Блоги

Ленін мост

Апавяданне.

Я не аднойчы бачыў той мост. Нават колькі разоў праязджаў праз яго, едучы ў бок Слуцка. Стаіць сабе, такі ахайны, дагледжаны і нават прывабны, калі так можна сказаць пра звычайнае, тыповае збудаванне.

Аднойчы знаёмы кіроўца, што распавядаў нейкую дарожную гісторыю, прамовіў не нарокам: “Неяк мы спыніліся адразу за Леніным мостам. Там яшчэ такі добры пляц на ўзбоччы, адстойнік для дальнабояў”. Ён удакладніў паміж якімі населенымі пунктамі той мост знаходзіцца і дадаў: “Ну што ты, хіба не ведаеш? Сам жа колькі разоў там быў”.

Быў-то быў, але мяне зацікавіла назва. Калгасы, вуліцы, бібліятэкі, нават гарады назвалі ў гонар правадыра пралетарыяту. Але каб мост! Дзіва нейкае! Увогуле не чуў такога каб у нашай краіне масты мелі назву. Таму я быў здзіўлены і раззлаваны адначасова.

- Здурэлі зусім, мост у гонар Леніна назвалі!

- Ты што, які Ленін? У гонар Ленкі, што яго будавала, - кіроўца гучна рассмяяўся з маёй недасведчанасці ў галіне мостабудавання.

- Што яшчэ за Ленка?

- Алена Уладзіміраўна, яе маладым спецыялістам накіравалі ў наш трэст. Прыгожая была дзеўка, я табе кажу, халасцякам нашым спакою не было ад яе. Як мухі на мёд ляцелі, умела прывабіць.

- А потым што, як склаўся яе лёс? Мост стаіць, а з ёю што?

- Ты ж не малы, павінен разумець, што ад вялікага кахання з’яўляюцца дзеці. Так і з ёю. Кахалі многія, а бацькам стаць ніхто не захацеў. Падгадавала яна сыночка да гадочка і ўзнагародзіла старых, але яшчэ моцных бацькоў не ўнукам, а быццам бы сынам прыёмным. Але гэта так, людзям на язык…

У наш трэст Аленка болей не вярнулася. Дзесьці ў райкаме пасада знайшлася, і пачала Алена Уладзіміраўна рухацца па партыйнай частцы. Усё жыццё, як кажуць, на кіраўнічых пасадах. Дэпутаткай была. Я сам колькі разоў звяртаўся да яе, дапамагала па старой памяці, выручала, не адмовіла.

Мой суразмоўца яшчэ доўга агучваў нейкія падрабязнасці, але тая размова так і засталася проста шараговай балбатнёй ад нечага рабіць, каб толькі змарнаваць час. Але праз колькі гадоў мне давялося ўзгадаць пра тую размову.

Неяк на адной калялітаратурнай тусоўцы ў гарадской бібліятэцы суседняга райцэнтра заўважыў жанчыну ўжо сталага веку, але яшчэ з нястрачанымі прывабнымі рысамі. Яна і ў такім узросце была прыгожай і дзесьці нават шыкоўнай. Вечарына скончылася і яна сама падышла да мяне, сказала, што чытала мае творы і выказала жаданне набыць маю кнігу.

- Каму падпісваць? – пацікавіўся я.

- Алене Уладзіміраўне, - ціха прамовіла мая прыхільніца і назвала прозвішча.

Мяне быццам токам праняло. Ці можа быць такое супадзенне? Але як запытацца, каб не пакрыўдзіць?

- Алена Уладзіміраўна, дазвольце запытацца, а хто вы па адукацыі і адкуль такая цікавасць да літаратуры?

- Літаратуру люблю, і не толькі яе. Увогуле, я бываю амаль на ўсіх культурных мерапрыемствах, што ладзяцца ў нашым горадзе. Адукацыя мая далёкая ад усяго гэтага, я інжынер-дарожнік. Будавала масты, дарогі…

- Прабачце, а Ленін мост на слуцкай шашы – ваша работа?

- Мая, - Алена Уладзіміраўна няёмка ўсміхнулася, - хлопцы з нашага трэсту жартаўнікі былі яшчэ тыя, вось і прычапілася тое “Ленін”…

Праз нейкі час мы сустрэліся яшчэ. Былі тэлефонныя размовы і сталае ліставанне. Потым нашы стасункі сталі прыяцельскімі і нават сяброўскімі. Некалькі разоў я быў у яе ў гасцях. Алена Уладзіміраўна як суразмоўца была здатнаю да доўгіх бясед. З ёю было цікава. Эрудыт і прыхільніца ўсяго беларускага яна магла зацікавіць кожнага, мяне ў тым ліку. Як аказалася, знайшліся ў нас і агульныя знаёмыя.

Алена Уладзіміраўна – добры краязнаўца. Некалькі разоў мы ажыццяўлялі нейкія вандроўкі. Час ад часу мы прыязджалі да яе ўсёй сям’ёй і яна ладзіла для нас нейкія цікавыя экскурсіі па наваколлі.

