Блоги

Дарожна-падарожныя нататкі

Частка першая – стрыманая.
У Тэль-Авіве   / Фото: М . Ільючык.

Я закахаўся ў гэты горад. Гэта было каханне з першага погляду, ці з першага дотыку маіх ступакоў да гэтай зямлі. Першы пагляд быў з вышыні, калі самалёт заходзіў на пасадку з боку мора. Потым я даведаўся, што яно цёплае і прыемнае, гатова лашчыць тваё цела амаль у любую пору года. Старыя роўныя кварталы і шкляныя гмахі хмарачосаў, што імкнуцца ў неба заварожваюць. Потым ты будзеш глядзець на іх знізу ўверх і яны сваім шпілямі будуць накіроўваць твой позірк у нябёсы, быццам імкнучыся паказаць табе нешта важнае і велічнае.

Пасля самалёта ты ступаеш на халодную каменную падлогу аэрапорта, пачуцці перапаўняюць нават тады, калі ты тут ужо не ўпершыню. Унутры вее прахалодаю, хоць звонку можа быць спёка і духата. Застаецца маленькі бар’ер у выглядзе памежнага пашпартнага кантролю і ты зусім хутка апынешся ў абдымках сяброў, што даўно чакалі цябе, сумавалі, але ніяк не маглі наблізіць гэты цудоўны дзень, бо квіткі былі куплены загадзя па чарговай акцыі, што зрэдку праводзіла авіякампанія.

Тэль-Авіў - ён як рай, як горад-цуд, як горад-сад, што створаны для людзей. Такое ўражанне, што ён, горад, сам вельмі задаволены сабой. Ён любуецца сабою, гледзячы на на сябе, на сваё адлюстраванне ў тысячах вітрын. А што за клімат, што за паветра! Яно цёплае і вільготнае, бо побач цёплае мора. Але ж да такога мы – людзі - звыкліся яшчэ да нашага нараджэння. Таму тут лёгка і камфортна, не гледзячы на гарачыню. Дыхаеш усім целам, ловіш брыз загарэлай скурай і атрымліваеш асалоду проста ад уласнага існавання. Мора Міжземнае і ты сапраўды адчуваеш сябе ў сярэдзіне падзей, у іх віры, у самым цэнтры зямлі.

Тут пачынаеш распранацца, табе ўжо не даспадобы нешта цёплае, а тым больш змрочнае. Пачынаеш даставаць з заплечніка нешта светлае, яркае, натуральнае. Цябе пачынае цягнуць нябачны магніт туды, дзе берагавая лінія, дзе абпальвае ногі гарачы пясок, дзе можна кінуцца ў абдымкі хвалям, што таксама засумавалі па табе. Дарэчы, ты сам сумуеш без іх і з нецярпеннем чакаеш новай сустрэчы з гэтым берагам, з гэтым морам, з гэтым горадам.

Тэль-Авіў, дарэчы, як і ўся краіна, клапоціцца, каб ты не застаўся галодны. Шматлікія рэстарацыі, іх столікі прама на тратуарах у зацені дрэў ці парасонаў, прапаноўваюць розную смакату і халодныя напоі. На вуснах саленаваты прысмак ад марскога паветра, таму нават звычайная халодная вада п’ецца як жыватворны бальзам. Добразычлівыя афіцыянты стараюцца і сярод іх абавязкова знойдзецца той, які разумее тваю мову. Калі ты не супраць, то ён можа расказаць табе нейкую сваю, няхай сабе і кароценькую, але дужа цікавую гісторыю.

У гэтым горадзе ты па-сапраўднаму адчуваеш сябе свабодным чалавекам у свабоднай краіне. Табе камфортна і бяспечна, як у бацькоўскай хаце, дзе прайшло дзяцінства. Табе падкажуць дарогу, незнаёмыя людзі прапануюць нейкі пачастунак ці проста працягнуць табе пляшку з халоднай вадой.

І жывёлы паводзяць сябе тут адпаведным чынам. Ты нават бываеш не гатовы да тых праяў, што могуць прадэманстраваць чыйсьці сабака ці нічыйная котка. Сабака любой пароды і памераў сама можа падбегчы да цябе віляючы хвастом, лізне тваю руку, ці нават нос, быццам ведае цябе ўсё сваё сабачае жыццё. Сабачы гаспадар пры гэтым будзе лагодна ўсміхацца, пакуль ты забаўляешся з ягоным выхаванцам ці нават раскажа пра яго нейкую займальную гісторыю. Котка дазволіць дакрануцца да сваёй галавы, ты можаш пачасаць яе за вухам ці пагладзіць ёй спінку. Потым яна вернецца ў сваё месца ў цяньку, каб драмаць далей, зрэдку выходзячы да паілкі ці кармушкі, усталяванай гараджанамі, што клапоцяцца пра тое, каб камфортна жылося ўсім жывым істотам у гэтым цудоўным горадзе.

