Паважаныя жыхары г. Лунінца і раёна! Умілаваныя браты і сёстры!
Божае Нараджэнне – нараджэнне немаўляці Езуса Хрыста ў Бэтлееме – гэта перадусім факт, гістарычная падзея. Але гэта падзея не засталася ў мінулым. Яна паўтараецца сёння зноў і зноў дзякуючы перамене жыцця ўсіх, хто згаджаецца яе прыняць. Спрадвечнае Слова, Божы Сын уцелавіўся, каб адшукаць чалавека, сваё тварэнне, якое заблукала ў цемры граху і смерці, каб вярнуць яго ў айцоўскі дом, дзе ён зможа знайсці спакой і суцяшэнне.
Святкаваць Божае Нараджэнне – гэта найперш азначае згадзіцца з тым, што Бог нас любіць, і самім ад усяго сэрца палюбіць братоў і сясцёр, прыняць Божае прабачэнне, каб ад усяго сэрца прабачаць нашым братам і сёстрам.
І вось, што мы можам зрабіць, каб гэтыя дні, прасякнутыя дзівосным святлом, не прайшлі дарэмна: у мітусні штодзённага жыцця як мага часцей трэба паўтараць словы, з якімі Дзіцятка Езус звяртаецца да кожнага з нас; “Я з табою, Я побач!”.
Сардэчна жадаю ўсім Вам, вашым родным і блізкім, вашым суседзям і супрацоўнікам, усім грамадзянам краіны і ўсім людзям на Зямлі, каб благаслаўленне ночы Божага Нараджэння ўвайшло ў нашыя дамы, напаўняючы іх радасцю ўзаемнай міласэрнай любові.
Хрыстус нарадзіўся! Слаўце Яго!
З найлепшымі
святочнымі пажаданнямі
Кс. Дзмітрый Кернога
Разам з парафіянамі парафіі
Святога Юзафа ў г. Лунінец
Святая Імша 24 снежня ў вігілію Свята Божага Нараджэння адбудзецца ў 22.00, 25 снежня ў Свята Божага Нараджэння - у 9.30.