Потым адбылася неспадзяванка. Прычым непрыемная. Алена Уладзіміраўна захварэла. Цяжкая хвароба прывяла яе да нейкага ступару. Доўга не было ані тэлефанаванняў, ані лістоў. На мае намаганні дастукацца яна ніякім чынам не адказвала. Але аднойчы я з задавальненнем дастаў з паштовай скрыні капэрту са знаёмым почыркам. Алена Уладзіміраўна, хоць была досыць эмацыйным чалавекам, вельмі стрымана напісала пра ўласную хваробу і прасіла прыехаць. У бліжэйшы выходны мы сустрэліся.

- Ведаеш, Колечка, у мяне няма нікога бліжэйшага за цябе. Стрыечны брат далёка, сястра, таксама стрыечная, яшчэ далей. Ды ім няма ніякай справы да мяне, бо, кажучы сумленна, і мне да іх ніколі не было ніякай цікавасці. А той, прыёмны, што гадавалі бацькі, быццам з глузду з’ехаў. Не хочу нават узгадваць… У мяне просьба да цябе.

- Якая? – я паглядзеў у яе сумныя вочы, пагатоў дапамагчы, чым магу, канешне ж.

- Паедзь, калі ласка, са мной у бальніцу, так трэба. Ты ж не адмовіш жанчыне?

- Чаму б не? Калі трэба, то трэба.

Праз паўгадзіны мы былі на месцы. Сумныя людзі ў бальнічным калідоры выглядалі прыгнечана. У ардынатарскай сядзеў маладжавы доктар. Ён адвярнуўся ад манітора ў бок нечаканых наведвальнікаў.

- О, Алена Уладзіміраўна, вітаю. Што здарылася? Вы да мяне сёння без запрашэння, - анколаг шчыра ўсміхнуўся.

- Прывітанне Іван Іванавіч! Я да вас з сур’ёзнай справай. Я прашу, калі ласка, пазначце імя і прозвішча гэтага чалавека, а таксама ягоны нумар тэлефона. Гэта самы блізкі мне чалавек, мы даўно сябруем. Калі са мной здарыцца нейкая неспадзяванка, то вы будзеце ведаць, каму патэлефанаваць.

- Але ж, Алена Уладзіміраўна, я павінен ведаць, ці сам ён згодны на такое. Не падзяляю і вашага песімізму, бо лячэнне вашае ідзе досыць паспяхова, дарма вы пра нейкую неспадзяванку гамоніце, варта думаць пра добрае, самы час.

- Іван Іванавіч, я кабета не першай свежасці, сёмы дзясятак ззаду, усё можа быць.

- Я не буду спрачацца, калі Мікалай Пятровіч не супраць, то я запішу вашы каардынаты і пазней унясу іх у вашу картку.

- Не, я не супраць, - больш чым стрымана адзначыў я. - Няхай будзе так, адмаўляць дзяўчыне не варта, а колькасць гадоў не мае значэння.

- Я бачу тут адны жартаўнікі сабраліся. Добра, калі ў вас да мяне няма больш ніякіх прапаноў, то мушу пайсці, справы не чакаюць.

Мы развіталіся з прыязным доктарам і паехалі дадому да Алены Уладзіміраўны. Сядзелі на кухні, пілі гарбату і размаўлялі. У асноўным гаварыла яна пра сваю сумную будучыню. Алена Уладзіміраўна запэўнівала, што яна падрыхтаваная да ўсяго і грошай хопіць і на труну, і на памінальны стол, і на помнік. Наступным разам прапанавала з’ездзіць на могілкі, каб паказаць месца, што падрыхтавала загадзя, побач з бацькамі-нябожчыкамі, што зышлі ў лепшы свет з дзясятак гадоў таму.

- Алена Уладзіміраўна, можа хопіць гэтых размоў? Доктар сказаў, што ўсё будзе добра. Хвароба ваша вылечная і ўсё будзе добра, і я ўпэўнены ў гэтым.

- Колечка, я ж не супраць. Няхай усё будзе так, як ты кажаш, але трэба быць абачлівым. Прабач, але прымі гэта як маленькі жаночы капрыз. Усё жыццё я дбала пра сябе сама і хачу быць падрыхтаванай літаральна да ўсяго.

- Але чаму я павінен усё гэта выслухоўваць?

- З мужчынамі мне ніколі не шанцавала, бадай што акрамя цябе, - яна гучна засмяялася ад уласнага жарту. - Не крыўдуй, гэта проста сяброўская просьба. А сцэнар я дашлю табе пазней.

- Які яшчэ сцэнар?

І сапраўды, не прайшло і тыдня, і ліст ад яе я ўсё ж атрымаў. Узяўшы ў рукі тоўстую, з мноствам марак, капэрту здагадаўся, што там менавіта той абяцаны сцэнар. З дзясятак  лістоў, з абодвух бакоў спісаных дробным почыркам, патрэбна было прачытаць не тое што тэрмінова, але цікаўнасць узяла верх – пачаў чытаць адразу.

