Блоги

Няўзятая вышыня

Прапануем вашай увазе новае апавяданне, у якім аўтар разважае аб складанасцях лёсу і найвышэйшых чалавечых пачуццях і якасцях.

У Кудзелічах яго ведалі ўсе. Малыя глядзелі з зайздрасцю на ягоную люльку, што пахла яшчэ здалёк. Здалёк чуўся і яго гучны кашаль, калі ён ішоў па вясковай вуліцы. Люлька – дзіўная штуковіна, ніхто з вяскоўцаў не карыстаўся нічым падобным. Курылі што заўгодна – папяросы, цыгаркі і нават самакруткі, шматкі газетнай паперы, набітыя табакаю, а люлька была толькі ў дзеда Андруся. Старэйшыя называлі яго з павагай – Андрэй Пятровіч, ці, найчасцей, проста Пятровіч.

Высачэзны, каржакаваты, троху сутулы чалавек, у спружынненых кроках якога адчувалася сіла і моц з непрыгожымі рысамі твару і вялікім носам. Разам з тым у гэтых рысах была нейкая абаяльнасць, ён быў такім мужным і такім сапраўдным. Густыя чорныя бровы атачалі высокі лоб, вочы былі яснымі і разумнымі, хоць іх валошкавы колер надта ж кантраставаў з рудымі валасамі, напалову ўжо ссівелымі і такімі ж рудымі вусамі, што шляхетна тапырыліся ў бакі і крыху ўверх.

Калі ён усміхаўся, то ўсмешка цалкам змяняла ягоны твар. Здавалася, што тая ўсмешка сваімі промнямі разбягалася ў зморшчках наўкол вачэй і гарэзліва хавалася недзе ў ягоных вусах. Найчасцей Пятровіч выглядаў сумным і нават хмурым, але паглядзіць на цябе - і быццам знутры засвеціцца. Ён сам мог задаць чалавеку пытанне, не гледзячы на тое, што паміж імі вялізная розніца ва ўзросце. У кагосьці матчына малако на вуснах не абсохла, а ён вайну прайшоў і нават болей за тое. З ім хацелася размаўляць, яму хацелася давяраць.

Старэйшы люд паважаў Пятровіча. З павагай і толькі шэптам вяскоўцы пераказвалі адно аднаму гісторыю Андрэя Пятровіча. Зведаў ліха Пятровіч. Спачатку на вайне, бо прайшоў яе ад пачатку і да канца, нават і болей. Справа ў тым, што ў красавіку пераможнага 45-га года паспрачаўся ці можа нават пабіўся ( так расказвалі вяскоўцы) са сваім ротным, што падымаў салдат у атаку прама пад кулямётныя чэргі, што касілі з прыгорка. На раллі і суседнім лузе ўжо ляжала шмат забітых, а лейтэнант усё крычаў, лаяўся і гнаў людзей прама пад кулі.

- За радзіму! За Сталіна! Уставай, сволач, разлёгся тут, - лейтэнант падбег да Андруся, размахваючы пісталетам. - Наперад!

- Лейтэнант, можа хопіць трупаў, - азваўся Андрусь, - хутка вечар, нешта прыдумаем. Ці ты хочаш усю роту тут пакласці? Было б за што.

- Што?! Табе няма за каго ісці ў атаку? Было б за што? - лейтэнант перайшоў на нейкі дзікі лямант. - Ці не таварыша Сталіна ты маеш на ўвазе?

Чым скончылася тая сварка паміж шэрагоўцам чырвонай арміі і ягоным камандзірам, ніхто дакладна не ведаў. Пятровіч не любіў такіх размоў і сам нічога нікому не распавядаў. Нехта казаў, што Андрусь проста заехаў таму лейтэнанту ў вуха, а хтосьці расказваў, быццам хацеў Пятровіч са злосці нават забіць таго лейтэнанта. Розныя чуткі хадзілі. Дакладна адно: не вярнуўся ў тую вясну Андрусь дадому.

