпер падумала, што захапіла б з сабою адну царкву – Лунінецкую, якую бачыў і наведваў Якуб Колас.

Хоку Царкоўнай вуліцы

Калі даводзілася выязджаць у Мінск, я ішла да вакзала паўз царкву, і калі вярталася ў роднае мястэчка, ішла да хаты паўз царкву. Усё маё жыццё, дзякуючы лунінецкай царкве, уклалася ў сямнаццаць складоў хоку з нізкі “Хоку Царкоўнай вуліцы”, прысвечанай Лунінцу:

Царква на шляху

ад хаты і на шляху

да хаты – царква.

Два знакі

Мы з царквою сустрэліся ў жніўні 1973 года, але ж першая згадка пра бажніцу ў Лунінцы – 1588 год. Мяне натхняе гэтая лічба з двума знакамі бясконцасці. Намоленае месца, якое не змянялася стагоддзямі, ахоўвае мой узвышана-лунальны Лунінец.

Ахвяраванне на новую царкву будучага святога

Прыканцы XIX стагоддзя паўстала пытанне пра новую царкву, вялося ліставанне наконт гэтага з Мінскай духоўнай кансісторыяй, пачалі збіраць грошы. 6 верасня 1897 года праз станцыю Лунінец праязджаў айцец Іаан Сергіеў-Кранштацкі (1829-1909), які прыканцы ХХ стагоддзя быў прылічаны да сонму святых. Ён ахвяраваў 200 рублёў, на той час вялікую суму. Гэта надало лунінчанам надзеі і веры, што ўсё атрымаецца.

Вагон-царква

Калі вырашылі будаваць у Лунінцы новую царкву, усе — ад вучняў і настаўнікаў да службоўцаў і сялян — ахвяравалі грошы на бажніцу. Апрача старой царквы, меўся і чыгуначны храм – гэта быў царква-вагон, асвечаны ў Вільні 20 лютага 1897 года. Царква-вагон абслугоўвала 108 станцый і раз’ездаў.

Лунінец ужо быў горадам чыгуначнікаў, і менавіта чыгуначнікі Лунінца, кіраўніцтва дэпо, станцыі, упраўлення Палескіх чыгунак ахвяравалі немалыя сродкі, каб царква “стаяла” на месцы.

Да таго ж чыгуначнікі дапамагалі задарма перавозіць матэрылы. Да прыкладу, святар Мікалай Прорвіч у лістападзе 1911 года пісаў просьбу пра дармовы правоз 62 вагонаў бутавага каменю, 4 вагонаў аздобнага цокалю, 139 вагонаў цэглы і 13 вагонаў вапны.

Складанасці

На будаўніцтва новай бажніцы прыпалі Першая сусветная вайна і калейдаскапічныя змены ўладаў. І ўсё ж, дзякуй Богу, чырвоная царква ўзнеслася ў неба срэбнымі купаламі і прыняла вернікаў у 1921 годзе.

Разам

Новую царкву будавалі не на месцы старой, а побач. Захаваліся фотаздымкі 1920-х гадоў, дзе і старая, і новая бажніцы. Калі была б магчымасць скарыстацца машынай часу, я марыла б пабачыць іх разам. На месцы алтара драўлянай царквы цяпер стаіць металічны крыж.

Нехта бачыў і старую царкву, і дзве разам, і адну новую. А Якуб Колас бачыў толькі старую, калі жыў у 1911-1912 гадах у Лунінцы.

Лунінецкі святар у творы Якуба Коласа

У цяжкі для Якуба Коласа час (ён толькі што выйшаў з мінскага астрога) былы сакурснік па Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі загаднік Лунінецкай народнай пачатковай школы Вікенцій Філіповіч у 1911 годзе запрасіў пісьменніка ў Лунінец: пасяліў у сваёй кватэры, падзяліўся прыватнымі заняткамі. Тады Якуб Колас і пазнаёміўся са святаром Мікалаем Прорвічам. Вось як апісвае яго класік у трылогіі “На ростанях”:

“Айцец Мікалай жыве ў новым доме недалёка ад царквы. У вялікую заслугу ён ставіць сабе пабудову гэтага дома, і калі гаворыць аб ім — а гаворыць ён кожнаму,— дык паказвае свае рукі, на якіх да гэтага часу засталіся сляды мазалёў. I пры гэтым не забывае прывесці тэкст са Святога Пісьма: «У поце ліца твайго будзеш ты есці хлеб твой». Месца, дзе цяпер стаіць новы дом і ўсе гаспадарскія будынкі, вельмі спадабалася а. Мікалаю, і ён надумаўся заснаваць тут сядзібу. Але самы пляц ніяк не надаваўся для будоўлі: няроўны, пакаты, запушчаны. Айцец Мікалай уласнымі рукамі раўняў зямлю, зразаў цэлыя горы, як ён казаў, і калі можна з чым параўнаць гэтыя цяжкасці, дык толькі з пераходам Суворава цераз Альпійскія горы. А колькі было клопату!.. Айцец Мікалай тут махае рукою і пераводзіць вочы кудысь у неазначаныя прасторы, і твар яго робіцца тужлівым. Але гэта цягнецца толькі момант, бо яго турбота, яго, можна сказаць, пакута шчодра акупілася вынікам намаганняў». Дом гэты захаваўся, цяпер ён на вуліцы Якуба Коласа.

