Блоги

Дарожна-падарожныя нататкі

Частка сёмая – летуценная.

Наведваючы габрэйскія мястэчкі, я заўсёды даставаў фотаапарат і здымаў вокны старых дамоў. Нешта ў іх было такое, што заварожвала. Яны - як вочы розных людзей, што так па-рознаму глядзяць на гэты свет. За сваё доўгае жыццё яны пабачылі шмат. Трэба толькі ўглядзецца ў іх. У гэтых вокнах  ці праз гэтыя вокны адчыніцца цэлы сусвет пад назвай “Габрэйскае мястэчка”. Наўпрост, габрэйскім яно было толькі да катастрофы. А колькі такіх мястэчак было на беларускіх землях? Я заўсёды думаю, разважаю і стаўлю пытанне: а што ўбачу я сягоння, пазіраючы ў гэтыя вокны?

Вось, напрыклад, акенца зусім невялікага дамка, што абвіты здзічэлым вінаградам. Напаўразбітае шкло, іржавыя завесы – запусценне. І яно ва ўсім. А некалі з расчыненага акна гучала музыка і чуўся дзіцячы смех. Некалі…

Паросшы травою і мохам мур, апалая тынкоўка… Зноў запусценне. Акно занавешана з жаданнем схаваць усё, што адбываецца там, за гэтым акном. Не адно пакаленне новых гаспадароў глядзела праз гэтыя шыбы-вачніцы на навакольны свет. А сапраўдныя гаспадары, тыя, хто будаваў гэтае жытло, марыў жыць доўга, падаўжаць свой род, даўно ў зямлі. Кулі фашысцкіх катаў не пашкадавалі нікога…

А вось вазоны з геранню на падваконні, яны выклікаюць пачуццё замілавання. Напэўна, такія ж стаялі ў бабулі Дэвойры альбо Малкі. Канешне ж, у бабулі магло быць і іншае імя. Яна даглядала расліны, а тыя радавалі яе і ўсіх сваімі прыгожымі і духмянымі кветкамі.

Гэта вокны дыхтоўнага дома. Заможныя гаспадары працавалі не шкадуючы сябе. Сямейная справа прыносіла добры прыбытак. І, як узнагарода за працу – прасторны і прыгожы дом для сям’і. Зараз вокны дома напоўнены сумам, ды такім глыбокім, што ў гэтых шыбах нават неба адлюстроўвацца не хоча.

Крочу па вуліцы і бачу, што ў адным з дамоў вокна-вочы заменены сучаснымі пластыкавымі шклопакетамі. І яны, як пратэзы, быццам ёсць, але не бачаць. Няма ў іх душы, і памяці таксама нямашака. Яны не могуць памятаць Іцхака, Соню, Боруха… Яны нікога не памятаюць. Для новых гаспадароў важны функцыянал, а не нейкая там душа.

А гэтыя вокны пэўна ж памятаюць дотык натруджаных рук старога Рувэна – веселуна і балакі, галавы шматдзетнай сям’і. Хоць усе ведалі, што ўсім тут запраўляе спрытная Хая. Ён, Рувэн, рамантычна прачыняў акно цёплымі травеньскімі надвячоркамі, загадкава ўсміхаўся маладой жонцы і прапаноўваў слухаць салаўіны пошчак, што гучаў з арэшніку.

У строгім акне яшчэ аднаго бядняцкага дамка адлюстроўваецца неба і яблыня, што трывожна шапаціць лістотаю. Усё так, як і ў той ліпеньскі дзень, калі фашысты сагналі ўсіх жыхароў мястэчка ў гета, а на вуліцах зашчоўкалі першыя стрэлы і пралілася кроў ні ў чым не вінных людзей.

