Блоги

Дарожна-падарожныя нататкі

Частка чацвёртая – эстэтычная.
На возеры Кэнэрэт / Фото: М.Ільючык.

У Ізраілі прастор для задавальнення эстэтычных патрэб. Жыхары краіны ведаюць толк у мастацтве. У кожным доме на сценах вісяць карціны, маюцца іншыя мастацкія вырабы. Усё залежыць ад густу гаспадара. Калі хочацца на канцэрт, калі ласка. Чаму б не. І нічога, што дзеля таго каб трапіць на яго  прыйдзецца імчаць на аўто гадзіны тры, альбо нават больш часу ў іншы горад. Затое якія ўражанні! Бывае, канцэрты ладзяцца ў незвычайных месцах. Хіба можна перадаць словамі ўражанні ад канцэрту барочнай музыкі, што праходзіў на Сіёне ў Іерусаліме, на які мы трапілі з жонкай разам з сябрамі?

У кожным горадзе ёсць свае галерэі, дзе можна не толькі любавацца творамі мастацтва, але і набыць для сябе нешта ўнікальнае і непаўторнае. Мастак пагамоніць з табою, нешта раскажа, але не будзе назаляць і не пакрыўдзіцца, калі ты нічога не прыдбаеш з таго, што ён прапаноўваў.

Магчыма паспрабаваць сябе і ў нейкай новай справе. У Цфаце ёсць цудоўная галерэя, дзе робяць шыкоўныя свечкі. Да кожнага вырабу прыкладваюць свае ўмелыя рукі мастакі. Я даўно з імі знаёмы, яны дазваляюць мне фарбаваць гатовыя вырабы альбо нават плесці свечкі на мноства кнотаў. Мне падабаецца заходзіць да іх, нейкая духоўная еднасць узнікла паміж намі. У галерэі стаіць шмат фігур з воску, скульптурныя кампазіцыі і цэлыя сцэны на гістарычныя сюжэты. На вялікі жаль гэтым годам змяніўся ўласнік. Высокае мастацтва яму стала не патрэбным, цяпер у галерэі прадаюць свечкі, прывезеныя з Паднябеснай. Горад страціў унікальнае і каларытнае месца, а мастакі страцілі працу. Мабыць і я нешта страціў, нешта такое душэўнае і атмасфернае, чаго калі-нікалі так не дастае ў гэтым імклівым і хуткаплынным жыцці.

У Цфаце шмат цікавых месцаў не толькі з мастацкага пункту гледжання, але і з гістарычнага. Чаго варты той факт, што горад быў заснаваны пасля патопу сынам Ноя, таго самага, што збудаваў каўчэг, каб выратаваць сям’ю і ўсё жывое, што існавала на зямлі. Да гэтага часу існуе магіла Сіма, Ноевага сына. А яшчэ ў гэтым горадзе ёсць цудоўныя сябры і дом, у якім заўсёды можна спыніцца. Калі нават недзе бадзяешся па краіне, то калі ўжо плануеш ехаць у Цфат, то кажаш сабе ды іншым: “Еду дадому”.

Але вернемся да высокага. Распавяду адну гісторыю, яна адбывалася таксама ў святым, па мерках іўдаізму, горадзе Тверыя. Прыгожы горад на беразе Галілейскага мора, альбо возера Кенэрэт, як яго тут называюць. Канеше ж, якое гэта мора, калі ў добрае надворр'е відаць супрацьлеглы бераг. Клімат у Тверыі, па праўдзе кажучы, не ўсім падыходзіць – улетку тут горача і дужа вільготна. З акна майго пакоя ў Цфаце бачна возера,бо горад стаіць на гары, а вечарам відаць агні старажытнай Тверыі. Гэта ж зусім побач.

