Блоги

Шок ад убачанага і разважанні на тэму

Гісторыя аднаго незвычайнага супадзення.

Некалі на святкаванні Дня Перамогі ў роднай вёсцы на мемарыяле ў гонар тых, хто не прыйшоў з вайны я заўважыў цікавае супадзенне – на абліску было імя, імя па бацьку і прозвішча поўнага цёзкі майго сына. Нават узрост у іх быў амаль аднолькавы.

Пасля перажытага шоку я расказаў пра гэта сыну і прапанаваў яму напісаць свае ўражанні на гэты конт. Сын замарудзіў, а я тады напісаў апавяданне “Па абодва бакі ад абеліска”.

У гэтым годзе сын наведаў мемарыяльны сквер у цэнтры вёскі і ўрэшче рэшт напісаў мініяцюру “Братэрства праз імя”. Прапаную вам, чытачы, разважанні сучаснага маладога чалавека на тэму вайны і чалавечага жыцця.

 

                                

                                                             Братэрства праз імя

 

Магчыма, мы з табой былі б падобныя. Высокія, статныя. Такія ж цёмныя вочы, і з тымі ж рысамі твару, якія мае кожны беларус. Тыя самыя рысы, па якім мы пазнаем адін аднаго нават  тады, калі сустракаемся ў тых краях свету, дзе на сустрэчу нават і спадзявацца не будзеш.

Так, былі б… Гэтая акалічнасць заўседы надае суму, роздумаў, пачуццяў. Быць, існаваць у мінулым, назаўседы застацца там… Быць. Смерць заўседы дадае гэтае слова, падводзіць рысу, ставіць знак прыпынку.

Памятаю той дзень, калі мы пазнаёміліся. Я прыйшоў на свята Перамогі ў сквер памяці. Так стараюся рабіць штогод. Не дзеля святочных мерапрыемстваў, песен, забавак і іншага. Увогуле, лічу ўсё пералічанае крайне недарэчным. Бо перамога не ў спартыўным змаганні або на інтэлектуальным спаборніцтве. Так, перамога ў вайне дасягнута, але гэтая перамога за кошт крыві, пакутаў і жыццяў. А святочныя гулі і скокі - гэта не надта добры, мягка кажучы, спосаб выказаць падзяку.

Прыходжу дзеля памяці, дзеля ўспамінаў тых часоў, калі меў цудоўную і неацэнную магчымасць мець зносіны з сапраўднымі ветеранамі, паслухаць іх гісторыі, паспачуваць, павіншаваць тых, хто гэтага заслугоўвае, як ніхто іншы. Але зараз ужо няма тых людзей, апошніх сведкаў жудасных падзей, апошніх герояў. Зараз жа толькі абеліск ды невялічкія помнікі з прозвішчамі ў гонар загінулых на франтах стаяць сведкамі і знакамі.

Быў час, калі стаў больш уважліва і пільна ўглядацца на надпісы на каменях. Знаёмыя прозвішчы. Усе землякі, усе нашы, вясковыя.

Усё жыцце мы жывем з думкай, што нашае імя - гэта нешта такое асабістае і асаблівае, пэўна ж унікальнае і індывідуальнае, нешта такое, што належыць толькі нам і нікому болей. Але ў той дзень я зразумеў іншае. Чытаючы надпісы, падыйшоў да таго помніка, каля якога жудасны холад прапоўз па маёй спіне, ускалыхнуўшы нутро, заставіўшы сэрдца біцца мацней. На ім было тваё імя… І маё.

Звычайна, калі мы сустракаем чалавека, у якога імя такое ж, як наша, адразу узнікае прыемная ўсмешка, а знаемства пачынае рухацца з іншым тэмпам, чым з другімі людзьмі. Цёзка. Нам заўседы цікава, як жыве ўладальнік такога ж імя, як ваша, ягонае жыцце адрозніваецца ці падобна да вашага.  Дзеля такога дастаткова, каб у ўладальнікаў былі аднолькавыя ўсяго толькі імёны. Гэта заўсёды выклікае ўзаемны інтарэс. Але ў нас з табой атрымалася яшчэ цікавей. Такое ж прозвішча, імя і нават імя па бацьку. Мяркую, што па спужанаму майму твару паўзе прыемная, але мабыць нейкая нетыповая ўсмешка.

