Блоги

Дарожна-падарожныя нататкі

Частка трэцяя – разважная.
Стары Ако / Фото: М. Ільючык.

Тры з паловаю гадзіны палёту ніколькі не стамілі, бо яны былі кульмінацыяй чакання чарговага падарожжа сюды. А чаканне пачалося амаль год таму, калі скончылася папярэдняя мая вандроўка на Святую Зямлю. Самалёт далікатна дакрануўся да ўзлётна-пасадачнай паласы. Нібы пяшчотна пацалаваў зямлю, напэўна засумаваў па ёй у небе.

Звыклы ўжо памежны дагляд і атрыманне багажу не занялі шмат часу. Некалькі дзясяткаў метраў па прыступках уніз - і вось ён, цягнік, што дамчыць цябе ў паўночную частку краіны, у багаты з гістарычнага пункту гледжання горад Ако на беразе Міжземнага мора. Хто тут толькі ні быў! Нават Напалеон. Дарэчы, яго металічная фігура ўзвышаецца над горадам. Коннік са сцягам у руках усё некуды імчыць, нягледзячы на тое, што час яго даўно мінуў.

Той самы няўмольны час пакінуў на гэтай зямлі толькі магілы французскіх салдат, якімі “кіруе” сапраўдны генерал. Магіла Луіса Каффарэллі знаходзіцца асобна і выдзяляецца сярод іншых. Не пашанцавала тады генералу, куля раздрабіла руку, а няўдалая ампутацыя прывяла да смерці. За чатыры гады да гэтага ранення, таксама на полі бітвы, ён страціў нагу, але гэта не перашкодзіла яму разам з Напалеонам пайсці ў той Егіпецкі паход. Луі Мары Макімільен де Каффарэллі дзю Фальга назаўсёды застаўся саракатрохгадовым. Без левай нагі і правай рукі навечна спачыў у Ако.

А Напалеон Банапарт і далей скача на кані, а я ўзяў звычку прывязваць да задняй нагі ягонага каня сцягі, узбіраючыся штораз на гэты пагорак. Беларускі ці ізраільскі – не мае значэння. Галоўнае – падняцца на верхатуру. Потым, калі едзеш на аўтобусе ці ідзеш пешкі, назіраеш, як твой сцяг лунае над горадам. Я згодзен быў бы даць сцяг Напалеону ў руку, але туды без спецыяльных прыстасаванняў не далезці. На назе каня мае сцягі, наш ці ізраільскі, таксама добра глядзяцца, ды і колеры - белы з сінім ці белы з чырвоным - добра пасуюць на фоне чорнага металу ці блакітнага неба.

З гары Напалеона відаць мора. Тут добра быць надвячоркам, назіраць як чырвоны агромністы дыск хаваецца за небакраем. Ужо не горача, свежы ветрык падбадзёрвае.На караблях, што стаяць на рэйдзе недзе насупроць Хайфы запальваюцца агні. Тут хутка цямнее і неўзабаве на небе ўжо відаць зоркі. Сузор’і размешчаны на небасхіле крыху не так, як дома. Гэта як напамін, што твая радзіма недзе там, у накірунку на поўнач.

Стары горад вабіць цябе здалёк. Спачатку ты бачыш старажытную архітэктуру на фоне бірузовага мора і сінюткага неба, бліжэй адчуваеш водар усходніх прыпраў, пах самога мора, а таксама пах яго наведвальнікаў – водарасцей і, канешне ж, рыбы. Яшчэ бліжэй - і ты ўжо чуеш гаворку людзей, бачыш абліччы і твары і сам становішся часткаю гэтага арганізма пад назваю Стары Ако.

Некалі мы з сынамі купілі тут ці не цэлае вядро крэветак. Яны былі свежыя, толькі што з мора, варушылі вусікамі і лапкамі. Іх нават шкада было гатаваць, але зварылі, адвялі душу, наеліся ад пуза. Сёння мне таксама хочацца пакаштаваць нечага марскога. Малюскі ды ўсялякія членістаногія – ежа не кашэрная, але менавіта тут, на ўзбярэжжы процьма рэстаранчыкаў, дзе ўсё гэта ёсць. Тут шмат замежнікаў, дзеля якіх у большасці выпадкаў і існуюць такія рэстарацыі.