Алена Уладзіміраўна насамрэч даслала сцэнар уласнага пахавання. Усё пачыналася з вопраткі, якую яна прыгатавала загадзя. Было пазначана, дзе ляжыць той клуначак, што сабрала яна ў сваю апошнюю зямную дарогу. Нават паклапацілася пра ўпрыгожванні, пярсцёнак і завушніцы белага металу з зялёнымі каменьчыкамі ляжаць у тым жа клунку, але ў адмысловай кардонцы.

Алена Уладзіміраўна відаць мела шмат клопату з гэтай падрыхтоўкай. Гэта колькі ж ёй давялося ўсяго перадумаць, каб загадзя ведаць, што і як павінна быць у апошні дзень яе знаходжання на гэтым свеце. Уласна і не яе самой, а ўжо толькі яе мёртвага і бяздушнага цела.

Далей у лісце змяшчаўся спіс людзей, дарэчы досыць вялікі. Гэта тыя людзі, якім патрэбна было паведаміць, што яе, для некага Алены, для некага Алены Уладзіміраўны, а для некага, не гледзячы на ўзрост, проста Лены, больш нямашака на гэтым свеце. У паведамленні патрэбна паведаміць чысло і час пахавання. Насупраць кожнага імя быў пазначаны кантактны нумар тэлефона.

Алена Уладзіміраўна паведамляла, што ў кафэ, недалёка ад яе дома, яна навяла даведкі, як больш-менш танна можна зрабіць памінальны стол для вышэйазначаных асоб. “Грошай хопіць, на ўсё хопіць, - пісала яна заканчваючы гэтым выразам амаль кожны абзац, - не хвалюйся”. Чаго мне хвалявацца? Насамрэч, я дакладна ведаў тады, ці здагадваўся, што мне не прыйдзецца нічым гэтым займацца. Мне ўжо тады было дакладна вядома, хто і якім чынам вырашыць усе пытанні, звязаныя з пахаваннем Алены Уладзіміраўны. Ведаў, што ёй яшчэ жыць ды жыць. Але ж убіла сабе нешта такое ў галаву. Замест таго каб проста жыць і насалоджвацца жыццём, вырашыла заняцца ўласна падрыхтоўкай да зыходу. Дзіўны чалавек!

Далей у сваім лісце Алена Уладзіміраўна паведамляла, што наведала некалькі рытуальных кантор, нагледзела труну, добрую і не надта дарагую. Тут жа быў пазначаны адрас і тэлефон фірмы, што займаецца такімі спецыфічнымі паслугамі. У лісце былі яшчэ нейкія звесткі, важныя і не надта. Але ж з такім падыходам, ды такім дакладным сцэнарам, пахаванне павінна было быць больш чым файным, ці па вызначэнню самой Алены Уладзіміраўны не горшым, чым у людзей.

Апошнія рэкамендацыі і пажаданні былі наконт святара. “Хоць я і камуністкай была, але ж аркестры ў нас час – гэта маветон, - пісала Алена Уладзіміраўна, - паклічце нейкага папа, за невялікія грошы адпяе і будзе ўсё, як у людзей”. Але ж я дакладна ведаў, што мая знаёмая, калі пайшла на пенсію, шмат куды спрабавала накіраваць свае ступакі ў пошуках сэнсу жыцця. Была ў праваслаўных, у каталікоў, у пратэстантаў… Няма сумневу, што калі б у горадзе былі мусульмане, будысты, крышнаіты, ці яшчэ нехта, то “засвяцілася” б і там. Усе яе намаганні так і не прынеслі пэўнага плёну, пошукі былі дарэмнымі. Бо нават пахаванне зводзілася да прымітыву: “каб так, як у людзей”.

Усё, што яшчэ не напісана ў гэтым лісце, Алена Уладзіміраўна абяцала давесці пры сустрэчы. Што яшчэ нешта? Што там яшчэ можа быць, калі нават час ад'езду рытуальнага аўтобуса пазначаны, засталося толькі дату ўставіць! Вось дык падыход! Мне было і смешна з такой абачлівасці, і сумна ад таго, што чалавек псуе сабе астатак жыцця вырашэннем нейкіх бязглуздых праблем, замест таго, каб проста жыць і насалоджвацца кожным адмераным днём. Але я пры чым? Навошта мне гэта ўсё? Якім чынам я маю дачыненне да гэтых дурношчаў, калі жывы чалавек займаецца ўласным пахаваннем? Я ёй не сын, не брат, не сват – ніхто, проста знаёмец. З якой нагоды яна абрала мяне быць саўдзельнікам яе не зусім здаровых, на мой пагляд, фантазій?

Адказы на мае пытанні дала сустрэча, што адбылася напрыканцы сакавіка. Алена Уладзіміраўна патэлефанавала і запыталася, ці магу прывезці ёй бярозавіку, хоць бы літраў з дзесяць. Чаму б не?! Паставіў у легкавік біклагу на сорак літраў і паехаў,  папярэдне паклаўшы ў кішэнь пінжака той шэдэўр эпісталярнага жанру ў таўсматай капэрце.

