На тему дня

Узровень патрыятызму і лаяльнасьці да дзяржавы ў беларусаў вельмі высокі, — сацыёляг

Госьць «Інтэрвію тыдня» Дар’я Урбан — сацыёляг Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту (МП). Яна паведамляе, наколькі рынкавымі сталі беларусы за апошнія гады, тлумачыць, як спалучаецца высокі ўзровень гонару за сваю краіну і жаданьне эміграваць, а таксама адказвае на пытаньне, ці перарасло беларускае грамадзтва ў сваёй прагрэсіўнасьці і рынкавасьці цяперашнюю ўладу.

Ілюстрацыйнае фота

Сьцісла 

  • Па ўсім дасьледаваньні відаць, што чым маладзейшыя людзі, тым болей шырокія і сучасныя ў іх погляды.
  • 55 працэнтаў мужчын адчуваюць сябе ў бясьпецы. І толькі 28 працэнтаў жанчын.
  • Значная частка насельніцтва разумее, што так, як цяпер, быць не павінна, павінна быць па-іншаму, і пачынае сама сабе ствараць гэтае «па-іншаму».

Беларусы цяпер нашмат болей схіляюцца да рынкавых рэформаў

— Дасьледчы цэнтар Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту (ІПМ) правёў маштабнае дасьледаваньне каштоўнасьцяў насельніцтва Беларусі. У ім даволі шмат лічбаў, і ўсе іх мы ня зможам закрануць у нашай размове. Дар’я, ці можна вылучыць нейкую сфэру, у якой найбольш ярка назіраецца зьмена ў каштоўнасьцях беларусаў за апошнія гады?

— Можна параўноўваць дадзеныя толькі ў тым выпадку, калі супадае мэтадалёгія. Таму я не магу ацаніць усе сфэры, якія мы вывучалі — культурныя каштоўнасьці, рэлігійныя, сямейныя, давер, пачуцьцё бясьпекі і шмат чаго іншага. Паколькі мы не праводзілі раней дасьледаваньне менавіта гэтых каштоўнасьцяў, то параўноўваць тут я не магу.

Але мы параўноўвалі эканамічныя каштоўнасьці, стаўленьне да рынкавай эканомікі. І тут назіраецца прыкметнае адрозьненьне ад таго, што было ў 2008–10 годзе. Мы бачым, што беларусы нашмат болей цяпер схіляюцца да рынкавых рэформаў. Адначасова з гэтым яны нашмат меней схіляюцца да каштоўнасьцяў дзяржаўнага рэгуляваньня эканомікі. 

— Я прачытаў у вашым дасьледаваньні, што ўсё больш беларусаў аддаюць перавагу ў якасьці найлепшай працы недзяржаўным беларускім і замежным прадпрыемствам, «рэйтынг» дзяржаўных прадпрыемстваў моцна ўпаў.

— Тут розныя прычыны. Розьніца заробкаў, умовы працы (на дзяржаўных трэба «адседзець» на працы 8 гадзін, на прыватных больш гнуткі графік). Шмат якія дзяржаўныя цяпер у заняпадзе, людзям камфортней працаваць у больш пасьпяховых сфэрах. Але нейкага рэзкага скачка перавагаў не назіраецца. І шмат чаго залежыць ад рэгіёну. У Гомельскай вобласьці, прыкладам, дагэтуль найбольш прывабныя для насельніцтва дзяржаўныя прадпрыемствы.

Выбар робіцца не на аснове таго, дзяржаўнае ці не, — а на аснове таго, дзе цікавей і лепш працаваць, дзе лепш заплацяць.

— Узрост і даходы — тая мяжа, па якой беларусы дзеляцца ў сваіх ацэнках рынкавай эканомікі. Чым маладзейшыя і чым большы даход — тым болей яны падзяляюць рынкавыя каштоўнасьці, тым меней у іх патэрналізму. Ці дае гэта вам пэўны аптымізм?

— Думаю, так, гэта станоўчая тэндэнцыя. Па ўсім дасьледаваньні відаць, што чым маладзейшыя людзі, тым болей шырокія і сучасныя ў іх погляды. Гэта можа быць зьвязана з шырокім распаўсюдам інфармацыі з розных крыніцаў. Але, зноў-такі, ні ў якіх пытаньнях у нас не назіраецца вельмі драматычнай розьніцы.

— Для вас як грамадзяніна і сацыёляга якая лічба была найбольш нечаканай і сэнсацыйнай?

— У кожнай тэме ёсьць вынік, які моцна зьдзіўляе. Для мяне вельмі важны быў вынік, як насельніцтва ацэньвае ўзровень бясьпекі. У цэлым — даволі высока, але мы назіраем вялікую розьніцу ў тым, як адказваюць мужчыны і жанчыны. 55 працэнтаў мужчын адчуваюць сябе ў бясьпецы. І толькі 28 працэнтаў жанчын.

Цікавыя вынікі атрымаліся ў тым, якія якасьці трэба выхоўваць у дзецях. У прыярытэце аказаліся традыцыйныя якасьці — працавітасьць, паслухмянасьць, адказнасьць. А вось свабода думкі, ініцыятыўнасьць, уяўленьне набралі менш балаў.

Цікава, як людзі ставяцца да працы. Тут прыярытэт — высокая аплата, а не цікавасьць працы.

Узровень гонару за сваю краіну вельмі высокі

— Мяне даволі ўразіў адказ рэспандэнтаў на пытаньне, ці ганарацца яны Беларусьсю. І станоўча адказала 85 працэнтаў. Але вы ня бачыце тут ніякай сэнсацыйнасьці і нечаканасьці?

— Гэта даволі складанае пытаньне, яго асобна разглядаць ня варта. Калі пытаесься «ў лоб», ці ганарыцеся вы краінай — то людзі адказваюць «так». Так што трэба параўноўваць яго зь іншымі пытаньнямі. Напрыклад, з тым, ці будзеце вы змагацца за сваю краіну, калі будзе вайна. Тыя ж 85 працэнтаў адказалі, што гатовыя змагацца за сваю краіну. Пры гэтым мы бачым, што ня так шмат людзей размаўляюць на беларускай мове.

— Як сказана ў вашым дасьледаваньні, 86 працэнтаў лічаць, што беларуская мова — «гэта найважнейшая частка нашай культуры, якая павінна захавацца».

— Так і ёсьць. У цэлым узровень ляяльнасьці людзей да Беларусі вельмі высокі. Узровень гонару за сваю краіну таксама вельмі высокі.

Чытаць далей: Радыё Свабода

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509