Шпацырую ўздоўж мора, выбіраю. Мяркую, што “Абу Крысто” – акурат тое, што мне трэба. Назва падабаецца, ды і хвалі б'юцца ўсяго ў некалькіх метрах. Хваля бяжыць з шапаценнем, потым з усяе дуры б’ецца аб бетон ды камяні, і з шэлестам рассыпаецца на мільёны пырскаў і асобных кропляў, што зноў імкнуцца вярнуцца ў мора.

Гучыць прыемная музыка, гітарыст стараецца. Нейкая міжземнаморская мелодыя лашчыць слых, і вось ужо ветлівы афіцыянт прымае замову і хуценька знікае ў нетрах рэстараннай кухні. Хвалі ніколькі не замінаюць музыку, наадварот. Яны сугучныя, і здаецца, што не адзін, а некалькі інструментаў ствараюць гэтую музыку. Музыка і мора з’ядналіся ў адзіным жаданні, таму іх надзвычай прыемна слухаць.

Людзей няшмат. Але ў шматгалоссі магчыма пачуць і іўрыт, і арабскую, і некаторыя еўрапейскія мовы. Так захацелася сустрэць беларуса, каб далучыць сюды і нашу мову. Не атрымалася… Можа іншым разам.

Афіцыянт прынёс замову – крэветкі і рыбнае асарці. Гэта не перакус подбегам, а сапраўдны абед. Тут, побач з морам, рыба і крэветкі надзвычай смачныя. Можна нетаропка смакаваць стравы, слухаць мора, любавацца хвалямі і небам, разважаць аб чым заўгодна і слухаць чароўныя гукі жывой музыкі. Вось да гітары далучылася скрыпка і пад іх сумеснае старанне мае сандалі самі нешта сталі выстукваць аб падлогу, хоць гэтай мелодыі я ніколі раней не чуў. Сонца іскрыцца ў хвалях, яно не гарачае, як улетку, але такое ж яркае і ласкавае. Хвалі танчаць, і мноства сонечных зайчыкаў імкнуцца быць у віры падзей.

Прыйшлі нейкія новыя людзі і да агульнай гаманы дадалася яшчэ адна мова. Так і павінна быць, Міжземнае мора, сярэдзіна зямлі… Няма чаму здзіўляцца, але ж здзіўляешся, бо дзівосы тут на кожным кроку. Можаш сустрэць земляка, што сам звернецца да цябе на тваёй мове, а можаш пачуць нейкую цікавую гісторыю з жыцця людзей, што жывуць тут.

Я не ўпершыню ў гасцях у майго даўняга сябра Аркадзя. Спачатку я пазнаёміўся з ягонымі бацькамі, даўно гэта было. Цудоўныя, мілыя людзі. Аркадзеў тата - франтавік, што добра панюхаў пораху - ужо сышоў з гэтай зямлі. Дзядзька Міша, сціплы і некрасамоўны, шмат расказваў пра вайну, але не пра сябе. Уся іх сям’я і асабліва дзядзька Міхаіл ганарыліся сваімі стрыечнымі братамі – Мацьвеем і Яўсеем Вайнрубамі. Адзін - генерал, другі -палкоўнік, абодва танкісты, героі Савецкага Саюза. Аркадзева мама, цётка Люба, таксама зведала гора спаўна. Дзяўчынкай уратавалася ад фашыстаў, перайшла лінію фронту, але згубіла маму па дарозе на Урал у эвакуацыю. Гісторыя мела шчаслівы канец, бо мама неўзабаве знайшлася.

Міша і Люба сем гадоў таму былі запрошаны ў ізраільскі горад Ашдод, там братам-героям усталявалі помнік. Браты Вайнруб нарадзіліся ў беларускім Барысаве. Адзін пахаваны ў Кіеве, а другі ў Ізраілі паблізу Тэль-Авіва. Я шмат разоў чуў гэтую гісторыю, але Люба зноў будзе мне яе распавядаць, а я буду ўважліва слухаць і задаваць пытанні. Мы будзем гаварыць з ёю і пра музыку, бо яна захапляецца опернымі спевамі і рамансамі, бывае на канцэртах, ведае асабіста многіх артыстаў. Я ўмею слухаць, асабліва яе, нашу цёцю Любу.

