Цікавосткі Берасцейшчыны: уражанні з выставы

У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску адбылася выстава “Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі”. Шэсць залаў, шэсць абласцей былі напоўненыя цудамі, якія беларусы ствараюць у наш час, працягваючы ўнікальныя традыцыі продкаў. Хараство незямное, ды і як іначай, калі “на Беларусі Бог жыве”.
У кожнай вобласці свае цікавосткі. І ўсё ж Берасцейшчына, як заўжды, застаецца найяскравейшай і разнастайнай.
Лунінеччына прадстаўленая знакамітым ужо рэгіянальным траецкім святам “Ваджэнне Кусты” з вёскі Лобча.
Да нематэрыяльнай культурнай спадчыны суседняга Ганцавіцкага раёна адносіцца традыцыя памінання продкаў у вёсцы Раздзялавічы.
А на Піншчыне статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны атрымала традыцыя веснавых карагодаў на Вялікдзень, праводную нядзелю і “Провады зімы” ў вёсцы Пінкавічы.
Столінскі раён вылучаецца традыцыямі ганчарнай вытворчасці з аўтэнтычнымі элементамі (вёска Гарадная), местачковым калядным карнавалам “Конікі” (Давыд-Гарадок) і разьбой па дрэве Івана Супрунчука (вёска Цераблічы).
На ўсёй Берасцейшчыне квітнее саломапляценне. З сонечнай саломы створаны асобны беларускі свет, у якім ёсць усё – ад чалавека да сонца.
Праз тое, што ўсе цуды апісаць проста немагчыма, спынюся на тым, што асабліва кранула ў марозны лістападаўскі дзень.
Гэта шчэпкавая птушка-абярэг з Бярозаўскага раёна.
І аб’ёмныя выцінанкі з серыі “Народныя танцы”. Трэба адзначыць, што свае выцінанкі былі ў экспазіцыях усіх абласцей, але аб’ёмныя толькі ў Берасцейскай вобласці.
Немагчыма было адвесці вачэй ад грачанага хлеба з Маларыцкага раёна, якога я ніколі не ела, так хацелася адкроіць лусту.
І, вядома ж, прыцягвалі ўнікальныя падвойныя дываны з вёскі Падбела Камянецкага раёна, якіх яшчэ няма ў маім музеі “Старасвецкія карункі”, але, веру, што з’явяцца.
Вясновы абрадавы карагод “Стрылка” выклікаў цудоўныя ўспаміны, бо акурат на сёлетні Вялікдзень я пабывала на ім у вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна.
А прыканцы я зрабіла сэлфі з лелікаўскай свахай (Кобрынскі раён). Дачка раскрытыкавала, што не ўмею рабіць сэлфі, але ж, сваха ўсё адно атрымалася цудоўная.
Берасцейшчыне напраўду ёсць чым уражваць і сябе, і іншых.