Лунинец

Наша калега выдала новую кнігу

У ААТ «Брэсцкая друкарня» выйшла кніга прозы Людмілы Хмялеўскай «Іронія быцця». Творчая біяграфія аўтара прадстаўлена чытачам так: «Людміла Васільеўна Хмялеўская нарадзілася і жыве ў Лунінцы. У 2000-2002 гадах з дапамогай творчага клуба «Муза» выдала паэтычны зборнік «Время перемен», зборнік эсэ «Отражение» і аповесць «Бережёного Бог бережёт», якія сталі ўступнымі працамі ў Літаратурны інстытут імя Максіма Горкага ў Маскве. Фрагмент дыпломнай работы (з аповесці «Ветряные мельницы») быў апублікаваны выдавецтвам Літінстытута ў зборніку «В шесть часов вечера каждый вторник». 

Людміла Хмялеўская - сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў, дыпламант рэспубліканскага конкурсу Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы. Друкавалася ў часопісе «Абажур» (Мінск), альманахах  «Жырандоля» (Брэст) і «Форма слова» (Масква). У 2015 годзе выдала кнігу прозы «Адлюстраванне».

Прывядзем таксама тэкст прадмовы да новай кнігі, якую напісаў сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра Аляксей Белы.

ЯК НА СПОВЕДЗІ

«Не скажаш, што імя Людмілы Хмялеўскай ужо вядома шырокаму колу чытачоў. I ўсё ж за творчасцю выпускніцы Маскоўскага літаратурнага інстытута імя Максіма Горкага сочаць многія. I тым больш ёсць спадзяванне, што яе новая кніга, якая атрымала назву «Іронія быцця», знойдзе сваіх прыхільнікаў.

Людміла добра ведае жыццё. Можа таму, што, працуючы ў журналістыцы, сутыкаецца з многімі людзьмі, адсочвае іх лёсы, аналізуе. Гэта адчуваецца, калі чытаеш яе маленькія апавяданні, такія, як «Жыццё на потым». Чым цяпер задавальняюцца многія з тых, хто нас атачае? Сабраць грошай на іншамарку, круцейшую, чым у суседа, на лепшую, чым у яго, мэблю... Мэта такога існавання - павыпендрывацца. Некалі наконт гэтага напісаліся такія радкі: «Чамусьці на асобы недарод, напэўна, ёсць для гэтага прычыны... Адзін са скуры лезе, каб народ адразу пазнаваў яго машыну. Тады душа ў яго ажно пяе: ў машыне не замерзнеш, не намокнеш... Ён цісне чыпам, выйшаўшы з яе, і думае, што ўсе ўжо ў вокнах». Тонкая філасофія ў замалёўцы аўтаркі «Любіце адзін аднаго». На яе думку, калі страсці кіпяць, заўсёды застаецца накіп крыўд. I пазбавіцца гэтага можна, змыўшы накіп слязьмі. Але... Калі змываць падчас кіпення, ёсць небяспека выпарэння пачуццяў!

Цікавыя высновы робіць Людміла наконт таго, што ўсё ў жыцці замыкаецца колам. Час замыкаецца цыферблатам гадзінніка, ідзе па кругу. Нас атачаюць колам нашы знаёмыя. Нават плот вакол сядзібы, які зусім не круглы, атачае нас колам. Можа таму, што мы глядзім на свет круглымі вачыма.

Разважаючы аб сэнсе жыцця, Людміла Хмялеўская ў чарговы раз задаецца пытаннем: навошта чалавек, які ўвесь год «есць не ў сябе» і п’е колькі ўлезе, напярэдадні велікодных святаў пачынае мучыць свой арганізм дыетамі, якія чамусьці называе пастом? Каго ён хоча падмануць? Сябе? Ці Бога?

Урывак з апавядання «Ветраныя млыны» - сумная гісторыя пра лёс маладой жанчыны, якой так няпроста знайсці сябе ў правінцыйным гарадку. Людміла сама жыве ў такім невялікім горадзе, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць, дзе, страціўшы аднойчы працу, ты нічога іншага ўжо не знойдзеш.

У творах аўтаркі шмат спасылак і цытат. Адчуваецца, што навучанне ў літінстытуце ў Маскве, у якім атрымлівалі веды многія нашы выбітныя літаратары, не прайшло марна. Бачыцца і тое, што Людміла і цяпер шмат працуе над сабой. Яна мысліць неардынарна. I невыпадкова на адным з псіхалагічных трэнінгаў, калі ўсе ўбачылі на малюнку партрэт, Хмялеўская - ныраючых у моры дэльфінаў, з якіх якраз і складалася аблічча прыгожай жанчыны.

Роднае Палессе, Лунінеччына - цудоўныя абразкі малой радзімы, якую аўтарка ніколі надоўга не пакідала.Таму асабліва каштоўныя ўзгадкі пра дзяцінства, пра паездкі з бацькам, пра тое, як ён зарабляў на жытло на Поўначы і як савецкая дзяржава абкрадала асабліва працавітых. Цікава даведацца з кнігі, што ў Лунінцы стаяў помнік засваенню космасу. Потым яго знеслі па прычыне таго, што ён не меў гістарычнай каштоўнасці...

Людміла паказвае жыццё сваіх блізкіх, нічога не ўпрыгожваючы, такім, якое яно ёсць, - распавядае пра дзеда-чумака, пра няпростыя стасункі з адной з бабуль, пра паводзіны бацькі... Не кожны здольны на такую адкрытасць. Па сутнасці, гэтыя шчырыя радкі - споведзь аўтара перад чытачамі. Відавочна, што з такой шчырасцю Людміле Хмялеўскай вельмі няпроста ісці па жыцці. Але яна такая, якая ёсць».

Дададзім, што ў кнігу ўвайшлі 19 празаічных твораў: апавяданні, эсэ, мініяцюры, па ўрыўку з аповесці і рамана.

Некаторыя з твораў гл. тут: 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509