Зноў кветкі на падаконні – чырвоныя герані, а звонку –  чырвоныя і ружовыя мальвы. Ім таксама хочацца паглядзець на сваё адлюстраванне ў запыленай шыбе. На фоне белай тынкоўкі яны, як кроплі крыві на снезе. Узімку нехта з мясцовых прывёў карнікаў у лес, да зямлянкі, дзе хаваліся ацалелыя пасля знішчэння гета габрэі – некалькі дзяцей і старая…

Вось зусім чысценькія шыбы. Вох і чысцёха была гэтая Сара! Усё блішчэла на зайздрасць іншым у гэтай гаспадыні. Сем дзясяткаў гадоў мінула, але яе памятаюць. Калі людзі хочуць сказаць пра некага добрае, адзначыць чысціню і парадак, то кажуць: “Усё цудоўна, поўны парадак! Ну, наўпрост, як у Сары!”

Вокны з аканіцамі – нетыповая з’ява для нашай мясцовасці. Але ж яны толькі для выгляду, дзеля красы. Яны не могуць выкарыстоўвацца па свайму прамому прызначэнню, бо не прыкрыюць і палову акна. Не закрываўся ніхто ні ад каго. Жылі адкрыта і дружна. І па нацыянальнасцях ніхто не падзяляўся, бо ў мястэчку акрамя габрэяў жылі і беларусы, і палякі. А навошта тады акніцы? Можа, ў гаспадара было развіта пачуццё густу, а можа, прагнуў індывідуальнасці.

Вось вокны ў доме гандляра, прыгожыя і вялікія. Праз іх некалі прадпрымальны, але зусім не сквапны Мойшэ паглядаў на вуліцу, ці не ідзе да яго чарговы кліент па мануфактуру, што дастаўляў сюды з самой Варшавы. А парадны ўваход з вуліцы новым гаспадарам стаў непатрэбным…

А гэтае акно – як стары знаёмец, з якім выпадкова стрэнешся. Хутчэй за ўсё, гэтыя вокны рабіў сталяр, што жыў у маёй роднай вёсцы, яна не далёка ад мястэчка. Гэты няўрымслівы ўзор я бачыў шмат разоў. Бацька яго пераняў і такія ж вокны зрабіў ён для нашай хаты. Такое ж убранне для ліштвы ўжываў тата, калі рабіў вокны па замове для аднавяскоўцаў.

Агромністыя вокны вялізнай і моцнай яшчэ, нягледзячы на гады, хаты. Кажуць, што некалі ў ім пражываў прыезджы доктар. Ён уласнаручна фарбаваў рамы, акніцы, ліштву. Фарбы і арнамент часткова захаваліся. Доктар загінуў разам з дзецьмі, што маглі пайсці па бацькоўскіх слядах і лячыць людзей. Маглі…

Іду па мястэчку, разважаю. Можа некаму гэтыя вокны таксама нагадаюць пра мінулае, прымусяць задумацца?! А сэрца раптам знянацку сціскаецца ад болю, ад усведамлення, што вокны засталіся, але на іх і праз іх глядзяць на навакольны свет зусім іншыя людзі. Робіцца сумна.

Вось бы цуд адбыўся! Усявышні вярнуў бы ўсіх тых людзей да жыцця і зашумела б, загуло мястэчка! Зноў завіравала б тут жыццё. Але не, такіх цудаў не бывае. Нават тыя, хто ацалеў у пякельным вогнішчы і іх нашчадкі ніколі не вернуцца больш сюды. Будуць жыць дзе заўгодна, у любым месцы любой краіны, але сюды не вернуцца, бо тут усё заліта крывёю. У шуме ветру дагэтуль чуюцца стогны параненых, у святле месяца, здаецца, варушыцца дагэтуль зямля над расстрэльнымі ямамі, дажджамі плача неба па забітых…

Цяпер штогод я бываю на Святой Зямлі. Шпацырую па вуліцах мадэрнавага Тэль-Авіва, старажытнага Цфата ці залатога Іерусаліма… Гляджу на вокны, за якімі жывуць ці працуюць людзі, пазіраю ў ясныя вочы людзей і заўсёды здзіўляюся іх моцы і сіле. Якая прага да жыцця! Яны стварылі для сябе гэтую краіну на тых землях, у якія іх продкаў некалі прывёў Сам Усявышні. Я палюбіў гэтую краіну, і яна адказвае мне ўзаемнасцю.