Дачакалася Хрысціна мужа толькі на дзявятым годзе пасля сканчэння вайны. Сын Васілька за гэты час стаў амаль дарослы. Андрусь не азлобіўся на ўвесь свет, застаўся прыязным і добрым, хоць і любіў працаваць адасоблена ад іншых. Калгасная праца дакучала, затое Андрусю не было роўных у лесе. У нарыхтоўцы драўніны ніхто не мог з ім паспрачацца ні ў колькасці, ні ў якасці нарыхтаванага. А на вырабе гонтаў не было яму роўні бадай, што ва ўсім раёне.

Сын Васіль стаў сапраўдным апірышчам для сям’і. Да любой працы быў здатны. На прыгожага высокага юнака з захапленнем пазіралі дзяўчаты, але той не спяшаўся з заляцаннямі.

- Рана яшчэ. Хто да арміі шлюбам бярэцца? – адказваў юнак на спробы ўцягнуць яго ў размовы аб сямейным жыцці.

- Правільна, сынку, да арміі пад вянец толькі залётчыкі ідуць. Ды і ці самі ідуць? Сілком вядуць іх, як бугайчыкаў на повадзе, - жартаваў Андрусь, падзяляючы сынавы погляды.

Васіль мала разумеў, дарма што высокі (бо ў бацьку ўдаўся), усе тонкасці шлюбных зносін, але слова “залётчык” непрыемна рэзала слых і насіць яго, як таўро, не хацелася.

У Андруся і Хрысціны праз нейкі час зноў “пайшлі дзеці”, менавіта так казалі ў Кудзелічах. Тры дачкі, адна за адной – Ганна, Ульяна і Адэля, а потым нарадзіўся Іванка - меньшанькі.

З Іванкам атрымалася цікавая гісторыя. Ён нарадзіўся амаль што ў адзін дзень з уласнай пляменніцай Гантоняй. Бо за гэты час Васіль і ў войску тры гады адслужыў, і шлюбам пабраўся. Вось ягоная дачушка нарадзілася адначасова з брацікам.

Мужыкі хвалілі Андруся: маўляў, во мужык, вайну прайшоў, сталінскія турмы, а які спрытны, пяцёра дзяцей мае, унукі пайшлі. Не было ніякіх насмешак, азываліся з павагай. На ўсе запытанні вяскоўцаў з нагоды вайны, лагеру і вясковага жыцця Андрусь стрымана адказваў, быццам апраўдваўся:

- Але ж вышыню я не ўзяў…

Што гэта за вышыня і які сэнс быў у словах Пятровіча, ніхто не ведаў. Але словы пра нейкую вышыню сталі з’яўляцца ў Андрусёвы лексіконе часцей, а можа яны і раней былі, ды ніхто не надаваў гэтаму ўвагі.

Калі нехта, звычайна гэта былі мужчыны нападпітку (бо цвярозым ніхто б не наважваўся ўвогуле ставіць будзь то якія пытанні), назаляў Пятровічу - маўляў, пра вайну раскажы, то той звычайна стрымана адказваў:

- Некалі можа і раскажу, не зараз, яшчэ не час.

- А пра няўзятую вышыню раскажаш?

- Раскажу.

- А пра…

- Раскажу…

Больш ніхто нічога новага ад яго не пачуў, і так было заўсёды.

Гады і цяжкая вясковая праца амаль ніяк не змянілі за гэтыя гады Пятровіча. Такі ж моцны, высокі, з шырачэзнымі плячыма і ўсё той жа люлькай крочыў ён па вуліцы па нейкіх справах, вітаўся са стрэчнымі людзьмі, быў такі ж ветлівы і прыязны да кожнага, нягледзячы на ўзрост.

Праз нейкі час на ўскрайку вуліцы, бліжэй да лесу, паўстала новая дыхтоўная хата. Пастараўся Пятровіч, адбудаваў пяцісценак, бы палац панскі. Хутка сям’я Васіля справіла там уваходзіны і зажыла самастойным жыццём. Андрусь амаль кожны ранак альбо надвячоркам ішоў туды, каб адведаць, пазабаўляцца з унучкай, ці дапамагчы сыну з нейкай справай. Звычайна дарога займала ў яго больш часу, бо з кожным вітаўся, а з некім і словамі патрэбна было перакінуцца, як жа без гэтага.

