На свята прыйшлі жыхары вёскі - аматары чарнічных паходаў, сваякі Вольгі Сцяпанаўны, яе радня і калегі па творчасці з Лунінца і Пінска, былі запрошаны і сябры клуба "Муза". Мамы і бабулі не забыліся ўзяць з сабой дзяцей, якія ажывілі свята, зрабілі яго больш вясёлым.
Мерапрыемства падрыхтавалі калектыўна: хтосьці ўпрыгожваў імправізаваную сцэну, хтосьці рабіў салаты, варыў бульбу, сервіраваў стол. "Мужчынская палова" круцілася каля мангалаў - ладзіла шашлыкі.
Чарніцы як віноўніцы ўрачыстасці, выглядвалі ў якасці напаўняльніка з хлеба і салодкіх тартоў (аўтары Наталля Ярмольчык і Святлана Бойка), з "Сіняй птушкі" пад чарнічным соўсам ад Алены Мелюх, з купленых у магазіне салодкіх прызоў для пераможцаў конкурсаў.
Святлана Бойка загадвала дзецям "ягадныя загадкі". Самым эрудыраваным атрымаўся удзельнік клуба "Натхненне" Лунінецкага ГДК, вучань 7 "В" класа СШ №1 Вадзім Стаўнічук (на фота знізу - злева).
Веранду перад святам размалявала Алена Мелюх. А дзевятка вялікіх, памерам з апельсін, ягад, вытачаных Сяргеем Грыдзюшка, з'яўляліся сімвалам свята. Па словах сяльчан, менавіта дзевяць самых першых сабраных чарніц трэба пакласці на пянёк, каб задобрыць лясных духаў, кад збор быў удалым.
Вершы пра чарніцы і аб любові да малой радзімы прачыталі кіраўнік народнага клуба "Муза" Лунінецкага ГДК Вольга Грыдзюшка, а таксама удзельнікі клуба "Муза" Лунінецкага ГДК Людміла Хмялеўская і Віктар Пінігін, які таксама з`яўляецца кіраўніком клуба "Літаратурная правінцыя" цэнтральнай бібліятэкі.
Прадэманстраваў замежныя маркі з чарніцамі і прадэкламаваў верш з Інтэрнэта на палескім дыялекце "Забута мова" Сяргей Грыдзюшка.
Яўгенія Мялешка правяла вясёлы конкурс "Па чарніцы".
Фотапрэзентацыю "Чарніцы-2020" і фотаздымкі мінулага мерапрыемства прадставілі браты Павел і Владзімір Мелюх. Дарэчы, Уладзімір, вучань 6 класа, жыхар г.Пінска, не толькі хутка збірае ягады, але і знаходзіць у лесе нябраныя - для мамы. Кароткі відэазапіс пад юмарыстычнай назвай "Чарнічныя прыгоды" паказалі сёстры Аляксандра і Ульяна Ярмольчык (СШ №2 г.Лунінец).
Людміла Хмялеўская выступала таксама ў якасці вакалісткі - у яе выкананні прагучаў шэраг песен патрыятычнай тэматыкі. А на прыканцы прысутныя спявалі хорам песні пад баянны акампанемент Вадзіма Ярмольчыка.
Дачакаліся госці і "шашлычнага бума", і духмянай гарбаты - абавязкова з чарніцай!
Свята было не шматлюдным, але даволі душэўным, шчырым і пазнавальным. Удзельнікі выказалі пажаданне, каб святочнае ўшанаванне чорнай ягады, якая ў нашых лясных вёсках не ў меншай пашане, чым клубніцы, перарасло ў добрую традыцыю.