Блоги

Дарожна-падарожныя нататкі

Частка шостая – містычная.
Колеры Цфата / Фото: М. Ільючык.

Старажытны Цфат захоўвае вялікае мноства патаемнага і дзівоснага. Але яно нейкім чынам спалучаецца з гісторыяй і сучаснасцю, ад таго здаецца такім блізкім, бо ты пра гэта некалі чытаў ці ад некага чуў, альбо нават сам аказаўся ў патрэбным месцы ў патрэбны для цябе самога час.

У Ізраілі не прынята часта наведваць могілкі. Але, калі нехта з сяброў збіраўся адведаць клады сваякоў, я не прамінаў магчымасці ўчапіцца следам. Напачатку проста прагнуў нейкіх новых ведаў, хацелася вывучаць традыцыі і гісторыю. Самае месца, бо на Святой Зямлі ёсць пахаванні такой даўніны, што дзіву даешся. Тысячы гадоў ім, і ты раптам узгадваеш, што чытаў пра таго ці іншага чалавека ў кнігах Старога Запавету. Гэта ўздзейнічае вельмі моцна і пакідае такія ж моцныя ўражанні.

Неяк выпадкова даведаўся, што менавіта ў горадзе Цфаце, што раскінуўся на шматлікіх пагорках Ханаана, ёсць старажытнае пахаванне і належыць, о дзіва, прароку Асіі, што жыў у Ізраільскім царстве недзе ў восьмы веку да нараджэння Хрыстова. Амаль тры тысячы гадоў таму!

- Я павінен гэта ўбачыць, - заявіў я маёй прыязнай сяброўцы Анечцы, што працуе экскурсаводам.

- Няма праблем, неяк пакажу, - пагадзілася яна.

- Калі ласка, мне гэта вельмі патрэбна, я павінен пабываць там, - ужо амаль ўкленчваў я.

- Пабачыш усё на ўласныя вочы, больш таго, адчуеш. Толькі ж трэба дачакацца, - Аня сказала гэта з такой упэўненасцю, што адпалі ўсе сумневы, а ведаючы яе здольнасці бачыць ва ўсім духоўную падаплёку і нашу з ёю духоўную еднасць, мае сумневы зусім развеяліся.

Я дачакаўся. І вось лютаўскім надвячоркам мы крочым уніз па схіле гары, дзе размешчаны самыя старажытныя пахаванні гэтых могілак. Аня паказала блакітны купал магільні недзе ўнізе, сярод мноства больш сціплых пахаванняў, што цесна прыціскаюцца адно да другога. Краіна маленькая, зямля каштоўная, таму цеснавата тым, хто ляжыць тут. Але ўсё ж радуе тая акалічнасць, што вечныя душы недзе ў нябесных прасторах, дзе ім вольна і зусім не цесна.

- Мы прыйшлі, - канстатавала Аня, - можам зайсці ўсярэдзіну, там добра маліцца, добра пасядзець у цішы, падумаць.

Яна пайшла, а я пакуль застаўся звонку. Пачуцці перапаўняюць мяне. Я стаю зусім побач з тым, хто быў паслядоўнікам прарокаў Елісея і Захарыі, навучаўся ад іх.

Сонца апускалася бліжэй да небасхілу. У яго промнях я пабачыў караван, што рухаўся з далёкага Вавілону. На адным з вярблюдаў была замацавана асаблівая паклажа – цела памерлага прарока з суправаджальным лістом: пахаваць яго на Святой Зямлі. Ягоная просьба была выканана, і ён навечна спачыў тут.

Мяне заўсёды захапляў лёс прарока. Яго паслухмянасць і пакорлівасць перад Госпадам выклікаюць захапленне і павагу. Госпад кажа яму, што і як патрэбна рабіць, і ён усё выконвае літаральна, а Бог выкарыстоўвае ягонае жыццё, каб сказаць свайму народу нешта вельмі важнае. Асія не задае лішніх пытанняў, не ставіць умоў – наўпрост выконвае ўсё, што хоча ад яго Госпад.

- Ідзі, вазьмі сабе жонку блудніцу і дзяцей блуду, бо моцна блудадзеіць зямля адступіўшыся ад Госпада.

Няма праблем. Пайшоў Асія, узяў нейкую Гомэр, дачку Дыўлаіма. Яна нарадзіла ад яго сына, потым дачку, затым зноў сына… Шмат складаных шляхоў зведала сям’я. Але ж так было патрэбна Богу.

Асія кахаў жонку, нягледзячы на яе ўчынкі. Калі яна вярнулася да свайго ранейшага ладу жыцця, ён даў за яе выкуп і зноў прывёў у свой дом. Чакаў ад яе пакаяння, каб яна прыкіпела душою і целам да велікадушнага і любячага мужа…

Жыў бы ён сярод нас, то мы маглі б сказаць, што Асія Бээрыінавіч не быў шчаслівы са сваёй Гомэр Дыўлаімаўнай, не тое, што я з маёй Раісай Фёдараўнай. Я цалкам шчаслівы і ўдзячны Богу, што яна ў мяне ёсць. А Асія пакутаваў, бедны, з нявернай жонкаю, але мусіў цярпець і ганьбу, і насмешкі. Небарака. Але ўсё для высокай мэты – выканаць волю Боскую і навярнуць народ ад ідалаў да існага Бога.

Канешне ж, гэта алегорыя адносін Госпадада да Свайго народа. Нічога, што ў нейкі момант гісторыі ён блудадзейнічае і здраджвае Яму з паганскім богам Ваалам, Творца цярпліва чакае, што надыдзе вяртанне.

