Лунінеччына: край адметны, самабытны…

Лунінеччына: край адметны, самабытны…

22 января, 10:45
Автор:
291
Чым ён вылучаецца?
Фото из архива "ИП"

Хто пра што ведае?

Якія асацыяцыі могуць ўзнікнуць ў шэраговага беларуса пры словах “Лунінец”, “Лунінеччына”? Нехта мог падарожнічаць праз гэты буйны чыгуначны вузел… Хтосьці ведае, што Лунінеччына, і найперш вёска Дварэц, вядомыя ў краіне і за яе межамі як клубнічныя мясціны… Іншыя маглі чуць або чытаць пра буйнейшае прадпрыемства па адкрытай здабычы каменю “Граніт”з вялізарным кар’ерам, дзе нават не аднойчы ладзіліся здымкі мастацкіх фільмаў у “горных пейзажах”… А нехта мог адпачываць на гасцінных берагах ракі Прыпяць або на чысцюткім лясным возеры Белым…

У гісторыі гэтага палескага рэгіёна таксама хапала цікавых старонак. Напрыклад, у свой час на Лунінеччыне жылі і працавалі будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас, сусветна вядомы расійскі паэт Аляксандр Блок, будучы знакаміты авіяканструктар Павел Сухой, іншыя вядомыя асобы. Пра іх нагадваюць помнікі і мемарыяльныя дошкі, у іх гонар названыя мясцовыя вуліцы, ладзяцца разнастайныя культурныя і краязнаўчыя мерапрыемствы.

Найбольш раннія згадкі пра населеныя пункты Лунінеччыны адносяцца да XV стагоддзя (вёска Лунін — 1432 год). Лунінец, будучы горад (а на той момант — вёсачка), прыгадваецца ўпершыню ў 1449 годзе і нядаўна адзначаў свой 570-гадовы юбілей. Да нашых дзён захаваліся архітэктурныя помнікі — драўляныя храмы XVIII стагоддзя (у вёсцы Сінкевічы) і пачатку XIX стагоддзя (у мястэчку Кажан-Гарадок), не кажучы ўжо пра “маладзейшыя”.

Доўгі час Лунінеччына, як і ўсё Палессе, была краем лясоў і балот. Будаўніцтва ў канцы XIX стагоддзя Палескіх чыгунак дало штуршок развіццю Лунінца і ўсяго тутэйшага краю. А ў другой палове ХХ стагоддзя маштабная меліярацыя карэнным чынам змяніла аблічча гэтых мясцін, у той жа час парадзіўшы шэраг экалагічных праблем. На жаль, не абмінула палескі край і чарнобыльская навала. Тым не менш, на Лунінеччыне захаваліся ў адносна некранутым выглядзе некаторыя ранейшыя прыродныя комплексы, тут існуе некалькіх запаведных зонаў.

Лунінеччына мае свае цікавыя адметнасці і для аматараў культуры і мастацтва, для тых, хто цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай. І гэта не выпадкова, бо Лунінецкі раён знаходзіцца на мяжы некалькіх абласцей (Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай), некалькіх гісторыка-культурных рэгіёнаў. Таму гэты край здаўна прывабліваў (і дагэтуль прываблівае!) даследчыкаў — этнографаў, лінгвістаў, фалькларыстаў, мастацтвазнаўцаў. У шэрагу іх ганаровыя месцы належаць Аляксандру Сержпутоўскаму, Ісааку Сербаву і інш. У час экспедыцый былі запісаны народныя песні, сабраны калекцыі адзення і прадметаў побыту, зафіксаваны традыцыйныя абрады.

Дарэчы, пра традыцыі

Як вядома, традыцыя — гэта спосаб перадачы этнічнага вопыту ў выглядзе святаў, звычаяў, абрадаў, рытуалаў, сацыяльных норм на працягу некалькіх пакаленняў. Наколькі ж здолелі захавацца традыцыі народнай культуры ва ўмовах бурлівага жыцця мінулага стагоддзя — з войнамі, рэвалюцыямі, зменай дзяржаўных межаў, вымушанай або дабраахвотнай міграцыяй насельніцтва, зменамі гаспадарчага ўкладу? Ці можна сцвярджаць, што народныя традыцыі ў іх натуральным выглядзе працягваюць жывое існаванне ў сучасным побыце жыхароў Лунінеччыны? Або яны захоўваюцца толькі ў памяці старэйшага пакалення сельскіх жыхароў?