Там таксама жывуць нашы добрыя сябры - Ізя і Леначка. І сягоння, па іх планах, яны пазнаёмяць мяне са сваімі сябрамі Герасімам і Давідам. Карацей, паедзем мы да Герасіма, але паколькі Давід бывае ў яго часцей, чым трэба, то ёсць вялікая верагоднасць, што ў мяне з’явіцца адразу два новых знаёмцы. Мяркую, што будзе пазітыўная сустрэча, бо людзі побач вясёлыя, хоць зрэдку і сумуюць па Гомелі і Гародні.

Герасім – іканапісец, прызнаны мастак. Я не эрудыт у гэтай плыні, хіба што грэцкую школу ад візантыйскай адрозню. Мне цікава іншае – сам чалавек. Таленавіты мастак, што прыехаў на гэтую зямлю, каб нешта ствараць, каб проста жыць у гэтай атмасферы. Я меркаваў, што прада мною паўстане нейкі хіпі, ці яшчэ які нефармал. І не памыліўся. Знешне ён поўнасцю адпавядаў маім уяўленням.

На парозе кватэры нас сустрэў малады яшчэ чалавек з арыгінальнай прычоскай і ў скураной вопратцы. На руках ён трымаў невялікага рудога сабаку. Пазнаёміліся. Ён -Герасім, сабачка, - Фоксі. Праходзім у кватэру і, новае знаёмства. Агромністы, з капой сівых валасоў і такой жа барадою, не стары яшчэ мужчына сядзеў у позе мысліўца. Ён нагадаў мне Карла Маркса. Побач такі ж вялізны, па сабачых мерках, ягоны сябар.

- Пазнаёмцеся, - сказаў Герасім.

Я падаў руку. Чалавек змяніў позу з філасофска-задуменнай на наўпрост-звычайную. Ён перастаў падпіраць праваю рукою кудлатую галаву і працягнуў мне шырачэзную далонь.

- Давід. А гэта - Эльбрус.

Герасім стаў паказваць кватэру, што больш нагадвала незвычайную бярлогу старога халасцяка. Сярод гэтага хаосу, што быў выкліканы нейкім гіганцкім выбухам, кшталту таго, што стварыў сусвет па меркаванню астрафізікаў, у гэтым мастацкім асяродку ўсё ж узгадвалася, хоць і з цяжкасцю, нейкая сістэмнасць і заканамернасць.

Па перыметру пакоя з грубых дошак ад падлогі і амаль да сярэдзіны сцен былі ўсталяваны паліцы. Частка з іх зачыналіся такімі ж брутальнымі дзверцамі на кованых завесах.

- Гэта мне Давід дапамог, - сказаў Герасім, заўважыўшы, што я з цікаўнасцю разглядаю ягоную мэблю.

- Так, я дапамог, - задуменна адказаў Давід.

- А вось, глядзіце, - засмяяўся Герасім і прачыніў дзверцы, тут усё імі застаўлена. Толькі не падумайце, што я гэта знекуль прынёс, усё выпівалася на месцы, у гэтых сценах.

- Уражвае, - адказаў я, бо ніколі не бачыў такой колькасці пустых бутэлек з-пад моцных напояў, - і пастаўлены з густам.

- У мастака мабыць так і павінна быць, а вось гляньце, што тут, - Герасім прачыніў дзверы на кухню.

- Ого! Герасім, а ці не занадта многа, - Леначка хоць і з пагрозаю, але неяк гарэзліва памахала пальчыкам.

- Гэта таксама ўсё тут выпіта, - здавалася, што ад колькасці вінных коркаў абрынуцца дзверы і частка сцяны.

У корках, прыбітых цвікамі, быў парадак і гармонія, роўныя рады і акуратнасць, з якой была выканана гэтая справа пераконвалі – працаваў мастак.

Потым Герасім паказаў мальберт пасярод пакоя на якім стаяла недаробленая праца. Стыль своеасаблівы. Мяркую, што твор павінен быў атрымацца сапраўды цікавым і незвычайным, але па ўсяму было відаць, што да будучага шэдэўра даўно не дакранаўся пэндзаль творцы.

