Лунинец

ПАДТРЫМЛІВАЦЬ АГОНЬ БЕЛАРУСКАСЦІ

Наша размова з самым вядомым «дылетантам» краіны адбылася ў СШ №2 г.Лунінца. Менавіта сюды завітаў акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт, якога большасць ведае па перадачы “Падарожжы дылетанта”. Яна пачала выходзіць у 2001 годзе: спачатку на БТ, потым на СТВ. За ўвесь час выйшла некалькі соцень выпускаў. Кожны распавядае пра канкрэтную беларускую вёску ці мястэчка.
Юрый Жыгамонт / Фото: Николай Ильючик.

6 кастрычніка Юрый Жыгамонт правёў спецыяльныя ўрокі беларускай мовы ў сярэдніх школах №1, №2 і №4. Заняткі адбыліся ў рамках адукацыйнага праекта “Чытаем па-беларуску з Velcom”. Гэтая праграма ахоплівае 25 школ у кожнай з абласцей Беларусі. Арганізатар праекта - кампанія Velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Заняткі разлічаны на малодшых школьнікаў. Прэс-урок у школе №2, на якім я прысутнічаў асабіста, прайшоў у захапляльнай форме. Адчувалася, што дзецям такія заняткі даспадобы.

- Юрый Уладзіміравіч, Вам падабаецца тое, чым займаецеся?
- Я вельмі рады, што зноў магу сустракацца з маленькімі беларусамі ў рамках сацыяльнай ініцыятывы “Чытаем па-беларуску з Velcom”. На гэтых сустрэчах імкнуся данесці да дзяцей усю прыгажосць беларускай мовы, распавесці пра тое, наколькі важна ведаць сваю гісторыю і свае карані.

- Мы яшчэ вернемся да гэтага праекта, я ж хачу запытацца пра “Падарожжы дылетанта”. Некалі сам з вялікай цікавасцю глядзеў гэтую перадачу. Зараз яе, на вялікі жаль, няма на тэлебачанні. Ці магчыма вяртанне?
- Няма нічога немагчымага. Але пры жаданні кожны стары і новы выпуск можна глядзець у сеціве. Такую магчымасць вам дасць сайт ZHYGAMONT.BY, таму засмучацца не варта.

- Ці ёсць нейкая розніца паміж перадачамі, якія мы бачылі на тэлебачанні, і тымі, што можам паглядзець на сайце?
- Нічога не змянілася. Праграма мае такую ж працягласць - амаль паўгадзіны. Застаецца тая ж музычная застаўка ад “Старога Ольсы”, тая ж назва. Ужо знялі некалькі новых выпускаў. Будзем выкладаць і старыя запісы. А некаторыя нават будзем пераздымаць. Бо калі перадача выходзіла на БТ, то не заўсёды можна было паказаць альбо распавесці ўсё, што хацелася нам самім.

- Юрый Уладзіміравіч, ці ёсць нейкія планы наконт новых вандровак і падарожжаў?
- У Беларусі шмат мясцін, якія я яшчэ не наведаў. У перспектыве мы з маёй камандай маглі б сабраць пэўную відэаэнцыклапедыю беларускіх вёсак і мястэчак.

- Спадар Юрый, адкуль у вас такая прыязнасць да беларускай мовы?
- Я беларус, і мова наша беларуская, а не якая іншая.

- Дарэчы, адкуль Вы родам?
- Я нарадзіўся на Палессі, у Гомельскай вобласці.

- За гады праекта “Падарожжы дылетанта” колькі вёсак і мястэчак вы наведалі?
- Ніколі не лічыў, але шмат.

- Што асабліва запомнілася? Было нешта асабліва адметнае ці незвычайнае?
- Кожная вандроўка мела нейкую асаблівую адмеціну. І падрыхтоўка кожнага выпуску – гэта пэўная імправізацыя, там нельга прытрымлівацца сцэнарыя, бо тады перадача не будзе, на мой погляд, цікавай.

- Юрый Уладзіміравіч, ці магчыма пры дапамозе такіх ці падобных да іх мерапрыемстваў прывіць павагу да роднай мовы?
- Мерапрыемствы такога чыну і накіраваны якраз на тое, каб папулярызаваць мову. Наша мэта, каб дзеці атрымалі практычныя навыкі роднай мовы ў захапляльнай форме.

- А як наконт больш радыкальных спосабаў, то бок павялічыць колькасць гадзін беларускай мовы ў навучальных установах ці імкнуцца да таго, каб у краіне Беларусь была адна дзяржаўная мова - беларуская?
- Можа, некалі адбудзецца нешта і з таго, што вы назвалі. Але наша задача на сёння - менавіта звярнуць увагу на родную мову. Сваім удзелам у падобных мерапрыемствах мы падтрымліваем агеньчык беларускасці, не даем яму згаснуць. А наконт некалькіх моў скажу так: чым больш моў ведае чалавек, тым лепш.

- Як мне ўспрымаць акцыю ад Velcom: як рэкламу, каб зарабіць грошы, ці яны і сапраўды дбаюць пра мову? Ці не выкарыстоўваюць яны мову як нейкі сувенір, якім можна гандляваць?
- Што праяўляюць такую цікаваць, ужо добра. Гэтаму праекту споўніўся год. Ён пачаўся ў кастрычніку 2015 года. За гэты час у займальных занятках па беларускай мове прынялі ўдзел больш за 8 тысяч школьнікаў. Плануецца, што праект ахопіць 150 школ па ўсёй Беларусі, і больш 15 тысяч вучняў пачатковых класаў атрымаюць дадатковыя веды па беларускай мове, літаратуры, гісторыі і краязнаўстве. Карпарацыя Velcom - яскравы прадстаўнік цывілізаванага бізнесу, а ён павінен несці сацыяльную адказнасць, таму кампанія вырашыла падтрымаць родную мову. Нічога дрэннага ў гэтым я не бачу.

- Чаму быў абраны менавіта такі фармат заняткаў?
- Заняткі, праведзеныя такім чынам, нясуць дзецям не толькі новыя веды, але і пазітыўныя эмоцыі, а яшчэ выклікаюць цікавасць да вывучэння роднай мовы.

Дзякуем Юрыю Жыгамонту за размову, жадаем яму поспехаў і новых вандровак. Не выключана, што галоўны «дылетант» краіны некалі яшчэ наведае Лунінецкі раён, бо наш край таксама багаты на цікавыя месцы, пра якія варта расказаць усім.

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509