- Ой, Колечка, навошта так многа бярозавіку прывёз, мне да канца жыцця столькі не выпіць, - замест прывітання прамовіла Алена Уладзіміраўна.

Мне цяжка было адказаць ёй адразу, патрэбна было перавесці дух. Дзіва што, самастойна прывалок паўнюткую пасудзіну на другі паверх.

- Вып’еце, куды вы падзенецеся! Наступным годам зноў прывязу. Калі трэба, то кожную вясну буду вам яго вазіць.

- Але што ты кажаш такое? Ты што не атрымаў мой ліст?

- Атрымаў, Алена Уладзіміраўна, дурніца ўсё тое, што вы там напісалі.

- Як ты можаш такое казаць, я такая хворая, а ты яшчэ кпіш з мяне!

- Не вам вырашаць час зыходу. Не дадзена ведаць ні вам, ні мне, ні каму іншаму з людзей. А хвароба ваша не да скону. Жыць будзеце і не мала. Я гэта дакладна ведаю. І паперы вашы, вось яны, парвіце на дробныя шматкі і выкіньце ў сметніцу.

- Колечка, але ты адзіны чалавек, якому я давяраю. Я ж думала, што менавіта ты паклапоцішся пра мяне тады, калі я сама нічога ўжо не змагу для сябе зрабіць. Глядзі, грошы ў мяне ёсць. На ўсё хопіць.

Яна дастала з шафы нейкія паперы, кінула стос на стол. Пакорпалася ў паліцах і дастала таўсматы пакунак наяўных. Грошы былі перавязаны яркай стужкай.

- Вось, гэта валютны ўклад у адным банку, - яна нервова перабірала нейкія цэтлікі, - гэта ў другім, а гэта ў нашых грашах. А тут бачыш колькі?

- Алена Уладзіміраўна, але мне гэта не надта цікава. Вы ўсё жыццё збіралі грошы, каб патраціць іх на пахаванне? Вы курку купіць для сябе шкадавалі, думаючы пра аркестр ці папа, труну і памінальны стол. Ці ж для гэтага мы грошы зарабляем, Алена Уладзіміраўна?

- Ты малады, ты яшчэ нічога не разумееш. А я табе скажу: усё жыццё я была адна і клапацілася пра сябе таксама толькі сама. А тут гэтая хвароба яшчэ прыстала…

- Але ж хвароба ваша лечыцца. Лепш выдаткуйце хоць невялікую частку з таго, што ў вас ёсць, на лекі, на вітаміны, паедзьце на адпачынак у рэшце рэшт. Нельга ж так жыць каб кожны дзень думаць пра пахаванне, каб яно было не горшым, чым у людзей. А калі і горшым, то што з таго? І чаму для вас важна меркаванне нейкіх там абстрактных людзей? Прабачце, але ці вы часта лічыліся з меркаваннем людзей, калі проста жылі, недзе вучыліся, працавалі?

- О, тады я жыла! Асабліва ў той час, калі перастала будаваць масты. У мяне такія сувязі былі, такія знаёмствы. Любое пытанне магла вырашыць па аднаму тэлефанаванню! Адным словам “блатняк”. Дарэчы, ты ж абяцаў мяне на могілкі звазіць. Я павінна табе месца паказаць, заадно і бацькоў праведаю. Два гады там не была. Там даўно не робяць пахаванняў, але ж некалі “па блату” аслупавала месца і для іх, і для сябе. Праўда там была адна брыдкая гісторыя, потым раскажу. Дык што, паедзем?

- Паедзем, - без асаблівага імпэту вымавіў я.

На старых гарадскіх могілках ані душы. Я ездзіў ад адной алеі да другой, а яна ўсё не магла дакладна вызначыцца, дзе знаходзіцца тое месца. Відаць і сапраўды даўно не была, нешта сцерлася з памяці. Потым папрасіла спыніцца.

- Ідзі, нешта пакажу, - яна падвяла мяне да нейкага, на мой погляд неймаверна дарагога помніка, - хачу такі, замовіш для мне?

- Але, Алена Уладзіміраўна, - гэта цэлая скульптурная кампазіцыя, я нават не магу ўявіць пра якую суму тут можа ісці гаворка.

- Не турбуйся, у мяне на ўсё хопіць! Далей пехатой пойдзем. Я зразумела дзе мы, адсюль ужо не далёка.

Яшчэ досыць халодны вясновы вецер нехаця калыхаў голле рэдкай расліннасці. Каменне і штучныя кветкі як напамін, што тут няма месца жыццю, наводзілі на сум. Але раптам недзе ў гары гучна заспявалі птушкі, вясна ўсё ж, як-ніяк.

- Вось мае тата і мама. А гэта месца для мяне, - яна паказала на вольную дзялянку, -  сапраўды добра тут, ты згодзен? Буду ляжаць тут, побач з бацькамі.

