Блоги

Талерантны Берлін

Аповед, жыццёвая гісторыя.
Берлін / Фото: Мікалай Ільючык.

Была вясна. Даволі позняя тым годам, але мая задумка адсвяткаваць уласны дзень нараджэння ў Берліне разам з сябрамі, магла наблізіць прыход сапраўднай вясны ў маім жыцці як мінімум на два тыдні. Тут заўсёды цяплей. Не раз назіраў – дома толькі пачынае раставаць снег, а тут ужо квецень і птушыны гармідар.

З сябрамі я сустрэўся. Сярод іх і немцы, і габрэі. Сябры сяброў самых розных нацыянальнасцей і я – адзіны беларус, што вырашыў сустракаць уласнае свята ў адзін з красавіцкіх надвячоркаў у гэтым прыгожым, прыязным і талерантным горадзе, што гасцінна прымае ўсіх.

Вырашылі святкаваць у грузінскім рэстаране, для мяне гэта было новае, а таму ўдвая цікавейшае. Я ніколі не наведваў Грузію і ніколі не быў у такіх месцах, кшталту таго ўтульнага рэстаранчыка. Тым больш, што такая шматлікая і шматнацыянальная кампанія сабралася не толькі з той нагоды, што ў гэты дзень нарадзіўся нейкі там беларус. Габрэі святкавалі Песах, супадзенне не болей. Хоць мае словы аб тым, што я нарадзіўся на першы дзень Вялікадня і не кожны год магу адзначаць поўнавартасны дзень народзінаў, выклікалі цікавасць прысутных. Да таго ж я дадаў, што паўтор супадзення даты майго нараджэння і Вялікадня быў усяго некалькі разоў за жыццё, а адзначаць дзень нараджэння і Песах даводзіцца ўпершыню, і гэта для мяне асаблівы дзень.

Афіцыянты насілі замоўленыя стравы. Кампанія за агромністым сталом выказвала сваё задавальненне, усе былі ўпэўнены – з выбарам рэстарана мы не прагадалі. Я назіраў за людзьмі, рабіў нейкія высновы. Кагосьці я ведаў даўно, некага бачыў колькі разоў, а з некаторымі сустрэўся ўпершыню.

Адзін з маіх сяброў сядзеў насупроць. Ён быў з новай сяброўкай. Я адзначыў, што ўсе ягоныя новыя пасіі падобныя да папярэдніх. Навошта ж тады іх мяняць? Было смешна назіраць, як яны, робячы выгляд сапраўды закаханых, елі з адной талеркі, хоць побач стаяў абсалютна некрануты посуд. Жанчыне было няёмка ад такіх заляцанняў, але яна пакорліва ела не толькі з ягонай талеркі, але нават каштавала тое, што ён падаваў ёй на сваім відэльцы. Потым ён цалаваў яе тлустымі вуснамі не скарыстаўшы нават папярэдне сурвэткі.

Другі мой сябар, пакінуўшы жонку ў кампаніі такіх жа жанчын нявызначанага ўзросту, сеў побач са мной, каб проста паразмаўляць. Жанчыны гаманілі аб нечым сваім. Што тычыцца ўзросту, то ты ніколі яго не даведаешся. Ты можаш думаць, што заўгодна і пра колькасць касметыкі на іх тварах, пра вопратку і нават пра пластыку. Ты думаеш, што ёй недзе крыху за сорак, а потым аказваецца, што ў адной ёсць унукі, у другой праўнукі, а трэцяя ніколі не была замужам… Але яны проста сябруюць, як і ўсе ў гэтай кампаніі. Некалі перасякаліся ў жыцці, былі нейкія абставіны для першай сустрэчы і знаёмства. Кожны прымае іншага такім, які ён ёсць. Тут не прынята задаваць недарэчных пытанняў. Кожны дазваляе ведаць іншаму менавіта тую частку асабістага, якую лічыць патрэбнай.

Мы з сябрам паспелі абмеркаваць надвор'е, не забыўшыся пра глабальнае пацяпленне, узгадалі маіх і ягоных сыноў, пагаманілі пра грузінскую кухню, не прамінуўшы геапалітычнае становішча закаўказскага рэгіёна. Ён задаў колькі пытанняў пра Беларусь, жартуючы пра новы закон аб беспрацоўных, якія павінны плаціць дзяржаве за сваё беспрацоўе, а не наадварот, як прынята ва ўсім свеце. Я знаходзіўся ў тым песімістычным настроі аб радзіме, які бывае тады, калі ты знаходзішся недзе ў замежжы і бачыш тыя рэаліі, у якіх жывуць людзі, нармальна так жывуць. Таму я не хацеў падтрымліваць размову пра сінявокую і прывёў словы з песні гурта N.R.M.: “У нашай краiне ніколі не ўзыдзе сонца”.

