Блоги

На 79-м прычале: агледзіны

Лісты ад сяброў і паплечнікаў заўсёды жаданыя.

Атрымаў чарговы ліст ад Сяргея Панізніка – славутага паэта і прыязнага чалавека. Некалі ён даў мне адну з трох рэкамендацый для таго, каб стаць чальцом Саюза беларускіх пісменнікаў. Для чаго? Адкажу словамі Сяргея Сцяпанавіча Панізніка: ”Каб з новай патрэбай жыць і шчыраму сэрцу парадзіць – самога сябе адкрыць веку, Радзіме, праўдзе”. 


Сяргей Панізнік /псеўданім Сяргей Папар/ нарадзіўся 10.05.1942 г. Друкуецца з 1959 года. У пісьменніцкім таварыстве з 1967 года. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, кніг для дзяцей, кніг дакументальнай прозы, укладальнік мноства зборнікаў, перакладчык. Вершы Сяргея Панізьніка, пакладзеныя на музыку, сталі песнямі.

Ягоныя лісты заўсёды суправаджаюцца жартаўлівымі рыфмамі. Вось цытата з апошняга допісу:

“На трэцяй планеце ад Сонца  ёсць наш Мацярык!  Ён дазорца

крыніцаў — да самага донца,  і кронаў, і Роднага Слоўца.

А кожны наш Творца — празорца, за Волю Айчыны прамоўца.

Вунь Беларусі аконца праменніца! Гляньце, суседзі,

не толькі на Аз, Букі, Ведзі: пазнаеце кнігі Скарыны

і Веды магутнай сябрыны на беларускай планеце.

Радзіма! Тут продкаў прыпас, тут Будучыні абаронцы, —

бо гнуткай Гісторыіі сказ прызнаў на статутнай старонцы:

— Даспелая Нацыя — ў гронцы. Букет паднясе Новы Час!

Сяргей Панізьнік на 79-м прычале. А для Вас — светлы Парнас, які абжывае Тарас...

Незабыўны Мікола! Новы Год круціць сваё вечнае кола. У кожная з нас — свая школа.  Вось такая мая справаздача атрымалася. Калі лавіць натхненне, можна займець і задавальненне. Сяргей,сын Сцяпана”.

А для вас, шаноўныя чытачы, колькі вершаў ад слыннага паэта. Атымайце асалоду!

 

         Доўгі дзень

Быў самы доўгі дзень.
Кароткая  фіранка
прымала на пастой  вячэрнюю зару.
Быў самы доўгі дзень.
Свяціўся ён ад ранку
праменнасцю густой ушыркі і ўгару.

Быў самы доўгі дзень.
І навісалі цені
чароўнаю дугой на словаў перазвон.
Быў самы доўгі дзень.
Самлелі летуценні,
а келіх са смугой скаціўся пад адхон.

Быў самы доўгі дзень.
І чэрвеня арэлі
адгушкалі красу узнёслае вясны.
Быў самы доўгі дзень,
які з табой сустрэлі.
Яго я панясу у ласкавыя сны.

Быў самы доўгі дзень
кароткае сустрэчы
для абнадзейных слоў, якія мы знайшлі.
Быў самы доўгі дзень.
Ён быў нібыта вечнасць…
А вечная любоў ёсць толькі на зямлі.
                                                                          /”А пісар земскі…”,1994/

    Радаводныя вытокі

Праз туманы чадзіла
маленства і мяне.
Няма “малой” радзімы
на Волце, на Дзьвіне.

І колькі ні хадзіў бы,
ні разграбаў бы дым,--
няма “малой”радзімы
на беразе крутым.

Не залаціны – льдзіны
ўпіваліся ў мой лёс.
Няма “малой” радзімы…
А што ж бацян прынёс?

Ня ціну на вудзільна
мне выветрыў з-пад  зор,--
вялікую Радзіму,
агромністы дазор.

На кузлачкі-паветы
шнуруецца зямля;
ўзрадзіліся паэты
з-пад дзіўнага камля.

Вытокі радаводаў
нязбытна нам люляць.
Хай у падкрылках годаў
радзімачкі баляць…

Запалены кадзільні
над спадчынай жытла.
Была малой радзіма,
а з намі – узрасла.

І стане абнадзейнай,
зямлёй не на пастой,--
Айчынай непадзельнай,
Вялікаю, Сьвятой!
                                              /”Пры сьвячэньні…”, 2004/

     Старты – ад парты

Уваходзьце ў светлы клас,
вы – не малалеткі.
Сто пісьменнікаў для вас
падарылі кветкі:
гэта вершы, абразкі,
байкі, небыліцы,
прыбабунек завіткі
хочуць падражніцца.

І лічылка знойдзе вас,
прымаўка пацешыць.
Хто закончыць мудры клас,--
сам напіша вершы,
дзе загадкі загучаць,
заклічкі, дражнілкі,
хітрыя бубнілкі,
перайначкі, жарты…

А хто будзе варты,
таго ў школе вывучаць
будуць, як і Маўра,
Вітку, Коласа, Гурло,
Куляшова і Буйло…
Першы з іх – Купала.
Класікаў нямала!
Стаў Скарына на крыло -
Беларусь
паўстала.
                                               /” Літары ў расе”, 2011/

 

На здымку: Вольга Іпатава, Сяргей Панізнік, Зоська Верас, Ала Чорная / БТ./, Уладзімір Содаль, Віталь Скалабан. Лясная хатка пад Вільняй, 28.09.1987 г.

    

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509