Я паглядзеў на лапік паміж магіл. Чатырохкутнік з асеўшай глебай і рэдкай расліннасцю сярод зеляніны навёў на думку, што гэта месца некалі ўжо было магілай. Са здзіўленнем паглядзеў на Алену Уладзіміраўну і яна, не чакаючы маіх пытанняў, сама пачала размову.

- Бач, нахабнікі! Пайшла на пенсію, выпала з абоймы, думалі - ўсё, можна рабіць, што заўгодна. Занялі маё месца. Але я навучыла іх як след! Эксгумацыю зрабілі па рашэнні суда, я дабілася. Яшчэ і грошы спагнала за нанесеную мне маральную шкоду.

- Але, Алена Уладзіміраўна, можа не варта было так? Можа неяк можна было вырашыць усё іначай?

- Мне прапаноўвалі іншае месца, нават некалькі, на выбар. Але я паказала ім, хто ёсць хто!

На зваротным шляху мы амаль не размаўлялі. Пра што гаварыць? Было непрыемна, што чалавек, які падрыхтаваў сцэнар уласнага пахавання, яшчэ здольны нешта некаму даказваць.

Хацелася як мага хутчэй з’ехаць, але яна настаяла, каб я ўсё ж падняўся ў кватэру.

- Ну вось, ты ведаеш усё. Прашу, прасачы, калі ласка, каб было ўсё так як я хачу.

- Але чаму вы вырашаеце ўсё за ўсіх? Я нават не пра сябе кажу. Не вам вырашаць і нават не доктару, колькі вам адмерана! Можа і дзень зыходу свайго ведаеце? Нічога вы не ведаеце і ведаць не можаце!

- Чаго ты так раз’юшыўся? Я ведаю, а ты малады яшчэ, каб пра нешта такое разважаць! Пражыві з маё!

- Я ведаю, шмат чаго ведаю.

- То раскажы і мне, навучы, калі такі разумнік. Слухаю цябе!

- То і добра. Паслухайце і вы, маладога ды неразумнага. Алена Уладзіміраўна, усё будзе зусім не так, як вы там сабе напланавалі. Вас вылечаць, не ад хваробы скончыцца ваш жыццёвы шлях. Хутчэй за ўсё, як кажуць людзі, прыйдзецца памерці вам ад старасці.

- Але я і так не маладая? – Алена Уладзіміраўна паспрабавала ўсміхнуцца, але ўсмешка падалася фальшывай.

- Старасць яна ва ўсіх розная. Так што жыць вам яшчэ прыйдзецца. Зараз не ваш час.

- І што далей?

- Усё адбудзецца своечасова, не сумнявайцеся. Але самае дзіўнае, што потым усё станецца зусім не па вашым сцэнары. Нават нічога падобнага да таго, як спланавалі вы, не будзе.

- І што там будзе? Што ты там мне напрарочыш?

- Пахаваюць, у гэтым не сумнявайцеся. Больш чым трэба, на лаве ляжаць не будзеце. І тое, што вы просіце ў мяне, зробяць зусім іншыя людзі.

- Як гэта, Міколка? Я хачу каб ты гэта зрабіў. Ты ж самы блізкі мне чалавек. Ці нешта не так?

- Мяркую, што перад адыходам вам прыйдзецца злегчы на пару тыдняў, а можа, на месяц. Не крыўдуйце, але я ведаю, як сыходзяць старыя, я не буду ўдавацца ў падрабязнасці. Менавіта тады і з’явяцца тыя людзі. Стрыечныя брат і сястра. Магчыма знойдуцца такія сваякі, што вы нават і не ведаеце пра іх існаванне і ніколі не бачылі той радні. Знойдзецца сын, якім вы ніколі не цікавіліся. Пэўна ж, і да вас ён быў абыякавы. Але ў апошнія дні з’явяцца пачуцці, няхай сабе і несапраўдныя, але на тое будуць свае прычыны…

- І што за прычыны, - Алена Уладзіміраўна на манер простай вясковай жанчыны пляснула ў далоні, - з чаго б такая актыўнасць з боку магчымай радні? Мае грошы?

- Галоўная прычына – кватэра.

- Але ж я не афармляла нікому яе ў спадчыну.

- Не турбуйцеся, аформяць. Усё паспеюць, зробяць аператыўна і правільна. Сваркі будзе!

- Не прыдумляй, што ты такое кажаш?

- Грошы таксама будуць ашчаджаны па мінімуму. Астатняе падзеляць паміж сабой.

- А як жа помнік? Я хачу такі, які я табе паказвала.

- Ага, марце больш пра такі помнік. А самы танны з мармуровых крошак не хочаце? І кафэ з памінальным сталом адмяняецца, Алена Уладзіміраўна. У лепшым выпадку гэта будзе танная сталоўка, а ў горшым – стол на кухні ў пакінутай вамі кватэры з наступнай сваркай, а можа і бойкай.

- Ну ты загнуў! Ты проста нечым раззлаваны, ці можа надта стомлены. А можа галодны? Не дарма кажуць, што калі мужчына галодны, то ён робіцца злым. Давай я прыгатую абед, і ты будзеш больш лагодны са мной.