Канешне ж, у гэтай краіны шмат ворагаў і зайздроснікаў. І іх не трэба штучна ствараць ці выдумляць высілкамі паліттэхнолагаў. Ты можаш кожны дзень бачыць наступствы іх мэтанакіраванай дзейнасці. Гэта можа быць аўтобусны прыпынак, прашыты ашчэпкамі варожай ракеты. Гэта можа быць фасад дома, пакоцаны кулямётнай чаргой. Гэта можа быць брамка ў двор, зрашэчаная аўтаматнымі кулямі. Яшчэ напамін пра рэальную пагрозу - гэта жалезныя жалюзі на вокнах, ці акніцы з тоўстых жалезных лістоў. Гэта можа быць і асобны пакой, з тоўстымі бетоннымі сценамі, жалезнымі дзвярыма і лістамі тоўстай бляхі, якімі можна закрыць аконныя праёмы. У гэтым пакоі запас прадуктаў, вады і ўсяго неабходнага, каб перажыць налёт. “Наша бамбасховішча”, - кажуць тубыльцы. І ты разумееш сапраўдную небяспеку, што можа пагражаць гэтым людзям амаль штодня…

Але менавіта на гэтай зямлі я не аднойчы адчуваў сябе шчаслівым. Адзін выпадак мне не забыць ніколі. Мы з сынамі падарожнічалі па Галілеі. Гэта была наша першая вандроўка з экскурсаводам Анечкай, якая потым стала сяброўкай усёй нашай сям’і. А яшчэ гэта была першая паездка маіх сыноў у Ізраіль. На адным з пагоркаў, зусім побач з возерам Кэнэрэт, Аня прывяла нас у невялікую пячору, у якой недзе прама з каменнай сцяны ці нават са столі расло дрэўца, неяк зачапілася і жыло, скрыўленае, тоненькае, яно цягнулаяся да святла, да сонца.

- Тэарэтычна і шматверагодна тут мог быць Хрыстос з вучнямі, - нечакана прамовіла Аня.

- Тэарэтычна, бо нідзе пра гэта не напісана, а верагодна, бо тут не так шмат гротаў, дзе ім магчыма было схавацца ў непагадзь.

Усе ўважліва слухалі аповед пра Хрыста, пра вучняў, якіх ён сустрэў на гэтым беразе. Раптам Аня сказала надзвычай важныя на той момант для мяне словы і я ўдзячны ёй за гэта.

- Давайце мы ўсе выйдзем адгэтуль, няхай тут застанецца толькі тата і ягоныя сыны. Можа, яны разам памоляцца, а можа, проста пабудуць нейкі час на гэтым месцы толькі ўчатырох, - сказала Аня, - ім будзе добра тут і без нас.

Людзі паслухаліся яе. Усе выйшлі з пячоры, а мне, сапраўды, стала так добра, бо я быў толькі з маімі хлопчыкамі! Напэўна, так добра было вучням разам з Ісусам. Я быў цалкам шчаслівы, і гэтае пачуццё засталося ўва мне назаўсёды, я магу вяртацца да яго, пражываць той дзень у сваіх думках і ўспамінах. Канешне ж, былі і іншыя выпадкі, нават здарэнні, калі ты адчуваў сябе шчаслівым, але пячора на беразе Генісарэцкага возера – гэта нешта непаўторнае. Яе энергетыка, як цяпер прынята казаць, надзвычай моцная і незабыўная…

Мяне заўсёды перапаўняюць пачуцці, калі сябры кажуць, што мяне ім паслаў Усявышні.  Гэта здаралася ў нейкія адметныя перыяды іх жыцця, калі ім была патрэбна падтрымка. Дарагія, а ці ведаеце вы, колькіх з вас мне паслаў таксама Ён? Усіх! І я зноў еду да вас, а таксама чакаю, што вы прыедзеце да мяне. А калі няма магчымасці паехаць, то цешуся ўспамінамі, фотаздымкамі і эмоцыямі ад папярэдніх вандровак і сустрэч з вамі.

Усе мы спадзяёмся, што наперадзе будуць новыя сустрэчы, новыя прыгоды, свежыя уражанні і незабыўныя эмоцыі.

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509