Блоги

Дарожна-падарожныя нататкі

Частка пятая – сумбурная.
Іерусалім / Фото: М. Ільючык.

На Святой Зямлі часам з табою здараюцца нейкія дзіўныя праявы. Можа табе толькі здаецца, што такое можа адбыцца з табою толькі тут, бо дома не засяроджваеш увагі на на нечым незвычайным ці нават містычным?! Табе наўпрост няма часу дома гэта ўсё заўважаць і перажываць. А можа, і сапраўды гэтая зямля – асаблівае месца, што прыцягвае ўсё незвычайнае. Такога кшталту прыгоды мяне радуюць і падбадзёрваюць.

Іду па старым Цфаце, як кажуць, нікога не чапаю. Раптам з ніадкуль узяўся артадокс, апрануты ў чорнае, барада і пэйсы – усё як мае быць. Паўстаў перада мной і кажа:

- Прывітанне. Ты габрэй?

- Прывітанне. Не.

- А хто?

- Беларус, - я гэта прамовіў і адчуў, што ў такого закіпае мозак, верагодна не чуў ніколі такога слова.

- Тады, напэўна, твая мама габрэйка, я гэта па тваіх вачах бачу, - рэзюмаваў ён і пакрочыў далей.

Што ён убачыў у маіх вачах праз цёмныя шкельцы маіх акуляраў, не ведаю. І якое дачыненне да ўсяго мае мая мама-нябожчыца, калі ўжо шмат гадоў яна жыхарка неба.    Настрой мне ўзняў гэты дзядзька на цэлы дзень. Аповедам пра гэтую сустрэчу я павесяліў сяброў. Але адна з сябровак, падкая да ўсяго незвычайнага, на поўным сур’ёзе сказала:

- У наступны твой прыезд абавязкова зробім генетычную экспертызу, у нас з гэтым проста, я нават сама прафінансую гэтую справу.

Шмат гадоў таму, можна ўжо і так казаць, у нас адбылася адна сустрэча, што змяніла і наша жыццё, і жыццё гэтых цудоўных людзей. Мы з жонкай былі запрошаны ў Ізраіль сям’ёй з музычным прозвішчам Арфа. Адразу пасля нашага прыезду яны арганізавалі ў сябе на кватэры вечарыну, запрасіўшы сваіх лепшых сяброў.

Вядома ж, самыя прыстойныя мерапрыемствы маюць асаблівасць канчацца. Не выключэнне і гэтае. Да аўтобуснага прыпынку нас узяліся правесці дзве сястры – маскоўскія дамы, што даволі даўно пераехалі сюды. Ім таксама ехаць дадому на аўтобусе, а нам патрэбна было на аўтавакзал, каб потым яшчэ перасесці на іншы аўтобус. Гаспадары дома ў апошні момант вырашылі правесці нас не толькі за парог, а крыху далей – да пад’езда.

У звычайных дамах у Ізраілі, скажу я вам, ліфты даволі цесныя. А людзі падабраліся гэтым разам не такія і дробныя. Пра грузапад’ёмнасць механізма ніхто нават і не падумаў, усе яшчэ былі ўзрушаны вечарынай, эмоцыі зашкальвалі. Канешне ж, нас насцярожвала, што нас сапраўды зашмат. Спрабавалі нават узгадваць анекдоты на тэму ліфтаў. Але ён, ліфт, ніколькі на нас не пакрыўдзіўся і гасцінна прыняў у сваё нутро. Не скажу, што ён не стараўся, аж рыпеў ад натугі. Потым здрыгануўся ўсім сваім целам і спыніўся. Дзвярэй чамусьці не расчыніў і нас не выпусціў. У дапаўненне да гэтага ліха яшчэ і святло патухла.

Усталявалася поўная цішыня, толькі чуваць сапенне насоў шасці чалавек. Потым раздаўся нечы нясмелы смех, потым да яго паступова далучыліся ўсе. Парагатаўшы хвіліны са дзве зразумелі: ліфт зламаны і ў нас праблемы. Да цямы прыйшлі даволі хутка. Адна з жанчын пачала прыкідваць, якім штрафам нас усіх пакараюць за перагрузку ліфта. Другая пачала шукаць у сумачцы мабільнік, на наша шчасце ён хутка знайшоўся, і, о цуд, сувязь была.