- Прывітанне, Пятровіч! Куды ідзеш, да сына? – віталіся людзі.

- Так, да Васі, - стрымана адказваў Андрусь, - да старэйшага.

- Вось хаціну ты адгрохаў, усім на зайздрасць, няхай жывуць маладыя, залатыя рукі ў цябе, Пятровіч, - нахвальвалі тубыльцы.

- Няхай жывуць здаровыя. Але ж вышыня засталася, не ўзяў я вышыні, - быццам апраўдваўся Андрусь.

- Возьмеш яшчэ, авалодаеш сваёй вышынёй, - падбадзёрвалі Андруся вяскоўцы, хоць ніхто дакладна не ведаў, аб чым ідзе размова.

Так ішлі дні за днямі. Да паху табакі з Андрусёвай люлькі дадаўся кашаль з ягоных грудзей. Здагадацца, што па вуліцы ідзе менавіта Пятровіч можна было ўжо не толькі адчуўшы пах махоркі, але і пачуўшы, як той кашляе.

Усё паспяваў Пятровіч, любая справа гарэла ў ягоных спрытных руках. Не ленаваўся Андрусь ніколі, а зараз як след усведамляў, што дачок трэба замуж аддаць, для кожнай пасаг даць, ды кожнай бонду выгадаваць. Меньшанькаму трэба таксама нешта прыстарацца, каб жыў не горш за іншых. Уставалі з Хрысцінай разам з сонейкам і спаць клаліся з зорамі. Шчыравалі на палетках, займаліся худобаю, гаспадарка была на зайздрасць усім. Жанчыны ставілі Пятровіча ў прыклад сваім не такім дбайным гаспадарам. Але тыя, пачуўшы некалі гэтыя словы ўласна ад Пятровіча, найчасцей адказвалі сваім гаспадыням: “Але ж вышыні ён не ўзяў”. Галоўнае, ніхто не ведаў, што меў на ўвазе Пятровіч, калі прамаўляў гэтыя словы, а наўпрост запытацца ніхто дагэтуль так і не адважыўся. Ніхто ніколі не кпіў з яго і ягонай вышыні. Хтось лічыў, што гэта наступствы вайны ды турмы, а хтосьці лічыў гэта нейкім асаблівым бзікам, хоць у кожнага свае прусакі ў галаве.

Іванка падрос і Андрусь, як некалі Васіля, навучаў яго ўсякай вясковай справе. Радаваўся за сыночка, здольнага і разумнага, што гатовы спраўдзіць усе бацькавы надзеі і спадзяванні.

За ўвесь час Андрусь так і не абзавёўся сябрамі. Да вяскоўцаў ставіўся больш-менш роўна, але блізкіх стасункаў цураўся, бо жыццё навучыла быць асцярожным. У нечым мог параіцца з жонкаю, ці з сынамі, але так, каб перад кімсьці расчыніць душу, такога не было зроду. Фронт, а потым лагеры сталі сапраўднай школай жыцця. Памыліцца было недаравальна, надта ж цяжка выпраўляюцца такія памылкі і ці ўвогуле выпраўляюцца. Таму Андрусь навучыўся быць сціплым і стрыманым у словах, у паводзінах, у стасунках.

Ніякіх успамінаў таксама ніколі не было. Хрысціна не ставіла перад мужам амаль ніякіх пытанняў, асабліва ў дачыненні тых гадоў, што ён не па ўласнай волі адсутнічаў у Кудзелічах. Сыны таксама стараліся не вярэдзіць раны на татавым сэрцы. Але тое, што той сам час ад часу распавядаў ім, слухалі з задавальненнем, часцей моўчкі, быццам баючыся спудзіць трапяткую птушачку даверу, што бацька выкарміў на сваім зраненым сэрцы.