- Не, дзякуй, абедаць я буду дома. Для сябе нешта прыгатуйце і не шкадуйце вы тых грошай, схадзіце ў краму ды купіце нешта смачнае.

- Гэта не абавязкова, сёе-тое знойдзецца і ў лядоўні. А смакатою пешчыць сябе я не звыкла. Ты не злуй на мяне, добра?

- Добра. І вы прабачце мяне, калі ў нечым пакрыўдзіў вас.

- Час пакажа, ці меў ты рацыю.

- Пакажа. Час заўсёды расстаўляе ўсё па сваіх месцах. Бывайце, я паеду.

- Бывай. Шчаслівай дарогі табе!

Праз тыдзень я атрымаў чарговы ліст. Алена Уладзіміраўна спрабавала нешта тлумачыць пра выпадак з могілкамі, пра суд. У нечым згаджалася са мной, ў асноўным з тым, што людзям усё ж не дадзена ведаць пра дзень і час зыходу з зямлі. Але ж, сцвярджала Алена Уладзіміраўна, калі той сумны дзень надыдзе, то патрэбна, каб усё было не горш, чым у людзей. Да ліста быў прыкладзены новы спіс тых, каму варта паведаміць сумную навіну аб тым, што з жыцця пайшла Алена Уладзіміраўна. Дзіўна, але ў параўнанні з папярэднім ён быў скарочаны амаль на траціну. Мяркую, што другі сцэнар усё ж меў намер скараціць выдаткі.

Напрацягу некалькіх гадоў нашы зносіны адбываліся ў асноўным праз лісты, радзей па тэлефоне. Чамусьці мне не падабалася размаўляць з Аленай Уладзіміраўнай. Тым больш, што мабільнага ў яе не было і я ведаў, у якую капейчыну вылятаюць нашы размовы. На лісты адказваць было мусова. Па магчымасці спрабаваў даваць ёй нейкія парады, але часцей усе мае намаганні былі дарэмнымі.

Алена Уладзіміраўна ачуняла ад хваробы, яе нават з уліку знялі. У кожным лісце паведамляла пра свае вандроўкі, пра экскурсіі, публікацыі ў мясцовай прэсе, пра сустрэчы з літаратарамі, ды іншымі цікавымі людзьмі.

Я выказваў сваё шкадаванне з тае нагоды, што яна так і не вызначылася з канфесіяй. Але Алена Уладзіміраўна была катэгарычнай і сказала, што гэта для яе зараз зусім і не актуальна. Я нагадаў ёй старую прымаўку: “Як трывога, дык да Бога…” Але Алена Уладзіміраўна адказала нейкім не надта прыстойным жартам.

Потым было яшчэ некалькі сустрэч, але гэта не былі, як раней, сустрэчы сяброў, ці аднадумцаў. Паміж намі ўзнікла пэўная дыстанцыя недаверу і стрыманасці. А можа гэта было толькі з майго боку ці проста падалося. Але ж пры кожнай сустрэчы яна нястомна выказвала мне свае меркаванні па той жа непрыемнай тэме. Мне досыць надакучыла выслухоўваць яе трызненне. Бязглуздзіца нейкая, не іначай. Але з павагі перад старасцю слухаў і нават запэўніваў сябе, што калі патрэбна будзе нешта такое рабіць, то мушу. Зраблю, куды ж я падзенуся. Хоць амаль на сто адсоткаў ведаў, усё будзе менавіта так, як я “напрарочыў” у той дзень, калі мы вярнуліся з паездкі на гарадскія могілкі.

Быў лютаўскі марозны надвячорак. Я вяртаўся з працы. У салоне машыны гучала лёгкая музыка. Па заснежанай дарозе зрэдку праязджалі сустрэчныя аўтамабілі, уздымаючы віхуры снегу. Гэта вымушала быць абачлівым.

Раптам патрабавальна азваўся тэлефон. Магчымасці спыніцца не было, і я вырашыў не браць слухаўку. Хто ведае, што там на заснежанай узбочыне? Лепш потым перазваню, падумаў я, але тэлефон скуголіў бесперапынна, патрабуючы адказу.

- Прывітанне, Міколка!

Гэта была Алена Уладзіміраўна, хоць голас быў зусім слабы. Можа захварэла, а можа проста сувязь недасканалая.

- Прывітанне, Алена Уладзіміраўна! Як вы? Што здарылася?

З папярэдняга досведу ведаючы, што размова не будзе кароткай, рызыкуючы мажлівасцю захраснуць тут надоўга, я з’ехаў на ўзбочыну.

Голас у слухаўцы быў зусім слабы. А можа мне толькі так падалося, бо звонку завываў вецер - правіла свой баль завіруха. Моцны віхор уздымаў клубы снегу і шпурляў прама на лабавое шкло.

- Колечка, я вырашыла пазваніць, бо мабыць больш не будзе ўжо такой магчымасці.

- Як так, Алена Уладзіміраўна? Што такое?