Патэлефанавалі ў службу выратавання. Яны пацікавіліся колькі нас, ці хапае паветра, ці нікому не стала дрэнна і запэўнілі, што на наша вызваленне адпраўлены прыгожы чырвоны аўтамабіль з брыгадай дужых маладзёнаў.

Праз нейкі час нейкім прыстасаваннем выратавальнікі рассунулі створкі дзвярэй, і мы пабачылі святло, але была яшчэ адна праблема - каб вызваліцца з ліфтавага палону патрэбна лезці ў шчыліну, што знаходзілася недзе на ўзроўні грудзей. Я дапамог не такім ужо і маленькім дамам, гаспадару і апошні, як сапраўдны капітан, пакінуў зкурочаны ліфт. Жанчыны засыпалі пажарных кампліментамі, так што пытанне штрафу імі нават не ставілася. У той вечар мы раз’ехаліся, але на раніцу стэлефанаваліся, каб пацікавіцца здароўем і ўражаннямі. Узгадвалі сваю прыгоду і шчыра смяяліся.

З таго часу мы “на сувязі”. Сябруем, узгадваем той вечар і жартуем, што сапраўднае сяброўства магло нарадзіцца ў цесным ліфце шматпавярховіка. У нас цесныя стасункі і прыязныя адносіны. Да ўсяго я адзначаю, што ў мяне некалі была адзіная сястра ў Багданаўцы, а цяпер мая сям’я папоўнілася новымі сёстрамі ў ізраільскім горадзе Цфаце.

Кожны раз, бываючы ў гэтай краіне, я стаўлю для сябе нейкія мэты. Няхай сабе не такія ўжо і недасягальныя – кшталту пабываць на магіле аднаго з прарокаў, ці падняцца на гару Тавор. Гэтым разам я вырашыў, што самастойна пабываю ва ўсіх кварталах старога Іерусаліма. Экскурсаводы неахвотна паказваюць турыстам Мусульманскі квартал. Можа баяцца. Мяне ўжо цяжка нечым напужаць у гэтым жыцці, таму вырашаю, што пабываю не толькі ў звыклых ужо Хрысціянскім, Армянскім ці Габрэйскіх кварталах, але абавязкова пасля Хрмавай гары наведаю і Мусульманскі квартал Старога месца. А яшчэ мая мэта -абысці ўвесь Стары горад звонку, па перыметры сцяны. Гэта зусім не цяжка, бо на двары люты і надвор’е спрыяе, няма спёкі і досыць камфортна. Яшчэ мала гавораць пра каронавірус, хоць людзі недзе на круізным лайнеры ўжо пакутуюць ад новай хваробы, а ў Кітаі ёсць першыя памерлыя.

Мусульманскі квартал – месца цікавае, але напачатку адчуваеш усё ж нейкі дыскамфорт, потым гэтае адчуванне праходзіць і ты цалкам патанаеш у атмасферы даўніны і мусульманскай адметнасці. І толькі калі ўжо безнадзейна згубіўся ў лабірынтах вузенькіх вулачак і праходаў, пачаў шукаць вачыма паліцэйскіх. Вось яны, родненькія!

- Ані та яр, - прамаўляю я на іўрыце, арабы павінны ведаць гэтую фразу, яны ж на службе, іх вучылі. Маё каравае: “Я - турыст” дзейнічае магічна. Я тычу пальцам у мапу, паказваю добра вядомае мне месца і загарэлыя хлопцы з аўтаматамі выводзяць мяне з закавулкаў на больш-менш прасторную вулачку і паказваюць накірунак, у якім мне патрэбна рухацца.

Усіх мусульман, што жывуць у Ізраілі, габрэі называюць “нашы стрыечныя”. Калі углыбіцца ў гісторыю старажытнасці, то зразумееш, што продак-бацька ў іх адзіны, матулі розныя. Што ж, так бывае.

