Блоги

Дарожна-падарожныя нататкі

Частка другая – сумная.

Сёння для мяне асаблівы дзень. Кожны дзень выключны, бо я на Святой Зямлі, але сённяшні самы-самы, бо я еду ў Іерусалім. Еду без экскурсаводаў, нават без сяброў. Прадстаўнікі турыстычнага бізнесу шмат балбочуць, бывае што маняць і, час ад часу, нясуць поўную бязглуздзіцу. Сябры ўвесь час апякаюць цябе, нібыта табе не паўвека, а ўсяго з дзясятак гадоў. Сябры імкнуцца паказаць табе свае ўлюбёныя месцы, падзяліцца ўласнымі ўражаннямі. Але табе ўжо хочацца індывідуальных эмоцый і ўражанняў, бо ты тут не ўпершыню. Ты ўжо сталы турыст, дарослы. Ты парадніўся з гэтай краінай і залатым Іерусалімам.

Пройдзе нейкіх тры з паловаю гадзіны, і гэты горад зноў падбадзёрыць цябе словамі: “Блаславёны кожны, хто прыходзіць сюды”. Яны ўсталяваны на схіле гары і добра чытаюцца яшчэ здалёк. Потым ты дасі нырца ў яго глыбіні, каб спазнаць нешта новае, каб адчуць штосьці такое, што кране тваё сэрца і застанецца з табою назаўсёды.

Людзей няшмат, нутро агромністага аўтобуса прымае ў камфортныя абдымкі. Кандыцыянер стараецца на ўсю моц, а звонку горача ўжо з раніцы.

- Мазган супер!

- Супер, - і я ўздымаю кулак з узнятым вялікім пальцам, пагаджаючыся з жанчынай, што хваліць кандыцыянер і месціцца злева насупроць мяне.

Дастаю ранішнюю газету, потым праглядваю паведамленні ў тэлефоне, кладу яго ў кішэню і зноў вяртаюся да газеты, што яшчэ пахне фарбамі. Газета і цёмныя акуляры дазваляюць назіраць за жанчынай.

У яе незвычайны твар. Таўстуха, крыху неахайная ў адзенні, твар не вельмі дагледжаны, але ў ёй ёсць нешта такое, што звяртае на сябе ўвагу. Дастаткова мужчынскага позірку, каб зразумець, што выглядае яна старэй, чым ёсць на самой справе.

З газеты даведаўся, што ўнутраныя праблемы ў гэтай краіне нікуды не зніклі, а звонку ёй зноў пагражаюць. Бакавым зрокам заўважаю, што мая спадарожніца таксама дастала газету і жменю рознакаляровых фламастараў. Яе “The Jerusalem Post” не выглядае свежай, і калі жанчына разгарнула яе, то я заўважыў, што амаль увесь тэкст на развароце пазначаны тымі самымі фламастарамі, што зараз ляжалі на сядушцы побач з ёю. Цікава, што за артыкул такі, што вызваў такую пільную ўвагу чытачкі? Магчыма потым я змагу паглядзець фотаздымкі і па іх нешта зразумею. У самога некалі была звычка крэмзаць пры чытанні, але ж ці так!

Зноў чытаю. Яна робіць тое ж. Яе газета відаць старая і не шамаціць лістамі так, як мая. Жанчына бегла гартае шматлікія старонкі і зноў вяртаецца да развароту. Дрыготкаю рукою бярэ фламастар, але кладзе яго на месца, мабыць крэсліць ужо няма чаго. Яна нервуецца і дастае з сумачкі, што вісіць на шыі, тэлефон. Апарат зусім стары, з маленькім чорна-белым экранам. Такімі даўно ніхто не карыстаецца. А ў яе, бач, захаваўся. Яна жвава націскае на пімпачкі і пачынае размову.

- Вітаю, дачушка! Як пачуваешся? Ці паснедала? Як твае справы? Ці зрабіла ўсё па вучобе? У колькі на заняткі? Што плануеш на гэты дзень?