Іван, меньшанькі з сям’і, меў такую магчымасць больш за іншых быць разам з таткам. Ён чуў ад бацькі такое, што не чулі ні Хрысціна, ні Васіль, ні, тым больш, сёстры. Дзіўна, але Андрусь ніколі не меў пачуцця злосці, ці раздражнення, нават калі сын нешта перапытваў, не зразумеўшы з першага разу, альбо калі сам ад сябе задаваў нейкае пытанне бацьку. Можа, ніхто б ніколі не наважыўся самастойна нешта запытацца ў Андруся, але толькі не Іванка. Больш таго, іх размовы былі сапраўды сяброўскімі, ня гледзячы на ўзрост, бо ў іх не было месца падману, недаверу, ці яшчэ нечаму, што як раз разбурае такія адносіны.

- Тата, а калі б ты зараз сустрэў таго лейтэнанта? – Іван абвёў позіркам ладны стажок, з якога толькі што злез.

Праца завершана, на паўзімы сена будзе. Іван з бацькам згрэблі сенажаць, склалі сена ў стог. Зараз можна і пагаманіць.

- Каб сустрэў… Не сустрэў жа за столькі гадоў, то ўжо і не сустрэну. Мабыць генералам стаў, калі выжыў тады, ў 45-м. Не тое, што я: ні богу свечка, ні чорту качарга.

- Тата, навошта ты так. Ты, ты – самы лепшы…

- А калі б сустрэў, то сказаў бы тое самае, што і тады. Сказаў бы, што жыццё чалавека – яно самае каштоўнае, што можа быць. Але хіба ён нешта зразумеў? Такім вышыня - любым коштам, ім медаль ці ордэн - галоўнае, і не важна колькі люду паляжа… Я думаў пра таго лейтэнанта, асабліва там, у лагеры, напачатку. А потым неяк усё аддалілася, нават прозвішча наўрад ці ўзгадаю. Хізін, Хузін… Халера яго ведае. Мабыць так усё спецыяльна зроблена, каб чалавек з глузду не з’ехаў у такіх умовах, забыцца на ўсё і жыць далей, прыстасоўвацца і выжываць. Вось і я, бач, сынку, выжыў, вярнуўся і працягваю жыць. А колькі згінула на этапах, у самых тых лагерах, сотні, тысячы… Мабыць не здолелі нечага забыць, трымалі шмат у сваіх галовах, крыўда і адчай з’елі іх знутры, вось і не вытрывалі…

- Тата, а чаму людзі пра нейкую вышыню ўвесь час кажуць? – Іван няўпэўнена, а таму шэптам запытаўся ў бацькі, баючыся, што той зноў зачыніць свае душэўныя схроны і перастане размаўляць з ім.

- Нічога такога. Прысталі да мне гэтыя словы, наўпрост, як бярозавы ліст у лазні. Натуральна, тую ж вышыню я не браў. Лейтэнант па-хуткаму здаў мне ў асобы аддзел, а тым таксама працу сваю паказваць трэба. Яшчэ як стараюцца! Узялі мяне ў абарот па поўнай. Яшчэ пашанцавала, што не расстралялі на месцы. Дачакаўся, калі суд адбудзецца, а потым лягчэй стала. У лагеры больш шанцаў застацца жывым. Ведаеш, Іванка, там шмат добрых людзей. Ніколі не задумваўся над гэтым, але, сапраўды, не самыя горшыя людзі ў турмах, на этапах  ды ў лагерах… Але пра што гэта я? А, ты, здаецца, пра вышыню пытаўся. Дык вось, сынку, у дадзеным выпадку гэта проста словы, а людзям абы толькі на язык трапіцца што такое - не адпусцяць. А калі разважаць шырэй, агулам, то ў кожнага чалавека ёсць свая нейкая вышыня, якую трэба ўзяць, пераадолець, прайсці… Разумееш, Іванка? Вось скончыў ты школу, паставіў ты сабе планку атрымаць добры атэстат і атрымаў, значыцца ўзяў сваю вышыню. Потым нешта іншае задумаеш. Увесь час патрэбна нешта браць, заваёўваць, без гэтага нельга…

- Тата, а твая вышыня якая, калі тую не далі ўзяць?