Перш чым паспрабаваць адказаць на гэтае пытанне, зноў звернемся да рэгіянальных асаблівасцяў Лунінецкага краю. Лунінеччына збольшага належыць да Заходняга Палесся. Як вызначаюць даследчыкі, на гэтай тэрыторыі гістарычна склалася некалькі дзясяткаў мясцовых гаворак на памежжы беларускага і ўкраінскага лінгвістычнага масіва. Як бачым, прынамсі мясцовыя гаворкі і дыялекты ў той ці іншай ступені захаваліся і да нашага часу, а асаблівасці вымаўлення існуюць нават пры ўжыванні цяперашнімі палешукамі гэтак званай “трасянкі”.

Пэўныя асаблівасці маюцца і ў знешнім выглядзе населеных пунктаў, хаця, здавалася б, у наш час усе гарады і вёскі больш-менш уніфікаваныя. Але, як адзначаюць этнографы, вёскі на Палессі звычайна былі шматдворныя, размяшчаліся па берагах рэк, на пясчаных градах з краю балот, утвараючы вулічную ці гнездавую сістэму забудовы. Нягледзячы на знешнія змены, гэтыя прынцыпы пераважна існуюць і цяпер.

У межах сучаснага Лунінецкага раёна можна вылучыць некалькі рэгіёнаў, якія, нягледзячы на агульную культуру, маюць і свае асаблівасці. На поўдні, на левым беразе Прыпяці і па рацэ Цна, размешчаны найбольш старажытныя паселішчы — вёскі Лунін, Кажан-Гарадок, Лахва, Дварэц, Дзятлавічы і інш. У першых трох добра яшчэ захаваліся сляды былога местачковага побыту.

Па правым беразе ракі Лань раскінулася група вёсак, якія ўзняліся на асушаных у пачатку мінулага стагоддзя землях. Гэта Рэдзігерава і суседнія вёскі. Тут распаўсюджаны заходнепалескія гаворкі.

Своеасаблівым рэгіёнам з’яўляецца група вёсак, звязаных з Вялікімі Чучавічамі, — на поўначы раёна. Гэтаму рэгіёну з этнаграфічнымі даследаваннямі пашчасціла тым, што тут калісьці пабываў ужо згаданы славуты даследчык Аляксандр Сержпутоўскі.

Цікавая і вёска Багданаўка, самая заходняя на Лунінеччыне, адасобленая сярод лясоў. Тут размаўляюць на заходнепалескім дыялекце.

Як у Лобчы Кусту водзяць…

Калі звярнуцца да нематэрыяльнай культурнай спадчыны, то і тут Лунінеччына мае пэўныя адметнасці ў святах, звычаях і абрадах.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека ў 2014 годзе быў уключаны абрад “Ваджэнне Кусты” з вёскі Лобча.

Абрад на другі дзень Тройцы — свята для ўсей вёскі і для гасцей з іншых мясцін. Арганізоўвае мерапрыемства народны фальклорны калектыў “Лабчанка” Лобчанскага сельскага Дома культуры. Доўгі час калектывам кіравала Настасся Іванаўна Якавец, якая, на жаль, некалькі гадоў назад пайшла з жыцця, але яе справу працягваюць калегі і аднадумцы.

Тройца — свята маладой зеляніны, з якой параўноўваюць дзяўчыну, што хутка возьме шлюб  і пакіне свой род (адарвецца ад свайго куста роду). Таму ў куставых песнях спяваюць пра жаночую долю, жыццё ў сям’і свёкра і свякроўкі. Усе песні і прыпеўкі выконваюцца на мясцовым дыялекце.

Падобна як на зімовыя “калядкі”, удзельнікі выходзяць на вясковыя вуліцы і накіроўваюцца ў двары аднавяскоўцаў. Дасылаюць шчырыя віншаванні са святам Тройцы, жадаюць дастатку і здароўя гаспадарам. У адказ тыя адорваюць гасцей салодкімі пачастункамі, просяць не мінаць іх у наступны раз. Даўно заўважана, што тую хату, дзе пабывала “Куста”, чакаюць добры ўраджай і поспехі ў справах  усіх насельнікаў.