Нешта з жыцця Асіі мне хочацца ўспрымаць літаральна. І я праводжу свае паралелі з сучаснасцю. Людзі ж ніколькі не змяніліся. Прагнуць усяго лепшага: калі нявесту, дык цнатлівую, калі нешта з матэрыяльнага, дык самае лепшае…

Унутры грабніцы вее прахалодай. Нехта абачліва пакінуў тут некалькі зэдлікаў. На адным з апушчанымі павекамі сядзіць Анечка. Гэта малітва, медытацыя, ці наўпрост задуменнасць? Не ведаю. Не варта задаваць ніякіх пытанняў. Стаю, разважаю, потым таксама бяру зэдлік і саджуся насупраць.

Мне падалося, што тут вельмі добрае месца для малітвы. Спадзяюся, што я не толькі нешта скажу вуснамі ці сэрцам, але таксама і пачую нейкія словы ад Усявышняга, як некалі пачуў іх той, чые парэшткі спачываюць на гэтым месцы. Пачуць – адна справа, а вось выканаць!

Перачытваю нанава кнігу прарока Асіі. Яна не вялікая, усяго чатырнаццаць раздзелаў. “Хто мудры, каб разумець гэта? Хто разумны, каб спазнаць гэта? Бо правільныя шляхі Гасподнія, і праведнікі ходзяць па іх, а беззаконныя загінуць на іх”, - апошнія словы кнігі заклікаюць да прыняцця правільных рашэнняў. А яшчэ чуваць ад прарока заклік працаваць над сабой: “Сейце ў сабе праўду – і пажняце міласць, разворвайце ў сабе навіну, бо час – знайсці Госпада, каб Ён, калі прыйдзе дажджом выліў на вас праўду”.

Тут добра, тут цікава. Чытаеш Біблію са смартфона і нібыта адчуваеш прысутнасць Творцы і яго вернага, паслухмянага служыцеля Асіі. Нібыта размаўляеш з Асіяй, хоць усяго толькі чытаеш ягоныя словы, якія некалі Бог агучыў праз яго.

Аня расплюшчыла вочы, у іх я адчуў запыт:

- Ну што, ты задаволены? Пойдзем, ці яшчэ крыху пабудзем?

- Яшчэ хвіліначку, калі ласка, - таксама нічога не прамаўляючы, а толькі позіркам адказаў ёй я.

- Добра, - моўчкі пагадзілася Аня, - пабудзь яшчэ, можа ён яшчэ нешта скажа табе.

- Вазьміце з сабою малітоўныя словы і звярніцеся да Госпада. Кажыце яму: “Адбяры ўсякае беззаконне і прымі на дабро, і мы прынясём ахвяру вуснаў нашых…”, - я прыбраў смартфон у кішэню, таму прарок мне нічога больш не сказаў.

Мы адначасова моўчкі падняліся на ногі і выйшлі з-пад халодных скляпенняў. Покуль ішлі да выхаду, на небе з’явіліся першыя зоркі. Ужо на аўтобусным прыпынку Аня патэлефанавала сыну, і той паабяцаў прыехаць. Машыну чакалі досыць доўга, нешта ў яго там не атрымлівалася, але мы нікуды не спяшаліся. Сядзелі, размаўлялі, дзяліліся ўражаннямі.

Быў цудоўны вечар, якім скончыўся выдатны дзень, той самы, у які я так выдатна дакрануўся да гісторыі. Тыя ўражанні не забудуцца ніколі, я ўпэўнены. Я ведаю, на Святой Зямлі яшчэ шмат месцаў, дзе я хацеў бы пабываць, у Цфаце таксама іх таксама мноства. Але ж толькі Усявышняму вядома, як яно будзе далей – што адбудзецца ў свеце, як вырашыцца праблемы, што прынёс  каронавірус, якія падзеі чакаюць Ізраіль, а якія - Беларусь, асабліва напярэдадні, ці пасля выбараў… Разумееш, што ты - маленькі чалавек, пясчынка ў Сусвеце. І нават меней. Але ж я, кожны, можам звяртацца да Госпада словамі Асіі: “Адбяры ўсякае беззаконне і прымі на дабро…”

Мабыць у мяне была магчымасць пазнаёміцца з біблійным прарокам бліжэй, чым я ўяўляў, таму ягоныя словы замацаваліся досыць добра ў розуме і памяці. Спадзяюся, што знайду час і буду перачытваць ягоную кнігу зноў і зноў. Яна незвычайная – у ёй шмат вобразаў, падзеі і думкі хутка змяняюцца. А Госпад! Ён такі шматгранны! Напэўна, такім толькі Ён і можа быць. Ягоныя словы пачынаюцца вымовамі і выкрываннем, прадоўжваюцца пагрозамі, але ўсё вядзе да абяцанняў дабра і Божай любові.

Кажуць, што Асія няпросты для ўспрымання: маўляў, у яго цяжкая канструкцыя выказванняў, складаная арфаграфія, змест і мова занадта мудрагелістыя. Няхай сабе і так. Але сам Асія мне сімпатычны і блізкі. Ён не толькі выконвае волю Бога, а як ён любіць свой народ! Гэта дзеля яго ён гатовы на ўсё.

Цудоўны горад Цфат чакае. Некалі я зноў сустрэнуся з ім і яго насельнікамі, што жывуць тут зараз і што жылі даўно. Мяркую, што яны распавядуць мне шмат цікавых гісторый, якія ўразяць, здзівяць і натхняць на новыя творы, на чарговыя падарожжы і на моцныя ўчынкі. І гэта рэаліі, ніякай містыкі.

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509