Перліны Лунінеччыны ў музеі «Старасвецкія карункі»

Перліны Лунінеччыны ў музеі «Старасвецкія карункі»

Распавядае Аксана Спрынчан.

Можна сказаць, я заўжды жыла ў музеі, хоць і не заўжды гэта разумела. Калі ў кватэрах маіх школьных сябровак у 80-я гады былі крамныя дываны і модныя гарнітуры, то ў нас — ручнікі, радзюжкі і дарожкі, вытканыя лунінецкай бабуляй Надзеяй, і ручнікі, наўлічкі, прасціны і нават накрыўкі на тэлевізар, вышытыя крыжыкам украінскай прабабуляй Любоўю.

У гэтым райскім свеце, створаным Надзеяй і Любоўю, не палюбіць жыццё з творамі мастацтва было немагчыма. Але быў у заўсёдным карыстанні і своеасаблівы вялізны мінус: рэчы проста зношваліся ад штодзённага ўжывання. І ўсё ж калі ты нешта любіш, так ці іначай яно да цябе прыцягнецца. У кватэру сталі трапляць ступы і калаўроты, ручнікі і радзюжкі, абразы і карціны з розных куточкаў Беларусі. І ў нейкі момант стала зразумела, што гэта ўжо хатні музей. Так прыканцы 2020 года ўзніклі “Старасвецкія карункі”. Іх можна аднесці да музеяў адкрытага захавання, калі ўсе экспанаты напаўняюць прастору, а не захоўваюцца ў сваёй асноўнай масе ў фондах дзесяцігоддзямі.

Вядома ж, ёсць у “Старасвецкіх карунках” перліны Лунінеччыны. Найперш — ручнікі, якія суправаджалі чалавека ўсё жыццё і штодзённа, і ў самыя істотныя моманты: нараджэнне — хрэсьбіны — вяселле — смерць.  Як кажа знаны фалькларыст Уладзімір Васілевіч, найпрыгажэйшыя ручнікі — лунінецкія.

Адзін з найстарэйшых ручнікоў калекцыі нарадзіўся ў 1900-я гады на самым беразе ракі Смердзь на адным з хутароў ля вёскі Любачын. Ягоная стваральніца Настасся Зосімаўна Цітовіч. Набыты ў берасцейскага калекцыянера Аляксея Андрусевіча. Памер 32х332. Вышыты крыжыкам і процягам чырвоным і чорным з дадаткам сіняга і зялёнага, здолу зубчастыя белыя карункі з сэрцайкамі. На ручніку выява, якая сімвалізуе дрэва жыцця. Дзякуючы чароўным птушкам, гэты ручнік адносіцца да праекта музея “Ахова птушак ручнікоў і радзюжак Бацькаўшчыны”, бо, зразумела, што вышытых і вытканых птушак таксама трэба ахоўваць.

Амаль сто гадоў таму быў створаны ручнік з вельмі дарагой для мяне вёскі Дзятлавічы, у якой нарадзілася мая бабуля. Ягоная стваральніца  Канапацкая (у дзявоцтве Кацуба) Зінаіда Іванаўна (1914-2004) падрыхтавала яго сабе на вяселле. Перадала на захаванне яе сваячка, лунінецкая бібліятэкарка Ірына Аляшкевіч. Памер 29х295. Палатно ў белыя ўзоры, тры чырвоныя бардзюры, кожны ніжэйшы — шырэйшы за папярэдні, здолу зубчастыя белыя карункі з кветкамі, аблямаваныя чырвоным.

Ручнік з вёскі Язвінкі сярэдзіны ХХ стагоддзя. На жаль, ягоная стваральніца невядомая. Перадала на захаванне Галіна Абрамчук. Памер  29х284. Асноўная частка ручніка — кужальнае ўзорыстае палатно, на льняной частцы без узораў — вышыты крыжыкам раслінны ўзор, здолу зубчастыя белыя карункі з трыма шэрагамі ромбікаў. Ручнік вылучаецца асіметрычным ужываннем чорнага і шэрага, магчыма, проста скончыліся чорныя ніткі і былі замененыя на шэрыя.

Кіндрук Ульяна Георгіеўна (1933-2014)

Яшчэ адна перліна з Лунінеччыны ў  «Старасвецкіх карунках» — ручнік з вёскі Вічын. Стваральніца Кіндрук Ульяна Георгіеўна (1933-2014). Атрыманы ад сваякоў. Памер 28х260. Палатно з сотавай кампазіцыяй зорак і кветак, з чырвонымі з дадаткам чорнага бардзюрамі, здолу зубчастыя белыя карункі з лісткамі.