Тут камфортна. А горад зноў і зноў прапануе табе нешта новае, цікавае і займальнае. Клапоціцца, каб ты, крый божа, не засумаваў удалечыні ад радзімы. Горад заклікае ў кавярні, на канцэрты, спектаклі і выставы. Я люблю гэты горад і адчуваю, што гэта ўзаемна. У ім добра аднаму, цудоўна з дзецьмі, прыемна з любай. Ён прымае ў любых варыяцыях. Стараецца стварыць камфорт не толькі для сваіх жыхароў, але і для гасцей. І для мяне ў тым ліку. Быццам ведае, што хутка скончыцца мой адпачынак і я вярнуся ў змрочную, шэрую рэчаіснасць. Але сэрца песціць надзея, што наперадзе новыя вандроўкі, новыя сустрэчы з гэтым мілым горадам і з гэтымі прыязнымі людзьмі.

Праз нейкі час ты пачынаеш разумець, што горад цябе пазнае. Ён ведае цябе ад першай сустрэчы. Ён чакаў цябе зараз, будзе чакаць зноў. Для яго мае значэнне, што ты вернешся сюды і скажаш яму сваё: “Вітаю, Тэль-Авіў!”

Надвячорак. Аўтобусны прыпынак. Сонца стамілася і хоча схавацца ў марскіх хвалях, каб    хоць крыху адпачыць перад наступным насычаным днём. На пляж высыпаюць з аўтобусаў і бліжніх гатэляў людзі, што ігнаравалі гарачыню і прагнуць вечаровай прахалоды. А нехта хоча проста памахаць на развітанне рукой сонцу, ці зрабіць на яго фоне прыгожы здымак ля мора. Некага зачаруюць гэтыя вечаровыя фарбы сонца і мора, што ўвесь час змяняе свой колер, быццам хоча сказаць: “Глядзі якое я, я магу быць і такім, і такім, любуйся мною, запамінай, каб потым узгадвяць мяне і прагнуць новых сустрэч”.

А я чакаю свой аўтобус, каб дабрацца туды, дзе мы загадзя дамовіліся з сябрамі аб сустрэчы. А яшчэ ў аўтобусе можна астыць ад дзённай гарачыні, бо ў грамадскім транспарце добра працуюць кандыцыянеры. Яны адказна ставяцца да сваіх абавязкаў, быццам ведаюць, наколькі цэняць камфортам тубыльцы і як гэта важна для гасцей.

Стаю, чакаю. Электроннае табло паказвае, што чакаць засталося меней пяці хвілін. Гарадскія пейзажы вабяць вочы, дастаю камеру і нават раблю некалькі кадраў. Проста, на ўспамін. Каб некалі, седзячы дома, праглядзець гэтыя кадры, узгадаць гэтую вандроўку і запланаваць новую паездку.

- Коля! Коля!

Нехта мяне голасна клікаў. Спачатку не прыдаў значэння. Так часам здараецца, калі ты знаходзішся ў малавядомым моўным асяродку. Здаецца, што чуеш нешта на сваёй мове, сярод чужога шматгалосся, хаця насамрэч ніхто нічога і не гаворыць на тваёй мове. Я заву гэта моўнай галюцынацыяй.

Але гэтым разам гэта не была галюцынацыя, бо паклікалі ізноў. Прама на скрыжаванні спыніўся мікрааўтобус. За стырном сядзеў не проста кіроўца. Гэта быў Давід. Два гады таму ён вазіў нашу сям’ю на экскурсію па Галілеі. Давід шчыра ўсміхаўся і махаў мне рукой. Ён пазнаў мяне, хоць бачыліся мы з ім толькі аднойчы. І я зразумеў – гэта Тэль-Авіў пазнаў мяне.

- Як там твае? Як жонка? Як хлопчыкі? Што новага?

- Усё добра, дзякуй! Дзеці вучацца. Асаблівых навін няма, усё па-старому.

- Адсутнасць навін – таксама добрая навіна.

- А як твая мама, Давід, ці здужае?

- Здаровая, дзякуй!

- Ну перадавай ёй прывітанне!

- І ты сваім таксама!

- Бывай, няма часу, запішы тэлефон, неяк сустрэнемся!

- Сустрэнемся, абавязкова сустрэнемся!

Прыемныя пачуцці і пазітыў ад перажытага. Такі ён - гэты цудоўны горад. А яшчэ асаблівае адчуванне ад усведамлення відавочнага факту – якая маленькая наша планета.

Зараз людзі неяк стаміліся ад каранціну і ізаляцый. Навукоўцы разбіваюць галовы ў пошуках лекаў і вакцын. Я веру, што агульначалавечымі высілкамі COVID-19 будзе пераможаны, веру, што пляжы Тэль-Авіва некалі зноў запоўняцца людзьмі з усяго свету. Я маю надзею, што гэтая краіна, як і іншыя, некалі зноў адчыніцца для турыстаў і гасцей. Нават планую, што некалі зноў зайду на сайт авіякампаніі, у пошукавым акне набяру запаветныя словы “Мінск - Тэль-Авіў” і мне зноў пашанцуе – я набуду квіток па прыемным кошце, каб у пэўны дзень і час апынуцца тут, у самым цэнтры планеты, у гэтым цудоўным горадзе, які і зноў пазнае цябе і прыме як самага дарагога госця.

Ты любіш яго, а ён любіць цябе, і ты ўрэшце рэшт усведамляеш, што ты аднолькава любіш гэты горад, што ён для цябе на адным узроўні з тым месцам, дзе ты нарадзіўся, дзе ты жывеш.

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509