- Мабыць гэта ўсё…

Я зразумеў, што маецца на ўвазе і хацеў неяк падбадзёрыць яе, але патрэбных слоў не знайшлося, а яна працягвала гаварыць.

- Ляжу ўжо другі тыдзень, - я зразумеў, што кожнае вымаўленае слова даецца ёй з цяжкасцю, - але гэта не вяртанне старой хваробы, проста надыходзіць мой час. Я памятаю, як ты некалі казаў мне, што памру ад старасці. Гэта акурат тое…

- Але чаму вы не сказалі раней? Мы б прыехалі да вас, нечым дапамаглі, а можа, нават да сябе забралі б, вам жа дагляд патрэбен. Паправіцеся яшчэ.

- Што сказаць, мяне даглядаюць, нават добра даглядаюць. Сястра стрыечная з дачкою па чарзе сядзяць тут побач са мною. А што мне патрэбна? Вусны вадой намачыць. Ежы ніякай не бяру чацвёрты дзень. Мой жывот наадрэз адмовіўся ад харчавання. Колечка, і ты і я ведаем, што гэта азначае. Але ты не думай, я нічога не баюся. Больш таго, я павінна сказаць табе нешта важнае, пакуль побач са мной няма нікога. Але паабяцай, што гэта застанецца толькі паміж намі…

- Абяцаю, кажыце, калі лічыце патрэбным.

- Ведаеш, недзе месяц таму я ўсё ж знайшла тых людзей.

- Якіх людзей?

- Я табе расказвала неяк пра месца на могілках, пра суд і ўсялякія непрыемныя рэчы…

- Так, я памятаю. І што?

- Яны мяне выслухалі і нават зразумелі. Мяркую, што прабачылі, бо пагадзіліся ўсё ж узяць грошы, якія я ім прапанавала, як кампенсацыю, за спагнанае судом.

- О, гэта сапраўды цудоўная навіна. Добра, што вы іх знайшлі і выбачыліся перад імі. Віншую, гэта сапраўдны ўчынак.

- Колечка, я і ў цябе хачу прасіць прабачэння.

- А ў мяне за што, Алена Уладзіміраўна? Мы ж з вамі ніколі і не сварыліся. Так, можа і дапускалі нейкія рэзкія словы, але гэта драбяза. Гэта вы мяне прабачце, мне патрэбна было быць больш стрыманым.

- Не, хлопчык мой, не за тое. Ты меў рацыю, і я цяпер гэта ведаю дакладна, не ты будзеш кіраваць тымі сумнымі справамі, што я табе некалі даручала. Знайшліся сваякі. Прабач, што так атрымалася.

- Алена Уладзіміраўна, якую палёгку вы мне зрабілі, каб вы толькі ведалі. Як я вам удзячны!

- Але паабяцай, Колечка, што ты прыедзеш, каб развітацца са мной назаўсёды, каб справадзіць мяне ў апошні шлях.

- Але, Алена Уладзіміраўна, я заўтра да вас прыеду! Не, я магу прама зараз, праз гадзіну буду ў вас! Пагутарым…

- Не, не трэба. Прыедзеш потым, добра. Можа нешта і скажаш для людзей. А можа нехта з мясцовых літаратараў таксама добрае слоўца знойдзе для мяне: я любіла бываць на іх мерапрыемствах, падтрымлівала. Колечка, табе абавязкова паведамяць пра тое, прыедзеш?

- Алена Уладзіміраўна, ну і пытанні ў вас, - мне хацелася яе неяк падбадзёрыць, але слоў не знаходзілася.

І я, і яна дакладна разумелі, што гэта наша апошняя размова. Больш яна мне не пазвоніць і на маё тэлефанаванне не адкажа. Усе словы сказаныя, а зараз яна хоча пачуць ад мяне адно толькі слова. Паўза зацягнулася.

- Колечка, прабач, калі што было не так, але я прашу, прыедзь. Вяртаецца мая пляменніца, больш не магу гаварыць.

- І вы мяне прабачце, я прыеду, Алена Уладзіміраўна, я абавязкова прыеду!

У тэлефоне манатонна запіпкала. Добра, што я паспеў сказаць ёй гэтыя словы. Добра, што яна паспела іх пачуць.

Я ачомаўся ад холаду. Не ведаю, колькі часу я так сядзеў, але машына выстыла канчаткова. Пра нешта думаў, нешта ўзгадваў, нават плакаў ад шкадавання. Мабыць развітальныя слёзы заўсёды дарэчы, асабліва калі развітанне назаўжды. У такія моманты заўсёды хочацца плакаць, але найчасцей слёзы ўтрымліваюцца недзе ўнутры нейкімі неймавернымі высілкамі. А тут ніхто не перашкаджаў, і мае слёзы бачыў хіба толькі снег, што біўся ў шыбу. Але ён нікому не раскажа. Вечаровы снег умее захоўваць таямніцы.

А роўна праз тыдзень, такім жа зімовым вечарам зазваніў тэлефон. Жаночы голас без аніякіх эмоцый стрымана паведаміў: “Памерла Алена Уладзіміраўна, пахаванне адбудзецца заўтра”.