- Выжыць, вярнуцца. Зрабіць шчаслівымі бацькоў, бо не загінуў, не прапаў іх сын. Зрабіць шчаслівай жонку, што не дарма чакала столькі часу, што дачакалася, няхай сабе і без медалёў, але жывога, з рукамі і нагамі… Я мяркую, што гэта таксама вышыня. Увесь час нешта рабіць годнае, да рук галаву прыстасоўваць, каб сям’я твая была забяспечана ўсім неабходным – гэта таксама вышыня для вяскоўца. Хіба не?

- Так тата, - пагадзіўся Іванка з бацькам.

- Добра, сыну, сонца долу коціцца, запрагай Лысага.

Іван спрытнымі рухамі запрог коніка, і яны рушылі ў бок вёскі. Хлопцу было добра быць з бацькам сам насам, ніхто не перашкаджаў іх размовам, нішто не адцягвала ўвагі здавалася б ад самых простых слоў і разважанняў, хоць у іх былі і глыбіня, і сэнс, і жыццёвая мудрасць.

Андрусь дастаў люльку, набіў махоркай і зацягнуўся. Кашаль не даў атрымаць той асалоды, што ён атрымліваў раней, смакуючы кожную зацяжку.

- Эх, бацька, канчай ты ўжо гэтую справу, - зрэагаваў на бацькаў кашаль Іван, - здароўя люлька твая пэўна ж табе не дабаўляе.

- Можа і кіну курыць, сапраўды, ты праўду кажаш. Добра хоць вы з Васілём не перанялі ад мне гэтай звычкі.

- Я марыў гэтаму навучыцца, а калі быў малы, то ўпотай ад цябе браў колькі разоў тваю люльку, - прызнаўся Іван.

- Вось, гарэза! І што, няўжо не спадабалася? – Андрусь зарагатаў.

- Не, тата, не спадабалася. Потым і да цыгарэт спрабаваў прылажыцца, але яны мне з дзяцінства ўсё аднолькава смярдзелі тваёй люлькай, - рассмяяўся Іван. - А для цябе няхай будзе кінуць табаку чарговай тваёй вышынёй, якую трэба ўзяць.

- Ладна, пабачым. Но, Лысы! Прыбаў хуткасці, а то ноч застане на дарозе. Андрусь шчоўкнуў ляйчынай па конскай спіне і той пайшоў трушком.

Сын быў упэўнены, што ягоны бацька здольны на самыя моцныя ўчынкі. Перастаць курыць ці не, гэта так, драбяза, нявартая ўвагі. Дарогаю яны зноў размаўлялі, пра нешта раіліся, нешта планавалі.

Бацька быў шчаслівы разам з талковым і разумным сынам, сын быў таксама шчаслівы побач з такім надзейным і сапраўдным татам. Ніхто з іх не думаў пра шчасце, але гэта і было як раз тое імгненне жыцця, што завецца шчасцем.

- Назаўтра трэба сенажаць дзедаўскую скасіць за Чорным лесам, чуеш, Іванка? Нешта трывожна мне.

- Ты ж казаў, што пазней гэта зробім, - нерашуча прамовіў Іван.

- Не, трэба касіць, казалі людзі, што меліяратары рэчку спраўляць будуць і новае рэчышча пусцяць наўпрост праз нашы землі.

- Што ім балота мала, што менавіта праз нашу сенажаць пройдуць?

- Паскуднікі, што з іх узяць, яны з шкуры вылузаюцца, каб толькі селяніну нашкодзіць. Як кажуць, і сам не гам, але і табе не дам. Дарма, што мой дзед з бацькам некалі выкупілі тую зямлю ў пана, нават купчая захавалася. Але што ты каму дакажаш? Хоць бы ў гэтым годзе сена адтуль паспець узяць, а потым гары яно гарам. Нікуды не папрэш супраць іх.