Аркадзь жартуе, кпіць з яе. Кажа што яна не ўспрымае яго. Бо на першым месцы ў яе адзін знакаміты спявак, потым яшчэ адзін хлопец з Беларусі і толькі потым - уласны сын, унукі ды праўнукі.

Дарэчы, на зямлі Ізраіля пра тую вайну згадваюць не менш, чым у Беларусі. У кожнай сям’і захоўваюцца нейкія рэліквіі ці проста ўспаміны. Халакост – вялікая трагедыя, што не абмінула нікога. І толькі сярод гэтага народа магчыма зразумець адносіны пэўных людзей да некаторых жыццёвых сітуацый, што некалі былі для цябе незразумелымі. Напрыклад, як зразумець таго ж Іцхака Южука, які страціў у вайну бацькоў, усіх сясцёр і братоў, за выключэннем аднаго. Яму за дзевяноста, вечнасць на парозе, а ён прынцыпова не падтрымлівае ніякіх стасункаў з сынам, што памяняў месца жыхарства і з’ехаў у Нямеччыну. Ці мала краін на зямлі? Але нейкія абставіны прымусілі паехаць менавіта туды. А старому крыўдна. І ты яго разумееш.

Некалі я займаўся з групай нямецкіх студэнтаў. На чарговай сустрэчы прысутнічалі колькі вязняў Мінскага гета. Яны нешта узгадвалі, распавядалі, як ім было там, у акупаваным Мінску, потым гаманілі пра тое, як склаўся іх лёс пасля вайны. Сярод іх была і Фрыда Рэйсман, яна ўвесь час маўчала. Нарэшце на яе звярнулі ўвагу і таксама прапанавалі нешта сказаць. Тое, што яна прамовіла, бізуном разанула па вушах і нясцерпным болем, бы электрычным разрадам, працяла цела: “Нічога я не буду ім гаварыць. Я нядрэнны чалавек, але яны нашчадкі тых, хто нас забіваў”. Жанчына змоўкла, апусціўшы галаву. Яна не плакала, усе слёзы былі даўно выплаканы за жыццё. Імгненна адрэагаваў перакладчык: “Я не буду гэта перакладаць”. Яе словы пераклаў я. Ужо немцы апусцілі галовы. Потым я доўга разважаў над тым сваім учынкам, меркаваў і ў нейкія моманты нават шкадаваў: маўляў, няправільна гэта, прабачэнне павінна быць на першым месцы. У Ізраілі я чуў шмат гісторый людзей, што пабывалі ў пекле, але выжылі, засталіся людзьмі. Мне шкада Фрыду і ўсіх іншых. Зразумець гэтых людзей я змог толькі ў Ізраілі. Гэтая зямля накладвае нешта сваё і на наша ўспрыманне, і на адносны да ўсяго, да жыцця.

Ты ўсім нутром, усёй сваёй існасцю разумееш, што без прабачэння нельга, нельга памятаць злое і несці яго ў душы ўсё жыццё. Але тут ты пачынаеш разумець і гэтых людзей, і боль іхніх душаў рэхам адзываецца недзе і ў тваім сэрцы. Ты разумееш, што ім прычынілі такі нясцерпны боль, што раны крываточаць дагэтуль, а нават калі і загоіліся, то на іх месцы засталіся шрамы, як напамін пра тое, што такога быць не павінна ніколі.

Я зноў слухаю Любу. Нешта чуў раней, а штосьці чую ўпершыню. Лаўлю сябе на думцы, што імёны блізкіх мне людзей ёсць і ў нашай сям’і – мужа сястры, майго швагра, таксама звалі Міша, некалі быў у мяне дзед Яўсей - матулін тата, і ёсць у мяне мілая і прыязная пляменніца Люба…

Заўважыў, што тут, у Ізраілі, ты можаш засяродзіцца на нейкіх рэчах, на якія дома не звяртаеш увагі. Ці то часу няма, ці атмасфера не тая. Затое тут воля развагам, прастор для палёту думак і час для асэнсавання, і нават пераасэнсавання нечага важнага і не зусім.

 

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509