У сябра ўласнае лецішча недалёка ад Берліна, таму я досыць удала змяніў тэму, загаманіўшы пра тое, што ён будзе сеяць там і саджаць гэтай вясной. Я даў яму некалькі парад з аграноміі, чым той застаўся цалкам задаволены.

Пасля некалькіх бакалаў выпітага віна кампанія ажывілася. Мы ж працягвалі размаўляць з сябрам. Калі яшчэ будзе такая нагода. Гаварылі пра Песах і пра габрэйскую гісторыю, пра нямецка-ізраільскія адносіны і стаўленне Мэркэль да сітуацыі на Блізкім Усходзе, пра Халакост і палітыку Еўразвязу…

Сябру прыспешыла выйсці, ён выбачыўся і сышоў. Я перакінуўся парачкай сказаў з закаханымі і паспрабаваў унікнуць у тое, што так актыўна абмяркоўвалі жанчыны на левым рагу стала.

- Наша Эліс такое выкінула, - у захапленні распавядала адна з жанчын без узросту.

- Я ад Эліс такога не чакала, - падтрымала іншая, што сядзела побач.

“Наша Эліс, наша прыгажуня, мілая Эліс, наша гарэза…” Жанчыны з такім захапленнем гаварылі пра таямнічую Эліс, я падумаў, што гаворка ідзе пра нейкую маленькую дзяўчынку. Можа ў адной з жанчын ёсць унучка, а іншая ўсё ведае і падтрымлівае размову, альбо не інакш яны сваякі, а можа нават і блізкая радня. Але потым адна з жанчын паведаміла прысутным жахлівую навіну – у Эліс балеў жывоцік, у яе адыходзілі газы, але надта марудна і яны вазілі яе да ветэрынара. Толькі пасля гэтага, такі я доўбня, зразумеў, Эліс – сабачка.

Вярнуўся сябар. Жанчыны прадаўжалі нешта расказваць з жыцця непаўторнай Эліс, а я схіліўся да сябра і прашаптаў у самае вуха:

- Яны, што сёстры?

- Не, яны лесбі, - як ні ў чым не бывала адказаў той.

Вось ён Берлін, талерантны горад. І я ў ім. Беларус у грузінскім рэстаране, у нямецкай сталіцы, у кампаніі немцаў, габрэяў і людзей невядома якіх нацыянальнасцей, святкую дзень народзінаў, Песах і проста сустрэчу з сябрамі. Тут няма ніякай справы ўвогуле, якой ты нацыянальнасці, якое тваё веравызнанне, сацыяльны статус ці сексуальная арыентацыя. Ты проста чалавек сярод людзей, ты насельнік планеты Зямля, што сёння аказаўся тут, а заўтра апынешся ў іншым месцы.

Адна з уладальніц абаяльнай Эліс пакінула кампанію. Нічога дзіўнага, у кожнага могуць быць нейкія справы, тым больш пасля таго, як пару гадзін прасядзіш за такім шчодрым сталом. Жанчыны не было некалькі хвілін.

Раптам у рэстаране згасла святло. Толькі цьмяна блішчэлі свечкі на століках. На шмат якіх мовах свету, бо рэстаран быў запоўнены цалкам і вольных столікаў не было, прагучалі пытанні: “Што здарылася? Дзе святло?”

Нечакана ля ўваходных дзвярэй успыхнуў нейкі феерверк. У святле рознакаляровых іскраў можна было пабачыць чалавека ў папасе белага колеру і бурцы. Нацыянальны грузінскі касцюм і кінжал на поясе выглядалі досыць каларытна. Іскры зіхацелі, вылятаючы прама з торта, што трымаў гэты чалавек, да самай столі.

- Happy Birthday to you! Хепи бёздэй ту ю!

Па голасе я пазнаў яе, шчаслівую гаспадыню шчаслівай Эліс. А ўсе прысутныя ў рэстаране магутным хорам пачалі спяваць:

- Happy Birthday to you! Happy Birthday to you! Happy Birthday! Happy Birthday! Happy Birthday to you!

Раздаліся гучныя воплескі, я пакланіўся ў знак падзякі за такое нечаканае віншаванне. А той торт быў уручаны асабіста мне і быў паспяхова выкарыстаны за нашым сталом у якасці дэсерту.

Прайшоў час, але я з цеплынёй узгадваю той вечар у такой прыязнай кампаніі ў такім мілым і талерантным Берліне. Узгадваю і дзядулю – вясковага філосафа, што казаў мне некалі: “Ведаеш, сынку, усялякія людзі ёсць на свеце, і ўсе хочуць жыць”.

 

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509