- Добра, тата, тады на досвітку і паедзем, - пагадзіўся Іван, - а можа Васіля папросім, каб усё адным махам выкасіць?

- Можна і з Васілём, хутчэй працу зробім. Прыедзем, то дагледзь жывёлу на ноч, а я пайду да яго і абмяркую х ім, што ды як.

- Добра, тата.

На досвітку Андрусь з сынамі быў на сенажаці. Чорны лес нечакана расступіўся і перад імі паўстаў сакавіты мурог, што зіхацеў кроплямі расы ў промнях узыходзячага сонца. Руплівыя пчолы ўжо завіхаліся над кветкамі, а ў кустоўі ва ўсю моц спявалі птушкі.

- Вось, сыны, наша бацькаўшчына, - прамовіў Андрусь. - Шкада, што хутка гэта ўсё страцім, але не будзем марнаваць час. Вунь удалечыні экскаватар, ён, пэўна ж, нас чакаць доўга не будзе. Спадзяюся, што пакуль яны сюды прыйдуць, то мы паспеем усё зрабіць і прыбяромся адгэтуль, калі надвор’е будзе спрыяць. Тут сена коп з дваццаць будзе. А якое сена!

Эх, і спорылася праца ў бацькі з сынамі! Любы пазайздросціць. Жыццёвы досвед сталага, ды энергія і сіла маладых далі свой плён. Надвор’е спрыяла працаўнікам, і праз колькі дзён на сенажаці стаялі два прыгожыя стажкі духмянага сена. Андрусь звыкся да думкі, што сена апошняе і ён больш ніколі не вернецца на гэтую зямлю, больш яна нічым яму не аддзячыць за праліты пот.

Сонца толькі меркавала падняцца з-за далёкага лесу, а Андрусь з Іванкам ужо запрагалі коніка. Вілы, вяроўка і таўсматы рубель былі прыгатаваны звечара. Шлях не блізкі, але ў Андруся быў цвёрды намер – зрабіць два рэйсы. Экскаватар чакаць не будзе, хоць стажкі стаялі наўзбоч і не перашкаджалі нікому.

Напрыканцы Чорнага лесу, акурат там, дзе дарога павінна была выскачыць на палонь, пачуўся лязгат каўша. Экскаватаршчык рабіў сваю працу як след: план трэба было выканаць і нават перавыканаць, бо прэмія яшчэ ніколі не была залішняй.

- Іванка, а што за смурод? Нейкім дымам нясе адтуль, - бацька паказаў рукою ў бок сенажаці, - быццам ад пажару.

- Сапраўды, не ад рухавіка ж столькі дыму, - Іванка з трывогаю паглядзеў на бацьку, што ў імгненне стаў нейкім нервовым, балюча сцебануў пугаю па конскай спіне, каб той паскорыў крок ці нават пабег.

Праз колькі хвілін яны апынуліся на адкрытай прасторы. Сэрца старога Андруся зайшлося роспаччу і болем. У адчаі ён закрычаў:

- Іванка, сыночак, што ж яны такое робяць? Іванка, гэта не людзі, гэта звяры нейкія!

У хлопца адняло мову. На месцы бліжняга стажка ляжала купка шэрага попелу, з якім неахвотна гуляўся ветрык, ганяючы сівы дымок. Другі стог дагараў. Полымя ўскаквала ўгору, вінавата жэрла астаткі сена.

Андрусь спыніў каня і пабег наперад. Экскаватаршчык здалёк пабачыў людзей, што прыехалі, каб забраць сваё сена, спыніў працу і вылез з кабіны.

- Што ж ты робіш, гад? Ты ж абяцаў мне! Яны ж нікому не перашкаджалі, а калі б і так, ты ж ведаў, што я сёння прыеду і ўсё прыбяру адсюль.

- Андрэй Пятровіч…

Толькі той хацеў нешта патлумачыць, як трапны і моцны ўдар збіў яго з ног. Моцная яшчэ рука ў старога Андруся.

- Што ж ты нарабіў? – Андрусь з новымі сіламі рынуўся да збітага з ног і з панталыку трактарыста, але Іванка абхапіў бацьку ззаду за плечы.