Працягваю бадзяцца па старым горадзе, спрабую цалкам адчуць атмасферу Старога месца. Раптам выходжу на Віа Далароза – вуліцу па якой вялі на смерць Сына Божага. Тут быў шмат разоў і заблудзіцца ўжо немагчыма.

Патэлефанавала сяброўка і паведаміла навіну – сёння а шаснаццатай ля Сцяны плачу будзе малітва за Кітай і аб тым, каб Усявышні ацаліў хворых і даў перамогу над каронавірусам. Яшчэ яна сказала, што там будуць дыпламаты і сярод іх амбасадар Кітайскай рэспублікі, кітайскія студэнты і духавенства самых розных канфесій. Яна мне ўсё растлумачыла і, нібыта хацела ад мяне нечага большага, запыталася:

- Пойдзеш? Дык ты пойдзеш на тую малітву?

Яе пытанні былі прамоўлены такім тонам, быццам гэта ад мяне наўпрост залежыць, ці ачуняюць хворыя, і ці будзе пераможаны ненавісны Ковід-19.

- Пайду, Ідка, абавязкова пайду, - запэўніў я, разумеючы, як гэта патрэбна мне самому, ды і як адмовіць ёй, чалавеку, што за гэтыя гады стаў родным.

Свой запланаваны шпацыр па вонкавым перыметры сцяны адкладаю на іншы дзень.Такое мерапрыемства не варта прапусціць.

Узбоч дарогі да Сцяны плачу, на прыступках сходаў сустракаюцца людзі, што просяць міласціну. Здалёк я заўважыў жанчыну, якой заўсёды ў працягнутую далонь кладу грошы. Некалькі сяброўка Анечка, што працуе экскурсаводам, расказала, што гэта не простая жанчына - гэта знакамітая актрыса аднаго з кіеўскіх тэатраў. Складаныя абставіны і непаразуменне з уласнымі дзецьмі прывялі яе сюды. Тады мы з ёю нават пагаманілі колькі хвілін. Анечка – чулы чалавек, ніколі не пройдзе міма гаротных і ва ўсім бачыць знакі з нябёсаў. Я ўдзячны ёй, што і мяне гэтаму навучыла. Вітаюся з актрысай, як з добрай знаёмай і кладу ёй у руку згорнутую напапалам купюру. Яна асыпае мяне словамі падзякі і дабраславеннямі, што ніколі не бываюць залішнімі.

Сцяна плачу - яна ні ад каго і ні ад чаго не адгароджвае, хоць і сцяна. Мне здаецца, што на яе апіраецца неба, калі стамляецца ад нейкіх вышніх спраў ці ад цяжару, з якім прыходзяць сюды людзі. Колькі патаемных думак агучана ля яе людзьмі, што прыходзяць сюды з апошняй надзеяй, колькі слёз выплакана тут! Слёз, найчасцей нябачных, калі плача душа.

Ты заплюшчваеш вочы, рукою дакранаешся да яе, і нібыта Усявышні Сам бярэ цябе за руку, дакранаецца да твайго пляча і табе становіцца лёгка-лёгка, бо ты не самотны. З’яўляецца ўпэўненасць: тое, што ты скажаш словамі, ці ў думках, ці што загадзя накрэмзаў на паперы, каб пакінуць тут, не застанецца без увагі.

Сягоння я разам з усімі памалюся за Кітай, за хворых і папрашу Госпада, каб ён даў перамогу над хваробай, над вірусам і каб свет зноў вярнуўся да нармальнага жыцця. Хоць ведаю, што ён ужо не будзе такім, як раней. Ён будзе іншым.

Канешне ж, для таго, каб мець стасункі з Усявышнім не абавязкова ехаць у Іерусалім. Тым больш, што краіна, як і шмат іншых, зараз зачынена для турыстаў. Але сваю Сцяну можна знайсці дзе заўгодна і маліцца за Ізраіль, за іншыя краіны і за Беларусь, у тым ліку.

- Божа, дабраславі маю краіну!

 

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509