Я не паспяваў перакладваць, яна гаманіла хутка, ды і паліглотам я ніколі не быў. Зразумеў, маці тэлефануе дачцэ. Звычайная практыка, асабліва ў Ізраілі. Я даў гэтаму працэсу сваю назву: “ранішні адзвон”. Гэта калі людзі, нават не сваякі, а проста знаёмыя, тэлефануюць адно аднаму, каб даведацца пра здароўе, пра справы, ці проста з ветлівасці. Бывае яшчэ “адзвон вечаровы”. Неабыякавасць - увогуле добрая рыса.

Яна яшчэ задавала нейкія пытанні: відаць дачка адказвала сцісла, а можа ўвогуле не была шматслоўнаю. Суразмоўцы развіталіся. Тэлефон знік у сумачцы і зноў уся ўвага на газетным артыкуле, што на развароце “Джэрузалем пост”.

Праз імгненне - яшчэ адзін званок.

- Сыночак, прывітанне! Як ты? Што новага? А ці паснедаў ужо? - Амаль тыя ж самыя пытанні і такія ж кароткія адказы.

Што тут дзіўнага, што маці едзе з аднаго горада ў другі і тэлефануе дзецям? Напэўна, гэта нармальная сітуацыя для будзь якой краіны. І нічога дзіўнага ў тым, што яна размаўляе па-ангельску. Тут пачуеш любую мову, людзі з усяго свету едуць сюды, а некаторыя застаюцца назаўсёды. Нічога дзіўнага, хоць з дзівосамі тут можна сустрэцца на кожным кроку. Вось і сяброўка, што выпраўляла мяне на гэты рэйс, адзначала: маўляў, ты сягоння едзеш з аднаго святога горада ў другі. Але ж для мяне ўся гэтая зямля святая. Зараз еду з Цфата ў Іерусалім, але ж сярод “святых” яшчэ ёсць Хеўрон і Тверыя, а чым горшыя Назарэт, Ако, Карміэль, Хайфа ці Наарыя?

Пакуль я разважаю пра святыя месцы і пра геаграфію краіны, пра тое, дзе я ўжо быў шмат разоў, а дзе толькі аднойчы, пра тое, дзе яшчэ варта пабываць жанчына зноў дастала тэлефон. Мяне здзівіла тая акалічнасць, што яна зноў набрала дачку, а неўзабаве і сына. Як так можна? Ніякай самастойнасці дзецям! Гэта яўны перабор, нават калі ты такая тыповая, нават хрэстаматыйная габрэйская мамачка.

І тут я пачынаю разумець: і пытанні тыя самыя, і экран на тэлефоне не свеціцца ў час націскання на пімпачкі… Я больш пільна ўглядаюся ў гэты твар і мяне не выратоўваюць цёмныя акуляры.

- What's the matter? Is something wrong?

- That's all right. Sorry, - запэўніваю я, бо сапраўды нічога не здарылася, але яе ўстрывожыў мой пільны позірк.

Стараюся больш не глядзець на яе, бо разумею, што з псіхікаю ў яе нешта не так. Але ці мала на белым свеце людзей, у якіх ёсць нейкія адхіленні ад нормы. І хто мае права вызначаць тую норму? І якія жыццёвыя абставіны прыводзяць да пэўных збояў у паводзінах? Ці мала я сустракаў людзей, што размаўляюць самі з сабою, ці хіба не бачыў тых, хто трымаў у руках кнігу, будучы цалкам непісьменным?

Палова шляху - яшчэ амаль дзве гадзіны разважаць аб яе паводзінах, але ж я не псіхіятр і нават не псіхолаг. Нашто яно мне? Раптам недзе ў задняй частцы аўтобуса пачуў размову на добра знаёмай мне мове. Вырашыў пайсці і запытацца, як мне з аўтавакзала дабрацца да Старога горада. Гэта мая асноўная мэта, ды і гатэль мой недзе побач.