- Татка, не трэба, спыніся. Татка, супакойся, перажывём неяк гэтую страту.

- Працы вашай шкада, поту пралітага - Андрусь ледзьве стрымліваў слёзы крыўды, што падступілі ўжо зусім блізка.

- Андрэй Пятровіч, прабачце, не я гэта. Як я мог такое зрабіць? Ды і дамаўляліся мы з вамі, я нават паабяцаў, што спяшацца не надта буду, - экскаватаршчык сплюнуў крывёю. - А вы адразу па зубах…

- А хто? Хто гэта ўчыніў?

- Вунь ён, - экскаватаршчык паказаў на чалавека ў капелюшы, што завіхаўся каля машыны з брызентавым верхам. - Старшыня калгаса, дурань з дурня. Хіба вы не ведаеце, што за пачвара? Прывёз мяне сёння з раніцы і давай бясчынстваваць. Кажа:  не яны сеялі тут, не яны палівалі, не ім і сена. Казаў, што не гаспадары вы тут, што зямля дзяржаўная. Пачвара, а не чалавек. Я прасіў, я ўкленчваў, усё дарма. Узяў і спаліў вашы стажкі. Прабачце, дзядзька Андрэй, што не збярог вашы набыткі, што не здолеў уступіцца за вашу працу, за ваш пот і за пот вашых сыноў.

- Ну я яму зараз пакажу, хто гаспадар на зямлі, - Андрусь узяў з возу вілы і пайшоў у бок свайго крыўдзіцеля.

- Татка, не трэба, татка, пасадзяць, - Іванка дагнаў бацьку і ўчапіўся ў чаранок. - Татка, не трэба, прашу, не трэба…

Начальнік на ўсялякі выпадак адчыніў дзверцу машыны і стаяў побач. Андрусь з лямантам ішоў да яго, не гледзячы, што Іван перашкаджаў ісці, трымаўся за вілы і прасіў бацьку спыніцца. Але таму быццам сілы прыбаўлялася з кожным крокам.

Старшыня ўзмакрэў увесь, хоць была толькі раніца летняга дня, спёка яшчэ і не думала распачынацца. Ён дастаў з кішэні вялізную насоўку і стаў выціраць спацелы твар.

- Адкажы мне, чалавеча, што ж гэта робіцца? – Андрусь спыніўся за некалькі крокаў. Іван на ўсялякі выпадак не адпускаў рукі, што ўчапілася ў тронак. - Ды я цябе, гад, на вілы зараз падыму!

- Асадзі назад, мужык. Мы сур’ёзную справу робім, дзяржаўнае дзела, а ты тут сена нарыхтоўваеш. Па якому праву?

- Гэта мая зямля, бацькаўшчына наша, у мяне купчая ёсць, - Андрусь няведама што зрабіў бы ў гэты час, калі б не моцныя рукі Іванка.

- Можаш са сваёй купчаю ведаеш куды схадзіць, - на тлустым твары начальніка з’явілася ўсмешка пагарды і самазадаволення. - А за тое, што пабіў чалавека і што з віламі на мяне накінуўся, адкажаш.

- Ты адкажаш, ты стажкі спаліў, я не дарую, будзе і на цябе ўправа - закрычаў Андрусь.

- У цябе сведкаў няма. Можа маланка трапіла ў іх? Хто ведае, ад чаго яны згарэлі, - старшыня сеў у машыну і запусціў рухавік, - бач ты недабітак, зэк стары як раз’юшыўся!  Я цябе навучу ўладу паважаць, я ўсё пра цябе ведаю...

Старшыня з’ехаў. Андрусь павярнуўся да экскаватаршчыка:

- Прабач, Рыгор, што ўдарыў, што аблаяў цябе, ты ні ў чым не вінаваты.

- Ладна, Пятровіч, забудзем, - экскаватаршчык няёмка ўсміхнуўся.

- Паехалі, Іванка, тут сапраўды нам больш няма чаго рабіць, - бацька дакрануўся да сынавага пляча. Яны селі на воз і рушылі дадому.