Магчыма, мы былі б сябрамі. Думаю, што тэмы і інтарэсы ў нас былі б схожыя. Простыя вясковыя хлопцы, са сваімі цікавосткамі, забаўкамі  і, у добрым сэнсе, дзівацтвамі. Я б паказаў бы табе сваё ўлюблёнае месца на беразе рачулкі, дзе ўлетку так цудоўна пасядзець з вудай, а ты б вучыў мяне, напрыклад, як выразаць узор сцізорыкам на драўляным кіі. Летам ездзілі б у лес па ягады, а восенню “палявалі” б на грыбы.

Зараз я крыху старэйшы за цябе. Але ты заўседы застанешся малады, табе заўседы васямнаццаць. Такі цудоўны ўзрост! Такі вялікі і цікавы свет, у які адчыняюцца мільёны дарог, мільёны розных шляхоў. А колькі ідэй і коллькі варыянтаў. Але, на жаль, не для цябе. Ты назаўседы застаўся там, на чужой зямлі, у далекай Нямеччыне. Загінуў  ўсяго за некалькі дзен да той самай, доўгачаканай і вымучанай перамогі. Я спадзяюся, табе не было балюча. Думаю аб тым жудасным імгненні, спадзяюся, што ты нічога не адчуў, не заўважыў. У адзін міг перастаў існаваць у гэтым свеце, і цяпер ты недзе там, зусім далека ад гэтай рэчаіснасці.

Магчыма, мы б маглі сустрэцца і пры іншых абставінах. Ужо ты быў бы старэйшы, ажно на больш чым сем дзесяткаў гадоў. Я б з той жа цікаўнасцю слухаў твае гісторыі, успаміны, жыццевую навуку. Але такое можа быць толькі ў нейкіх марах, роздумах. Тое самае імгненне, калі варожая куля ці ашчэпак міны скасілі цябе на полі бою, падзяліў усё існаванне на ёсць і было. І з гэтым не зрабіць нічога, нельга выправіць, перакрэсліць, забыцца і перайначыць. Цяпер усё інакш.

Жыццё рухаецца ў сваім накірунку, і, нажаль, ужо без цябе. Калі б я ведаў, што ты чуеш мяне, то, магчыма, я расказаў бы табе пра нашу рэчаіснасць, пра сучаснасць, пра тое, як віруе жыццё цяпер. Я распавёў бы пра тое, як чакалі вас, як сумавалі і плакалі тады, калі не дачакаліся. Як сумуем мы і зараз. Я б сказаў бы табе, як нам не хапае вас, сапраўдых герояў, родных сыноў Беларусі. Сказаў бы, як вы патрэбныя нашаму народу, патрэбныя нашай Радзіме. Патрэбныя кожнаму з нас. Я мяркую, што памяць аб табе, аб кожным з вас застанецца ў нашых сэрцах. Памяць не ў парадах, святах, мітынгах  ды іншай мішуры.

Памяць павінна жыць ва ўчынках, у думках, у душах. Павінен быць гонар за сваіх землякоў, за сваіх суайчыннікаў, прага да добрага, да прыгожага і мірнага. Да ўсяго, што ёсць светлае, духоўнае, мірнае і спакойнае. Дзеля таго, каб больш ніколі не было жудаснай вайны. Каб мог жыць члавек на зямлі не дзеля нажывы, а дзеля кагосці іншага. У нас ёсць такі шанец, дзякуючы табе, дзякуючы тым, хто здабыў гэтую перамогу, скончыўшы жудасную вайну.

Магчыма, мне патрэбна яшчэ шмат чаго сказаць. Але не хапае ні слоў, ні думак. Скажу толькі, што хочу застацца ўдзячным. Дзякуй табе, брат.

 

Антон Ільючык, г.Гродна

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509