Надзея Лукашаўна Паўлюкавец (1920-2007). На фотаздымку бабуля сядзіць злева. Магчыма, нехта пазнае сваіх сваякоў сярод ейных сябровак, буду ўдзячная за інфармацыю

Лунінецкія ручнікі ўражваюць сваім хараством, яны вельмі яскравыя і стылёвыя. Стылёвасць застаецца і тады, калі ручнік у стрыманай каляровай гаме. Як прыклад, ручнік маёй бабулі Надзеі Лукашаўны Паўлюкавец (1920-2007). Памер 31х250. Палатно з сотавай кампазіцыяй зорак і лісткоў, здолу зубчастыя белыя карункі з ромбікамі.

* * *

Сярод перлінаў беларускага мастацтва і радзюжкі Лунінеччыны. Яны, адрозна ад ручнікоў, не выконвалі функцыю абярэгу, але ўпрыгожвалі хату, дапамагалі ствараць сваю райскую прастору.

Як, да прыкладу, радзюжка з вёскі Перунова. Стваральніца Проц Яўгенія Мікітаўна (1931-2022). Перадала на захаванне яе дачка Лілія Віктарава. Памер 156х186. Аднабаковая, вянковая кампазіцыя з вялізных (пакуль ні на воднай беларускай радзюжцы такіх не бачыла) чырвона-ружовых кветак на чорным тле.

Санюковіч Алена Якаўлеўна (1925-2022)

Захоўваецца ў музеі вельмі рэдкая радзюжка, якую можна аднесці да калядных, бо зазвычай радзюжкі гэтак не падзяляюцца. Яна з Лунінца. Стваральніца Санюковіч Алена Якаўлеўна (1925-2022). Атрыманая ад сваякоў. Памер  138х189. Двухбаковая, бела-брунатная. Чаму можа навучыць гэтая лунінецкая радзюжка? А таму, што можна выратавацца ад усялякага ліса, калі быць спінай да спіны, і калі ты стаіш, і калі ты сядзіш. Разам мы моц. Усцешаная, што такая незвычайная радзюжка нарадзілася на маёй Царкоўнай (Гагарына) вуліцы.

Бальшыня беларусаў сядзелі на вясёлцы, проста некаторыя самі гэтага не ведаюць альбо не задумляюцца. Гэтыя вясёлкі-радзюжкі часта сустракаюцца ў беларускіх хатах. Як і вясёлка ў нябёсах, яны ўздымаюць настрой, дадаюць яскравых фарбаў у штодзённым жыцці. У “Старасвецкіх карунках” захоўваецца вясёлка з вёскі Лунін. Стваральніца Ходат Вольга Сцяпанаўна (1914-1992). Перададзеная на захаванне з дапамогай Вадзіма Жылко. Памер 122х224. Асноўны колер цёмна-сіні.

Ёсць і радзюжка, якую я доўга не магла знайсці, а яна прыйшла ў выглядзе абруса. Я шукала ўзор радзюжкі маёй бабулі, бо яна ўжо зусім працерлася ў тыя часы, калі я на цуды не проста глядзела і захаплялася, а ляжала на іх і чытала кнігі. Памер 132х192. Двухбаковая, чорна-чырвоная. Ні ў водным раёне такі ўзор не трапляўся. І ўсё ж патрапіўся — але не на радзюжцы, а на абрусе. І дзе б вы думаеце, такі знайшоўся — на той самай вуліцы, дзе жыла мая бабуля, дзе нарадзілася я. Стваральніца Санюковіч Алена Якаўлеўна (1925-2022). Памер 132х192. Двухбаковы, шэра-белы з кутасамі. Паэт Рагнед Малахоўскі, пабачыўшы яго, сказаў, што з такім абрусам можна ладзіць свята Абруса.

Цікавая гісторыя з’яўлення экспаната з вёскі Сінкевічы. Завіталі да мяне на госці пісьменнік Васіль Жуковіч з жонкай Верай. Паказваю ім фатэль, у якім працаваў Максім Танк, а спадарыня Вера і кажа: “Нешта абы-чым фатэль засцелены, я падару на яго тое, што трэба”. Неўзабаве выявілася, што фатэль Максіма Танка варты радзюжкі, вытканай у Сінкевічах, некалі сям’і Жуковічаў падаравала яе сяброўка Соня Шэўчык-Клеўжыц. Стваральніца невядомая. Памер 71х112. Аднабаковая, паласатая кампазіцыя з чаргаваннем узорных і безузорных палос, асноўны колер чорны.

Карыстаючыся магчымасцю, дзякую землякам, якія дапамагаюць “Старасвецкім карункам”, спадзяюся, што з вашай дапамогай музейныя калекцыі папоўняцца яшчэ большымі перлінамі.