Што ні вёска — свой абрад

Свае адметныя фальклорна-этнаграфічныя святы і абрады ёсць і ў шэрагу іншых вёсак Лунінеччыны.

Адзін з іх — вясельны абрад “Перапой”, які здаўна бытуе ў вёсцы Дзятлавічы. Калі маладыя вянчаліся ў царкве і потым вярталіся дадому, на дарозе іх “пераймалі” жыхары вёскі. Загадзя рыхтавалі стол, ручнік, хлеб і соль. Убачыўшы, што маладыя едуць, гэты стол выносілі на дарогу і перагароджвалі праезд. Вясельны картэж павінен спыніцца. Да стала выходзяць хрышчоныя бацька і маці маладога і кажуць: “Дзякуем вам, людзі, што маладых нашых не забылі, жадаеце ім шчасця, здароўя”. Потым хрышчоныя бацькі маладога забіраюць хлеб-соль з сабой, а на стол з ручніком ставяць частаванне. Можа гучаць абрадавая вясельная песня. Лічылася вельмі добрай прыкметай, калі картэж спыняць тры разы.

У невялікай вёсцы Барсукова на свята “Калядкі” ўвечары вараць куццю. Стол засцілаецца сенам і накрываецца абрусам. Верхнюю частку куцці з гаршка астаўляюць для свойскай птушкі і скармліваюць раніцай на другі дзень. Пасля вячэры выцягваюць з-пад абруса сена. Калі выцягваецца сена доўгае, то будзе доўгі лён, а калі кароткае, то зародзіць слабы лён.

На першы дзень Каляд і на працягу ўсёй ночы ходзяць каляднікі. Моладзь, мужчыны і жанчыны, дзеці збіраюцца асобнымі групамі, бяруць з сабой шумавыя і музычныя інструменты, калядную атрыбутыку і пераходзяць з хаты ў хату, спяваюць, віншуюць гаспадароў. Потым каляднікі збіраюцца ў адной хаце і частуюцца накалядованымі прысмакамі.

А ў вёсцы Дрэбск цікава адзначаюць свята Дзяды. На вячэру збіраецца ўся сям’я. На стол ставяць свечку, пусты посуд, на якім пакідаюць страву для нябожчыкаў. У цэнтры стала ставяць міску, у яе наліваюць вады, салодзяць і кладуць кавалачкі белага хлеба. Гэта страва называецца “кана”. Абрадавыя стравы вараць з рыбай, грыбамі, алеем. Ставяць іх на прыпечку, там жа ставяць посуд, на які кладуць гарачае вуголле і кавалачак свечкі. Калі свечка задыміць, бяруць у рукі, перахрышчваюцца, чытаюць “Ойча наш” і потым гэтай талеркай тройчы абносяць стравы на стале і прыпячку. Перахрышчаную “кану” пакідаюць нябожчыкам, каштуюць тры разы, затым ставяць квас, суп, кашу. У канцы застолля даядаюць “кану”. Асабліва яе хапаюць дзеці, каб была добрая памяць. Затым у гэты самы посуд льюць ваду, абмокваюць тры пальцы, склаўшы іх, як пры хрышчэнні, і змочваюць спачатку ладонь, а затым вусны (тры разы). Посуд не мыюць. Талеркі для нябожчыкаў таксама не прыбіраюць (ежу раніцай выкідваюць курам).

Замест высновы

Як бачым, традыцыі народнай культуры на Лунінеччыне не забытыя і ў наш “глабалізаваны” час. Што праўда, змяніліся маштабы іх існавання: калі раней народнае мастацтва ахоплівала амаль увесь сялянскі побыт, то сёння яго сфера звузілася. Але ж мясцовыя работнікі культуры, самадзейныя артысты, аматары мастацтва імкнуцца захаваць і адрадзіць традыцыйныя каляндарныя святы і абрады ў кожнай вёсцы — з народнымі песнямі і прыпеўкамі, байкамі і вершамі, прыказкамі і прымаўкамі. Каб ведалі ў нашай краіне Лунінеччыну не толькі як “чыгуначны”, “клубнічны” або “гранітны” край, але і як самабытны культурны рэгіён.