Праз нейкі тыдзень Андруся павесткай выклікаў следчы. Андрусь вярнуўся з райцэнтра ўсхваляваны і нейкі ўзрушаны. Яшчэ з парога прамовіў: ”Хрысціна, Іванка! А ведаеце якое прозвішча ў следчага? Хузін. Можа сын, ці ўнук таго самага?”

А яшчэ праз тыдзень адбыўся суд і як вынік – агромністы штраф. Суддзя здзекліва паглядзеў на Андруся і запытаўся: “Ці вы згодны з рашэннем суда і ці не будзеце абскарджваць ягонае рашэнне?” Андрусь няспешна дастаў з кішэні люльку, патрымаў нейкі час у руках, паглядзеў на яе ўважліва, гэта неяк надало яму спакою і ўпэўненасці. Суддзя паўтарыў пытанне. “Не, не буду”, - адказаў Андрусь. У голасе была цвёрдасць. Ён ведаў, што можна адчуваць які заўгодна страх, але ён павінен быць прыхаваны глыбока ўнутры. Ніякай боязі і ні перад кім не варта паказваць. Калі пакажаш, то прыйдзе слабасць, згіне моц…

- Тата, ты куды збіраешся? – Іванка пабачыў, што бацька старанна зрэзаў брытвачкай металічныя гузікі са старой ватоўкі і запхаў яе ў вялізны заплечнік, той самы, з якім вярнуўся некалі ў родную хату.

- Ды так, ёсць адна справа, я хутка вярнуся, матулі скажаш, што пасля апоўначы буду.

- Што ты задумаў? Тата, я з табой.

- Не, сын, гэта не твая, гэта мая вышыня, і я яе вазьму.

Андрусь выйшаў у двор. Іван чуў бацькаў кашаль, бо той распаліў люльку седзячы на прызбе. Хоць кінуў гэтую звычку, але з люлькай расстацца не змог, так і насіў яе ў кішэні, быццам нейкі талісман ці абярэг. Іван чуў як бразнулі веснічкі і бацькавы крокі заціхлі ў цемры.

Ноччу Іван пачуў, як вярнуўся бацька. Андрусь не ўключаў святло, але ў бляску поўні, што заглядвала ў шыбы, Іван бачыў, як бацька кінуў пусты заплечнік на печ. Тата распрануўся і лёг у ложак.

У другой палове ночы хата асвяцілася нейкім святлом, хоць месяц даўно схаваўся. Іван паглядзеў у акно. Вялізнае зарыва на паўнеба.

- Тата, мабыць пажар недзе, ды які вялікі, мабыць нешта на тым канцы вёскі гарыць. А можа нешта на калгасным двары, там жа аборы калгасныя, сцірты?

Андрусь паглядзеў у акно, потым моўчкі накінуў на плечы пінжак паверх сподняга.

- Куды ты, тата? – Іванка не на жарт расхваляваўся.

- Выйду ў двор, зраблю зацяжак. Вось бяда! – Андрусь мацаў па кішэнях, але люлькі не знаходзіў. - Вось табе і вышыня, дурань стары, люльку недзе згубіў.

- Чаму не спіце, што здарылася, - падала голас Хрысціна. - Ой, што там, ці не пажар?

- Гарыць нешта, але далёка, ты не хвалюйся, - Іванка спрабаваў супакоіць матулю.

- Бяда, сынок, згубіў люльку. А калі там, а калі знойдуць? - шэптам прамовіў да сына Андрусь.

- Тата, я ўсё зразумеў яшчэ днём, калі пабачыў твае зборы. Татка, ты ўзяў сваю вышыню. Ты – лепшы. А люльку ты на прызбе пакінуў. Трымай!

Яны выйшлі ў двор, разам глядзелі на зарыва. Бацькава рука ляжала на плячы сына, сынава - на бацькавым. Ім было так добра быць разам, ніякія словы былі не патрэбны. А люльку Андрусь так і не распаліў.

 

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 24509