Кіно

Святар Мікалай Прорвіч вельмі любіў кіно, але неяк не вельмі этычна было глядзець кіно святару. Таму ён прыходзіў раней да гаспадара сінематографа,  хаваўся ў іншым пакоі і ўзіраўся праз шчыліну. Так, прыхаджане ведалі, але не “выцягвалі” свайго святара з-за шырмы.

Пісьменніца, якая была матушкай лунінецкай царквы

Жонкай Мікалая Прорвіча была Сафія Прорвіч (у дзявоцтве Чысцякова), якая пасля смерці мужа  і сына на пачатку 1920-х гадоў (ёсць версія, што яны былі звязаныя з актывам Слуцкага паўстання) сталася вядомай праваслаўнай пісьменніцай. Жыла Сафія Прорвіч на вуліцы Царкоўнай, 28. Ну, і, відаць, ніхто не здзівіцца, калі я зноўку ўзгадаю Якуба Коласа, знаёмства з якім, вядома ж, паўплывала на ейную творчасць.

Узняцце званоў

Калі на новую царкву ўздымалі званы, то ўздымалі іх не на вяроўках, а на намётках (тканых ручніках), якія стваралі ў пасаг. Таму званы лунінецкай царквы звіняць гэтаксама прыгожа, як і выглядаюць лунінецкія ручнікі, у якія ўкладзеныя любоў і майстэрства палескіх кабетаў. А як заўжды падкрэслівае знаны фалькларыст Уладзімір Васілевіч, лунінецкія ручнікі – найпрыгажэйшыя і вартыя асобнага музея.

Сагрэць душу і неба

Сустрэча Пятра і Святога Пятра

Абразы часцяком уплываюць на людзей, але рэдка тое адбываецца на вачах навукоўцаў. Гэты незвычайны абраз з майго роднага места можна пабачыць ў Музеі старажытнабеларускай культуры. Цуд адбыўся падчас навуковай экспедыцыі на Палессі на пачатку 1970-х гадоў, калі збіралі абразы для музея.

Паводле ўспамінаў Юрыя Хадыкі, аўтобусам кіраваў вельмі строгі чалавек перадпенсійнага ўзросту, ён катэгарычна адмаўляўся ехаць праз вялікія калюгі. Праз гэта навукоўцам даводзілася вылазіць з аўтобуса далёка да патрэбных бажніцаў.

Аднойчы кіроўца стаў углядацца ў абраз з выявай старога лысага чалавека з добрым тварам, які сядзеў падпёршы рукою галаву, з ягоных вачэй каціліся слёзы. У куце, вышэй галавы, быў намаляваны чырвоны певень.

«Хто гэта?» — запытаў дзядзька Пятро. «Гэта ваш нябесны патрон, святы Пётра», — адказаў Юрый Хадыка. «Чаму ён плача?» — «Бо, не жадаючы таго, тройчы здрадзіў Хрысту, якога вельмі любіў. Хрыстос таксама любіў яго. Перад сваім арыштам ён папярэдзіў Пятра, што той тройчы адцураецца яго, перш чым прапяе певень. Так і здарылася. Пятро быў адзіным з вучняў Хрыста, які пайшоў за ім, калі Хрыстос быў схоплены жаўнерамі. Але тройчы, не жадаючы быць пазнаным ворагамі, адмовіўся ад свайго знаёмства з Хрыстом. І тады заспяваў певень. Пятро ўзгадаў словы свайго настаўніка і заплакаў. Дарэчы, менавіта Пятру Хрыстос даручыў ключы ад раю. Так што, дзядзька Пятро, у вас там ёсць блат», — закончыў навуковец свой аповед. З таго вечара дзядзька Пятро вазіў навукоўцаў не зважаючы на ніякія калюгі.

У вышыню і з вышыні

Усё сваё жыццё, каб пабачыць сваю царкву, я гляджу ўвышыню, але аднойчы я нібы з сёмага неба, глядзела на яе з сёмага паверха, але яна ўсё адно ўзвышалася над Лунінцам і мною. Узвіжанская. Узвышаная. Родная.