- На гэта не глядзіце, - падалося што Герасім засаромеўся, бо я паглядзеў на матрац у куце, невялікі кілім ляжаў побач, - тут мы з Фоксі спім, а тут Давід с Эльбрусам, яны часта ў мяне застаюцца на ноч.

На супрацьлеглым баку ляжаў такі ж матрац, можа толькі посцілка была большых памераў, бо Эльбрус – вялікі сабака.

- З ім нельга ў аўтобус, - патлумачыў філосаф, - дачка прывезла яго ў краіну, а некалькі гадоў таму аддалі мне, жыву з ім, ніхто мяне не разумее так як ён, нават Герасім.

- Калі Давід застаецца ў мяне дапазна, то часам яны начуюць, хоць і цеснавата тут нам чацвярым. З Фоксі прасцей, я яго куды заўгодна з сабой бяру, ён ведае, што трэба схавацца ў торбу і сядзець ціхенька, - патлумачыў мастак, - а Давіду цяжка, у грамадскі транспарт з сабакам нельга, з такім вялікім не пускаюць.

- Герасім, Давід, мы хочам запрасіць вас у рэстаран, я ведаю адно цудоўнае месца, - прапанавала Леначка, - а сабакі можа неяк самі пабудуць, мы абяцалі нашаму госцю, што і вы разам з намі павячэраеце, карацей, сяброўская вячэра, цікавыя размовы.

- Не, дзякуй, - Давід пачасаў патыліцу, - я яшчэ пабуду, трэба абдумаць адну справу як след, ды пойдзем памалу, сягоння дома начуем, ёсць справы на раніцу, а вы ідзіце.

Філосаф Давід застаўся думаць, а мы паехалі вячэраць. З боку возера веяў ужо не гарачы вецер, на схілах гор, што атачалі яго, запальваліся агні паселішч. У рэстаране чакаў загадзя зарэзерваваны столік пад старажытнымі сутарэннямі.

Мае сябры выпілі па фужэру чырвонага віна і Герасім стаў больш гаманкім.

- Добрае віно, давай замовім яшчэ, прапанаваў Ізя.

- Ты што! Такое ж самае ў краме каштуе ці не ў тры разы танней, я схаджу, тут побач, - адказаў Герасім.

- А як адкаркаваць? – Ізя з недаверам глянуў у вочы мастаку.

- Не турбуйся, яны і адкаркуюць, - мастак падняўся і ўзяў з падлогі брызентавую торбу, у якой ціхенька ляжаў Фоксі.

- Пакіньце тут, я патрымаю, - прапанаваў я.

- Не, ён са мной, а то будзе сумаваць, - Герасім загадкава падміргнуў нам і пакрочыў да выхаду.

Адсутнічаў ён нядоўга. Новая бутэлька з вінаградным напоем апынулася на стале, а торба з каштоўным змесцівам зноў ціхенька лягла пад стол ля ног свайго гаспадара. У тое імгненне, калі сума кранулася каменнай падлогі, па-здрадніцку дзінькнула шкло, але той звон, напэўна, пачуў толькі я і мастаку не давялося бянтэжыцца.

- А я прыдумаў, што мне павінна зрабіць, я ўсё вырашыў! – Герасім выгукнуў гэта на манер Архімедавай эўрыкі.

Мы ўсе з цікавасцю паглядзелі на яго, зазяродзіліся, штож ён скажа.

- Я зраблю пасведчанне, не такое прыходзілася рабіць, - мастак шматзначна і адначасова гарэзліва падміргнуў, - буду хадзіць у чорных акулярах, карацей, сляпы з сабакам-павадыром. Тады ўсе мы зможам перасоўвацца на аўтобусах. Ну, як мой план?

Усе весела і гучна зарагаталі. Толькі сам Герасім быў сур’ёзны. А як інакш, планы сапраўды амбіцыйныя і салідныя. Але для творчага чалавека гэта драбяза, ён зможа.

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509