Раніцай, з агромністым букетам барвовых руж, балазе кветкавы шапік на суседняй вуліцы, я падняўся ў кватэру нябожчыцы. Працяла дурная думка, што Алена Уладзіміраўна лягла ў труну, каб усе толькі паглядзелі, ці добра яна выглядае. Бо выглядала сапраўды добра. Ёй пасавалі тыя ўборы і прыкрасы, што так дасціпна яна рыхтавала дзеля такога адказнага моманту. Ля труны сядзела нейкая жанчына ў чорным, а па кватэры снавалі яшчэ некалькі чалавек. Акрамя нябожчыцы я нікога не ведаў, таму кветкі нікому аддаваць не стаў, а палажыў іх прама ў труну побач са штучнай лілеяй ненатуральнага кіслотнага колеру.

Стаяць ля труны ў атачэнні зусім незнаёмых людзей справа не з прыемных. У двары, ля пад’езда было неяк весялей. Выглянула сонейка. Яно старалася і з ледзяшоў, што віселі на ўскрайку даху, нават упала некалькі кропель. Пачалі збірацца суседзі і тыя, каму, я так мяркую, паведамілі згодна загадзя прыгатаванага спісу. Я падышоў да невялікай купкі тутэйшых літаратараў. Усё ж яны малайцы, што прыйшлі. Стаялі, размаўлялі ажно да таго часу, калі ў двор заехаў аўтобус-катафалк, якому наканавана было адвезці труну з нябожчыцай і людзей, што тут сабраліся, за горад, на могілкі.

Прайшло некалькі хвілін і дзверы пад’езда з ляскам адчыніліся. Энергічная жанчына, тая, у чорным, што толькі што спакойна сядзела ля труны, гучна лямантавала:

- Дзе тыя грузчыкі, час труну выносіць, а яны лясы точаць! За што я ім толькі грошы плачу? Чаго стаіце?

Яна накіравала свой пранізлівы позірк у наш бок. Мясцовыя інтэлігенты толькі пакрыўджана паціскалі плячыма: маўляў, мы не тыя, за каго вы нас прынялі. Неўзабаве знайшліся тыя, каго шукалі, і дамавіну ў рэшце рэшт вынеслі з кватэры і паставілі ў аўтобус.

- Заходзьце ў аўтобус, хто хоча на могілкі ехаць! – уладна загадала жанчына ў чорным, - час ужо!

У аўтобус зайшло некалькі бабулек з ліку суседзяў Алены Уладзіміраўны. Я сеў у машыну і прыстроіўся за аўтобусам. За мною стаў яшчэ адзін аўтамабіль з нумарам не нашага рэгіёну. Картэж з трох транспартных сродкаў рушыў у шлях.

Святар, гэта ён ехаў ззаду, пачаў адпавянне. Я мог бы не прыдаць гэтаму ніякай увагі, але пачуў ціхі голас бабулькі, што стаяла побач:

- Бач ты, не па нашаму адпявае, нейкага чужога запрасілі.

- Можа танней бярэ, вось і запрасілі аднекуль, - шэптам патлумачыла іншая з суседак.

- А гэтая, бач ты, разкамандавалася, нейкіх інтэлігентных хлопцаў грузчыкамі назвала, пакрыўдзіліся відаць, нават на могілкі не паехалі, ніхто слова ніякага не скажа, а яна так хацела, каб гаварылі. Мне ўсё Аленка расказвала, планавала ўсё гаротная, каб не горш чым у людзей.

- А можа гэты мужчынка нешта скажа, я яго бачыла колькі разоў у Алены, і з жонкай быў, і з дзеткамі…

- Цішэй вы, бач поп ужо на вас косіцца, перашкаджаеце яму, - азвалася трэцяя з бабулек.

Яе паслухалі, прыціхлі. А святар, тым часам скончыўшы сваю справу, загадаў развітвацца з целам. Развітанне было нядоўгім. Дамавіну зачынілі назаўсёды і працаўнікі могілак спрытна завяршылі справу. Усё скончана.

Я еду дамоў, споўніўшы слова, што даў Алене Уладзіміраўне ў той апошняй размове.

                                                                                       ***

Кіроўца агромністай машыны імчаў па шашы. Сёння ён узяў у рэйс сына-падлетка, што даўно марыў паехаць з татам і ледзьве дачакаўся надыходу летніх вакацый. Машына плаўна рухалася па гарачым асфальце, быццам не адчуваючы за спінай двух дзясяткаў тон паклажы.

- Тата, а калі мы спынімся? Абед хутка, ты казаў, што пакажаш мне, як кіроўцы карыстаюцца газавай гарэлкай.

- Спынімся, сынку яшчэ кіламетраў з трыццаць. Праедзем Ленін мост, а там адмысловая пляцоўка ёсць.

- Які мост? Ленін?

- Ленін. Так мост называецца. Дзяўчыну так звалі, што той мост будавала.

 

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509