Самае прыцягальнае месца – замак на вадзе. Ён адзіны ва ўсёй Усходняй Еўропе. Яго гісторыя пачынаецца з XIV стагоддзя. Замак пабудаваны ў гатычным стылі. У цэнтры – княжацкі палац. Парадныя залы ўпрыгожаны вітражамі і фрэскамі. Тут цудоўная акустыка, таму рэгулярна праходзяць канцэрты камернай музыкі, а ў двары ставяцца спектаклі па гістарычнай тэматыцы.
Выклікае цікавасць касцёл З’явы Прасвятой Дзевы Марыі. Ён быў заснаваны ў 1409 годзе. Каштоўнасць уяўляе драўляны алтар, які ўпрыгожваюць шматлікія скульптуры. У алтары знаходзіцца цудатворная ікона Тракайская Божай Маці.
Непадалёку ад касцёла размясцілася царква Ражства Прасвятой Багародзіцы. Раней на гэтым месцы быў праваслаўны манастыр у гонар Ражства Багародзіцы, дзе 23 жніўня 1384 года прыняў святое хрышчэнне ў праваслаўе князь Вітаўтас (Вітаўт), які атрымаў хрысціянскае імя Аляксандр.
Больш за 600 гадоў пражываюць тут караімы – малая цюркская народнасць. Сюды іх прывёз з Крыма вялікі літоўскі князь Вітаўт пасля аднаго з паходаў. На вуліцы Караіму стаіць помнік архітэктуры караімаў – малельны дом. Але больш за ўсё славіцца караімская кухня – гэта непаўторны смак страў, якія прыгатаваны па народных рэцэптах.
У Тракаі шмат утульных куточкаў, дзе можна спакойна і карысна адпачыць.