- Увесь час па трамвайных рэйках, гэта вуліца Яффо, яна прывядзе вас акурат да Яфскай брамы Старога месца. Па дарозе наведайце рынак Маханэ Егуда, там вельмі атмасферна, не пашкадуеце, - дабразычлівыя маладзёны шчыра ўсміхаліся, мабыць з той нагоды, што некаму дапамаглі, ці з таго, што сустрэлі суайчынніка.

- Дзякуй за падказку, - атрымаўшы патрэбную інфармацыю, вяртаюся на сваё месца.

Нечакана мой позірк затрымаўся на газетным аркушы з загалоўкам “Another terrorist attack in Israel”. Некалькі фота, адзін фотаздымак шмат разоў любоўна абведзены рознакаляровымі фламастарамі. На ім дзеці – хлопчык і дзяўчынка, яны такія мілыя, шчыра ўсміхаюцца з газетнага развароту ўсім, хто глядзіць на іх.

Я шакаваны ад убачанага і ад уласных здагадак. Ці магчыма такое? Чаму такі жорсткі свет? Чаму такі трагічны лёс у гэтай беднай жанчыны? Чаму столькі гора ёй адной? Як ёй усё гэта вытрываць? Чаму гінуць такія маладыя і прыгожыя? Чаму на гэтай зямлі, дзе ты амаль фізічна можаш адчуць прысутнасць Бога, адбываюцца такія жудасныя рэчы? Што патрэбна для таго, каб гэта скончылася? Калі перастануць гінуць мірныя людзі, калі заўчасная ліхая смерць не будзе забіраць дзяцей? Ад шматлікіх пытанняў, ад убачанага і перажытага зрабілася моташна. Глыток халоднай вады аказаўся дарэчы, балазе сябры паклапаціліся і паклалі некалькі пляшак у заплечнік, папярэдне пратрымаўшы іх ноч у лядоўні.

Я не стаў правяраць свае здагадкі. Хаця быў вольны час і быў інтэрнэт. Не стаў высвятляць, дзе, калі і пры якіх абставінах адбыўся гэты тэракт, калі загінулі двое з адной сям’і. Я не стану нікому задаваць ніякіх пытанняў, каб нікому не вярэдзіць раны, мне не хочацца нікому рабіць балюча. Тут людзі ўвесь час жывуць у небяспецы, тут заўсёды можа здарыцца нейкая неспадзяванка з рызыкаю для жыцця.

А можа такім чынам проста выплёскваецца мая фантазія, што падмацавана назіраннямі за гэтай няшчаснай хворай жанчынай? Добра, каб было так, каб толькі фантазія і не болей.

Але ж чамусьці прыйшла думка пра літасць Боскую для гэтай жанчыны. Яна назаўсёды засталася ў тых рэаліях, калі яе дзетачкі разам з ёю, няхай сабе і на адлегласці, але гэта не праблема, бо ёсць стары, няхай сабе і зламаны тэлефон. Яна засталася назаўсёды шчаслівай габрэйскай мамай, што можа ўвесь час клапаціцца пра сваіх сына і дачушку.

- Мілы, ты паснедаў?

Яна зноў размаўляе з дзецьмі, яна зноў задае ім звычайныя пытанні. Напэўна, ў тым месцы, дзе зараз знаходзяцца іх неўміручыя душы, ім добра і яны па-свойму, адтуль адказваюць сваёй матулі. А яна іх чуе і разумее, як ніхто іншы.

Зашчымела ў грудзях. Але гэта пройдзе. Таблетка не патрэбна, бо скора, зусім скора я ўдыхну на поўныя грудзі паветра Іерусаліма і пакрочу па вуліцы Яффо да Старога месца. Туды, дзе я зноў абавязкова адчую блізкасць Бога. А ля Сцяны плачу ў сваіх малітвах абавязкова ўзгадаю сваю спадарожніцу з аўтобуса нумар 992 “Цфат – Іерусалім”.

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509